ДАКЛА́ДНАСЦЬ,

ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.

Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл. Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл. Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.

Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.

т. 5, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,

раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз. астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.

Літ.:

Кузнецов А.Н. Геодезическая астрономия. М., 1966.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БНІК (Hydrocharis),

род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 2 вілы, пашыраныя ў Еўразіі. На Беларусі — Ж. звычайны, або жабіны (H. morsus-ranae). Нар. назва парэз. Расце ў азёрах, сажалках, старыцах. Разводзіцца ў акварыумах.

Шматгадовая расліна выш. 15—30 см, з белаватымі каранямі, укрытымі карычневымі валаскамі, свабодна плавае на паверхні вады. Сцябло з доўгімі міжвузеллямі. Лісце круглаватае з выразкай каля асновы, на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі белыя, з жоўтымі плямамі каля асновы пялёсткаў. на доўгіх кветаносах, песцікавыя адзіночныя, тычынкавыя па 2—4 у суквеццях. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод ягадападобны. Размнажаецца пераважна вегетатыўна. Зімуе ў выглядзе асобных пупышак, якія ўвосень апускаюцца на дно, а вясною ўсплываюць на паверхню вады. Лек. (супрацьзапаленчы, заспакаяльны, вяжучы сродак) расліна.

Жабнік звычайны.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРА́ДА (Colorado),

плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПдЗ ЗША. Абмежавана на У і ПнУ Скалістымі гарамі, на З хр. Сьера-Невада, на ПнЗ Вял. Басейнам, на Пд Мексіканскім нагор’ем. Пл. больш за 300 км². Выш. 1800—2500 м, асобныя хрыбты вышэй за 3000 м, астанцовыя і вулканічныя масівы да 3861 м (г. Хамфрыс-Пік). Складзена з дакембрыйскіх крышт. парод і магутнай палеазой-мезазойскай асадкавай тоўшчы, з якой звязаны буйнейшыя радовішчы урана-ванадыевых руд. У палеаген-неагенавы перыяд адбылося падняцце паверхні, якое суправаджалася актыўнымі тэктанічнымі і вулканічнымі працэсамі. Рэкі інтэнсіўна праразалі плато глыбокімі каньёнамі, у т. л. і р. Каларада (гл. Вялікі каньён). Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Ападкаў 200—500 мм за год. Стэпавая і пустынная расліннасць з сукулентамі.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),

бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.​Эрліхам і Ю.​Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),

салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс. км², найб. глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)