ГОРАЎТВАРЭ́ННЕ,
арагенез, сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.
А.А.Саламонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)