ГРОМ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел. нар. муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.К.Агінскі, М.Ельскі, В.Казлоўскі, А.Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці.
І.Дз.Назіна.
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБКО́ (Антоній) (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),
рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).
т. 7, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБРАГІ́МАЎ (Мірза Аждар аглы) (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.Анісковіч, П.Ізох, П.Кавалёў, А.Макаёнак.
Тв.:
Бел. пер. — Настане дзень. Мн., 1953.
т. 7, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МЕРМАН ((Immermann) Карл Лебрэхт) (24.4.1796, г. Магдэбург, Германія — 25.8.1840),
нямецкі тэатр. дзеяч, пісьменнік, драматург. Па адукацыі юрыст. У 1832 стварыў і ўзначаліў (да 1837) т-р у Дзюсельдорфе, дзе ставіліся т. зв. ўзорныя спектаклі па лепшых творах сусв. і нац. драматургіі. Імкнуўся стварыць акцёрскі ансамбль, рэжысёру адводзіў ролю ідэйна-маст. інтэрпрэтатара п’есы, аддаваў увагу афармленню, гуку, святлу, пастаноўцы масавых сцэн. Выступаў як паэт (зб. «Вершы», 1822) і драматург: драмы «Кардэніо і Цэлінда» (1826), «Трагедыя ў Ціролі» (1828), «Мерлін» (1830), драм. трылогія з рус. гісторыі «Аляксей» (1833). Аўтар раманаў «Эпігоны» (1836), «Мюнхгаўзен» (1838), даследаванняў пра т-р.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Георгій Ціханавіч) (н. 15.4.1918, в. Мацюшына Сцяна Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1950), праф. (1986). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1981). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1940), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, адначасова Усесаюзны завочны фін. ін-т (1950). У 1952—73 і 1978—86 у Ін-це эканомікі АН БССР (у 1952—64 дырэктар). У 1973—75 у Ін-це павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Навук. працы па праблемах таварна-грашовых і размеркавальных адносін пры сацыялізме. Дэп. Вярх. Савета БССР (1955—63).
т. 7, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Апанас Фёдаравіч) (15.12.1903, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1993),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Віцебскі каап. тэхнікум (1931), вышэйшыя пед. курсы ў Ленінградзе (1932). З 1926 на сав., каап. і парт. рабоце ў Барысаўскім р-не, Віцебску. У 1937—38 старшыня СНК БССР. У 1939 арыштаваны, у 1941 сасланы ў Омскую вобл. Рэабілітаваны ў 1943. Працаваў у сістэме кааперацыі ў Омскай вобл., Малдаўскай ССР. У 1947—60 нам. старшыні Белкаапсаюза. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, Вярх. Савета СССР у 1937—46. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—39. Аўтар успамінаў «Звон мой — праўда» (1989).
т. 7, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКАТРО́НІС ((Kolokotronēs) Тэадорас) (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),
дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЭ́К-ХАН, Мірза Кучэк-хан (1880/81, г. Рэшт, Іран — ліст. 1921),
іранскі паліт. дзеяч. Меў рэліг. адукацыю. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1905—11. У 1-ю сусв. вайну кіраўнік руху партызан-джэнгелійцаў супраць брыт. і рас. войск. Вясной 1918 заключыў пагадненне з брыт. камандаваннем і згадзіўся прапусціць брыт. войскі ў Баку. У 1920 уступіў у саюз з іранскімі камуністамі, узначальваў урад (май—ліп. 1920) і Рэв. к-т (з мая 1921) Гілянскай рэспублікі. 29.9.1921 здзейсніў пераварот, знішчыў б.ч. кіраўніцтва Гілянскага абкома Іранскай кампартыі. Атрады К.-х. разгромлены шахскімі войскамі, а сам ён загінуў.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМА́НСКІ (Уладзімір Іванавіч) (8.7.1833, С.-Пецярбург — 2.12.1914),
расійскі гісторык, славіст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Д-р гіст. н. (1871). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854), у 1865—99 дац., праф. у ім. Вучань І.І.Сразнеўскага. Актыўны дзеяч этнагр. аддзялення рускага геагр. т-ва, рэдактар (з 1890) яго час. «Живая старина». У 1875—78 адзін з лідэраў слав. руху ў Расіі. З пазіцый панславізму вывучаў гісторыю, філалогію і этнаграфію славян. Аўтар прац «Вывучэнне славянства і руская народная самасвядомасць» (1867), «Аб гістарычным вывучэнні грэка-славянскага свету ў Еўропе» (1871), «Славянскае жыціе святога Кірылы...» (1903—04) і інш.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФА́РГ ((Lafargue) Поль) (15.1.1842, г. Сант’яга-дэ-Куба, Куба — 25.11.1911),
дзеяч французскага і міжнар. сацыяліст. руху. Па адукацыі медык. У 1866—68 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі, член Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. З 1871 у Іспаніі, у 1872—82 у Лондане. З канца 1870-х г. паплечнік Ж.Геда. Адзін з заснавальнікаў франц. Рабочай партыі (1879) і Інтэрнацыянала 2-га (1889). У 1891—93 дэп. парламента Францыі. Выдаваў на франц. мове творы К.Маркса і Ф.Энгельса і папулярызаваў іх ідэі ва ўласных творах. Аўтар прац па рэлігія-, літаратура-, мовазнаўстве. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус. пер. — Воспоминания о Марксе. М., 1967.
т. 9, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)