ВАЕ́ННАЯ АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (ВАІ),

орган Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь, на які ўскладзены правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-трансп. здарэнняў з вайсковым аўтамаб. транспартам, кантроль за дысцыплінай ваенных вадзіцеляў, выкананнем імі правіл руху і эксплуатацыі машын у гарнізонах і на дарогах, якія прылягаюць да іх. ВАІ ствараюцца ў гарнізонах, пры ўпраўленнях аб’яднанняў, а таксама на перыяд вучэнняў войск; забяспечваюцца трансп. сродкамі, сродкамі сувязі і сігналізацыі, маюць вызначаныя адметныя знакі.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

1) вышэйшы цэнтральны орган ваен. кіравання ў Расіі ў 18 ст. Створана ў 1717—20 замест ваен. прыказаў з мэтаю цэнтралізацыі ваен. кіравання. У 1802—12 рэарганізавана ў ваен. мін-ва.

2) Орган Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе нагляд за судовай дзейнасцю ваен. судоў і разглядае аднесеныя да яе вядзення крымін. справы. Ваенная калегія існуе ў складзе Вярх. суда Расіі і ў інш. краінах СНД.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ АБАРО́НЦА,

прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМО́ВІЧ (Гарольд Іванавіч) (н. 4.9.1938, Мінск),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961). У 1961—71 працаваў у органах унутр. спраў. З 1971 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ сістэмы МУС. З 1990 нач. кафедры крыміналістыкі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы крыміналістыкі. Аўтар прац «Асновы крыміналістычнай тэхнікі» (1981), па тактыцы выкарыстання спец. ведаў у раскрыцці і расследаванні злачынстваў, адзін з аўтараў дапаможніка «Крыміналістыка» (1996).

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́Р (Мота Ізраілевіч) (15.7.1909, в. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.11.1939),

яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на ідыш. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Друкаваўся з 1930. У кнігах апавяданняў, аповесцей і нарысаў «На рыштаваннях» (1934), «Савецкая Беларусь» (1935), «Будаўнікі» (1936), «Браты» (1937), «Верныя вартавыя» (1938), «Наша зямля» (1939) адлюстраваў падзеі грамадз. вайны, сацыяліст. пераўтварэнні ў краіне. Яго творы выключна лірычныя, у іх паэтызацыя палескага краю.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні Мн., 1940.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНА́ЦЬЕЎ (Рудольф Веньямінавіч) (н. 8.9.1941, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія),

бел. кларнетыст. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1967 артыст, з 1976 саліст (1-ы кларнетыст) Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. Выконвае сола для кларнета ў творах класікаў і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага, Я.​Цікоцкага і інш.). У 1972—80 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, прадметам рэгулявання якой з’яўляюцца прынцыпы арганізацыі і парадак дзейнасці дзярж. інстытутаў, прававы статус грамадзян і іх узаемаадносіны з дзяржавай. К.п. рэгламентуе форму дзярж. ладу, вызначае сістэму, парадак стварэння, кампетэнцыю і прынцыпы дзейнасці дзярж. органаў. Гал. крыніцай К.п. з’яўляецца канстытуцыя, а таксама прававыя акты, якія змяшчаюць нормы дзярж.-прававога характару. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах для абазначэння гэтай галіны права выкарыстоўваецца тэрмін дзяржаўнае права.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)