у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),
інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 ммі г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.
Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКО́ (Васіль Пятровіч) (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЫШЭ́ЙШЫ ЛЁТНА-ТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1974 як Мінскае авіяц.-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі. З 1991 каледж. З 1994 Мінскі дзярж. авіяцыйны каледж. З 1995 сучасная назва. Рыхтуе спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыяй: інжынераў і дыспетчараў па кіраванні рухам на паветр. транспарце, інжынераў-механікаў, інжынераў-электрамеханікаў, радыёінжынераў, авіяц. тэхнікаў-электрыкаў, радыётэхнікаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): арганізацыя руху і кіраванне на транспарце; тэхн. эксплуатацыя лятальных апаратаў і рухавікоў, авіяц. прыбораў, сістэм і комплексаў, авіяц. радыёабсталявання, авіяц. электрыфікаваных і пілатажна-навігацыйных комплексаў; выліч. машыны, сістэмы і сеткі; кіраванне рухам на паветр. транспарце і інш. Прымаюцца асобы з.сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́КА (Mucke, Muka) Арнашт (10.3.1854, г. Угіст, Германія — 10.10.1932), лужыцкі мовазнавец-славіст, культ. і грамадскі дзеяч. Чл. Пецярбургскай АН, АН у Празе, Заграбе і інш.З 1870-х г. адзін з лідэраў серба-лужыцкага нац.-культ. руху, належаў да групы «младасербаў». З 1882 заснавальнік і рэдактар літ.-грамадскага час. «Lužica» («Лужыца»), з 1894 — рэдактар навук. «Časopis Mačicy Serbskeje» («Часопіса Маціцы Сербскай»), Асн. працы ў галіне мовазнаўства, краязнаўства, дэмаграфіі, літзнаўства, гісторыі, фалькларыстыкі лужыцкіх сербаў, у т. л. «Статыстыка лужыцкіх сербаў» (1884—86), «Параўнальная і гістарычная фанетыка і марфалогія ніжнелужыцкай мовы» (1891), «Слоўнік ніжнелужыцкай мовы і яе дыялектаў» (т. 1—3, 1911—28). Выдавец «Тэатральнай лужыцкай бібліяТЭЧКІ» (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́КАРЖАЎСКІ ((Mukařovský) Ян) (11.11.1891, г. Пісек, Чэхія — 8.2.1975),
чэшскі эстэтык, літ.-знавец; заснавальнік чэшскай структуралісцкай эстэт. школы. Акад. Чэхаславацкай АН (з 1952). Скончыў Пражскі ун-т. З 1938 праф., у 1948—53 рэктар Карлава ун-та ў Празе, праф. ун-та Каменскага ў Браціславе. У 1951—62 кіраўнік Ін-та чэшскай л-ры. Аўтар прац па агульнай тэорыі мастацтва, л-ры, паэтыцы кіно, т-ра, жывапісу: «Эцюды з эстэтыкі» (1966), «Шляхамі паэтыкі і эстэтыкі» (1971), «Эцюды з паэтыкі» (выд. 1982) і інш. Даследаваў стылістыку творчасці чэшскіх пісьменнікаў. Узначальваў акад. выданне «Гісторыя чэшскай літаратуры» (т. 1—3, 1959—61).
Тв.:
Рус.пер. — Исследования по эстетике и теории искусства. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫСЛІВЕ́Ц (Валянцін Цімафеевіч) (9.5. 1937, в. Хазянінкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1993),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на з-дзе ў Мінску (1959—64). З 1967 на Бел. радыё і тэлебачанні, у час. «Полымя», Бел. фондзе культуры і інш. Друкаваўся з 1962. Аўтар дакумент. аповесцей, нарысаў, апавяданняў: зб-кі «Дубы не маўчаць» (1967), «Мае заводчыкі» (1969), «Гарачая сталь» (1971), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Каханне на золку» (1986), «Выгнанне грэшнікаў» (1990) і інш., у якіх узнімае праблемы развіцця горада і вёскі, тэму экалогіі асэнсоўвае як комплекс вытворчых і маральна-этычных праблем па захаванні і ўзбагачэнні нац. духоўнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШКІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 12.5.1948, г. Іванава, Расія),
бел. вучоны ў галіне трыбатэхнікі. Д-ртэхн.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Іванаўскі энергет.ін-т (1971). З 1977 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі (з 1992 заг. аддзела). Навук. працы па механіцы і фізіцы кантакту, тэхн. дыягностыцы зношвання вузлоў трэння машын. Стварыў новы клас дыягнастычных прыбораў — оптыка-магн. дэтэктары часцінак зносу канстр. матэрыялаў у сістэмах змазкі.
Тв.:
Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.У.Белым, Г.Дз.Карпенкам);
Магнитные жидкости в машиностроении. М., 1993 (разам з Дз.В.Арловым, Ю.А.Міхалёвым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),
бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),
бел.дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав.з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал.ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.