КАНВЕ́КЦЫЯ (ад лац. convectio прынясенне, дастаўка),
1) у атмасферы — падыманне больш нагрэтых ад зямной паверхні і менш шчыльных мас паветра з адначасовым апусканнем халаднейшых і больш шчыльных мас. Скорасць пад’ёму паветра звычайна некалькі метраў у секунду, зрэдку да 20—30 м/с і больш. Узнікае пры значным праграванні паветра ад падысподняй паверхні, пры адвекцыі халоднага паветра, хуткім яго ахалоджванні ноччу над цёплай паверхняй мора. Выклікае ўтварэнне канвекцыйных воблакаў і ападкаў.
2) У акіяне — вертыкальныя рухі валы, выкліканыя зменамі іх шчыльнасці, якая залежыць ад змены т-ры або салёнасці. Прыводзіць да перамешвання вады, абагачэння кіслародам ніжніх слаёў і пажыўнымі солямі вышэйляжачых. У перыяд асенне-зімовага ахаладжэння вод К. распаўсюджваецца на вял. глыбіні, а ў некат. субтрапічных і трапічных морах з вял. салёнасцю вады — да дна (Міжземнае м., Чырвонае м., Персідскі заліў).
3) У геалогіі — павольная цыркуляцыя неаднародных паводле тэмпературы, складу і вязкасці мас у мантыі Зямлі. Скорасць цыркуляцыі перыядычна мяняецца праз геалагічна значныя прамежкі часу. Канвектыўныя патокі мантыі ўплываюць на тэктанічныя рухі, разломаўтварэнне і размеркаванне рудаўтваральных раствораў у зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ШЫН (Кірыла Пятровіч) (6.3.1914, Масква — 7.3.1981),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936, клас Б.Хайкіна), у 1950—53 і 1972—78 выкладаў у ёй (праф. з 1976). У 1937—41 у Ленінградскім Малым оперным т-ры, у 1943—56 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1960—75 гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1978 у Нідэрландах. Пад ягомуз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Дзяўчына з Захаду» (1938) і «Чыо-Чыо-сан» (1939) Дж.Пучыні, «Пампадуры» А.Пашчанкі (1940). Удзельнічаў у пастаноўках опер «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1943, 1953), «Бэла» А.Аляксандрава (1945), «Варожая сіла» А.Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (1948), «Галька» С.Манюшкі (1949). Як сімф. дырыжор выканаў многія творы рус. і зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. Шастаковіча, А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш. Аўтар кн. «Аб дырыжорскім мастацтве» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1969. З 1984 у Амстэрдаме праводзіцца Міжнар. конкурс маладых дырыжораў імя К.
Літ.:
Ражников В. Кирилл Кондрашин рассказывает о музыке и жизни. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),
канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЦКІ (Францішак Казіміравіч) (14.5.1907, фальварак Каладзянка, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 1988),
бел. і польскі паэт, журналіст. З 1925 чл. Незалежнай сял. партыі. З 1926 чл.КПЗБ, з 1928 чл. Пастаўскага падп. райкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць быў зняволены на 7 гадоў. У 1936 вызвалены, да 1938 у падп. Краёвым сакратарыяце ЦККПЗБ. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з польск. патрыят. рухам, з 1943 у падполлі ў акупіраванай Варшаве. Пасля вайны арыштаваны па лжывым абвінавачванні, 5 гадоў быў у зняволенні ў СССР. Рэабілітаваны. З 1952 у віленскай польскамоўнай газ. «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»). З 1957 у Польшчы. Пісаў вершы на бел. і польскай мовах. Некат. з іх, напісаныя ў 1927, сталі рэв. песнямі («Мы ішлі ў цяжкім змаганні», «Стары год пражыўшы, жывём новы год» і інш.); ананімна апубл. ў зб. «Сцягі і паходні» (1965).
Тв.:
Памятные годы // Люди Нарочанского края. Мн., 1975, Важная пляцоўка // Бел. каляндар. Беласток, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЕЎ (Кара Абульфаз аглы) (5.2.1918, Баку — 13.5.1982),
азербайджанскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1959). Акад.АН Азербайджана (1959). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946, клас Дз.Шастаковіча). З 1946 выкладаў у Азерб. кансерваторыі (у 1950—53 рэктар, з 1959 праф.). Глыбокае веданне азерб. фальклору, майстэрства кампазіцыі абумовілі самабытны і ярка сучасны муз. стыль К. Сусв. вядомасць набылі яго балеты «Сем прыгажунь» (паст. 1952), «Сцежкаю грому» (паст. 1958; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — 1960), сімф. паэма «Лейлі і Меджнун» (1947), сімф. гравюры «Дон Кіхот» (1960), 3 сімфоніі (1943—65), канцэрт для скрыпкі з аркестрам (1967). Адна з творчых вяршынь К. — мюзікл «Нястрымны гасконец» (паст. 1978). Сярод інш. твораў: оперы «Радзіма» (з Дж.Гаджыевым, паст. 1945), «Пяшчотнасць» (1972); камерна-інстр. ансамблі; 24 прэлюдыі для фп. (1951—63), 12 фуг (1981); рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, Дзярж. прэмія Азербайджана 1965, Ленінская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РБЫШАЎ (Дзмітрый Міхайлавіч) (26.10.1880, г. Омск, Расія — 18.2.1945),
расійскі і сав.ваен. дзеяч. Ген.-лейт.інж. войск (1940). Праф. (1938), д-рваен.н. (1941). Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Сібірскі кадэцкі корпус у Омску (1898), Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію (1911). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1911—14 кіраваў рэканструкцыяй Брэсцкай крэпасці. У 1-ю сусв. вайну ва ўпраўленні начальніка інж. войск 11-й і 8-й армій. Са снеж. 1917 атрадны інжынер Чырв. гвардыі. У грамадз. вайну інжынер Калегіі па інж. абароне, удзельнік буд-ва шэрагу ўмацаваных раёнаў і інш. У 1923—26 старшыня інж.к-таГал. ваенна-інж. ўпраўлення РСЧА і старшыня Ваенна-тэхн. к-таРСЧА. З 1926 выкладаў у Ваен. акадэміях імя Фрунзе і Генштаба. У Вял.Айч. вайну 8.7.1941 цяжка кантужаны ў баях каля Магілёва трапіў у палон. Закатаваны ў канцлагеры Маўтгаўзен (Аўстрыя). Аўтар больш як 100 прац па ваен.-інж. справе і ваен. гісторыі. У Гродне яму пастаўлены помнік. Яго імем названа малая планета Карбышаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),
украінскі драматург.Герой Сац. Працы (1967). Акад.АН Украіны (1939). Акад.АНСССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТА,
заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.
На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.
М.З.Ягоўдзік.
С.Г.Кароль.У.А.Кароль.Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;