форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),
імя правіцеляў-тыранаў (гл.Тыранія) стараж.-грэч.Сіракузаў.
Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ.цэнтр. Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.
Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд. Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.
Літ.:
Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЭТНІЗА́ЦЫЯ,
страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове і побыце этнасу; згортванне або выцясненне нац. форм грамадскага жыцця. З’яўляецца вынікам змяненняў, якія адбываюцца ў ходзе этнічных працэсаў, укаранення або добраахвотнага засваення адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет другога народа. Гіст. прыклады Д. — пашырэнне грэч. культуры на краіны Усх. Міжземнамор’я ў эпоху элінізму, насаджэнне Рымам сваіх законаў і звычаяў на падуладных тэрыторыях Зах., Паўд.-Усх. Еўропы і М.Азіі, асіміляцыя немцамі зах.-слав. плямён у бас. Эльбы і Одэра ў 10—12 ст.; слав. каланізацыя і асіміляцыя балцкага насельніцтва ў 6—8 ст., польскае культ.-моўнае ўздзеянне на бел. этнас у Рэчы Паспалітай і рускае — у Рас. імперыі і СССР. Суправаджаецца ўпадкам нац. культуры, дэфармацыямі менталітэту, самасвядомасці нацыі, аслабленнем механізмаў яе самазахавання як самаст. этнасу. У гэтым сэнсе Д. азначае адмаўленне ад нац. моў і культур, традыцый, звычаяў і нац. самабытнасці ў цэлым. Д. нельга атаясамліваць з аб’ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі, які мае на мэце не адмову ад нацыянальнага, а яго захаванне і развіццё, уздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял.кн.Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛСвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
французскі пісьменнік. Дэбютаваў паэт. «Сшыткамі Андрэ Вальтэра» (1891) і «Вершамі Андрэ Вальтэра» (1892), напісанымі пад уплывам сімвалізму. Апошні стаў вызначальным у аповесцях «Падарожжа Урыяна» і «Вопыт кахання» (абедзве 1893) і асабліва ў тэарэт. «Трактаце пра Нарцыса» (1891). Сталыя проза. і драматургія Ж. адметныя вострай крытыкай маральных асноў і інстытутаў бурж. грамадства, асабліва сям’і і царквы, распрацоўкай новых сюжэтных прыёмаў, уплывам паэтыкі саці — сярэдневяковага фарса; кніга лірычнай прозы «Ежа зямная» (1897), сатыр. аповесць «Кепска прыкаваны Праметэй» (1899) і аповесць «Імараліст» (1902). Вядомасць яму прынеслі раман «Цесная брама» (1909) і аповесць «Ізабель» (1911), у якіх распрацоўваецца тэма барацьбы асобы за права на самавыражэнне. Аўтар рамана «Падзямеллі Ватыкана» (1914) і аповесці «Пастаральная сімфонія» (1919), аб’яднаных рэзкай антыклерыкальнай накіраванасцю, рамана «Фальшываманетчыкі» (1926). Стылістычнай дасканаласцю вылучаецца яго драматургія («Цар Кандаўл», 1901, «Саул», 1903, «Эдып», 1931), «Дзённікі» (т. 1—3, 1939—50), эсеістыка. Нобелеўская прэмія 1947.
Тв.: Рус.пер. — Фальшивомонетчики; Тесные врата. М., 1991; Избр. произв.М., 1993; Избранное. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),
бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).
Літ.:
Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;
Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,
помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, ягокульт. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.