ІВА́НАЎ (Андрэй Іванавіч) (1776, Масква—24.7.1848),

рускі жывапісец. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1782—97), выкладаў у ёй (з 1803 акадэмік, з 1812 праф.). Сярод вучняў яго сын А.А.Іванаў і К.П.Брулоў. У карцінах на гіст. тэмы падкрэсліваў ідэі патрыятызму і грамадз. подзвігу з уласцівымі акадэмізму тэатр. трактоўкай і антычнымі матывамі: «Смерць Пелапіда» (1800-я г.), «Подзвіг маладога кіяўляніна» (каля 1810), «Адзінаборства Мсціслава Удалога з Радзедзею» (каля 1812). Майстар акад. малюнка.

Літ.:

Коровкевич С.А. И.​Иванов. М., 1972.

В.​Я.​Буйвал.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУ́МНАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (1.5.1873, г. Лебядзянь Ліпецкай вобл., Расія — 24.3.1948),

рускі піяніст, педагог; стваральнік адной з сусветна вядомых школ піянізму. Нар. арт. СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1894, клас П.​Пабста), выкладаў у ёй (праф. з 1899, у 1924—29 рэктар). Канцэртаваў з 1895. У рэпертуары творы рус. і замежных кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Тонкі інтэрпрэтатар фп. твораў П.​Чайкоўскага. Сярод вучняў: А.Бабаджанян, Л.Аборын, Я.Фліер. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Мильштейн Я.И. К.​Н.​Игумнов. М., 1975.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМА́ЙЛАВА (Людміла Канстанцінаўна) (н. 16.6.1931, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыла Бел. тэатр. маст. ін-т (1960). Выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў у Мінску (з 1963). Сярод твораў партрэты (медсястры Абакумавай, 1961; калгасніцы Г.​Гулевіч з сынам, 1973; снайпера Іванушкіна, 1975; брыгадзіра П.​Краско, 1978), карціны («Узоры», 1967; «Юныя спартсменкі» і «Гаспадыня саду», абедзве 1980; «Вяселле», 1982), пейзажы («Пасля дажджу», 1977; «Марскія пейзажы», 1980; «Возера Нарач», 1982; «Лепельскае возера», 1995), нацюрморты («Восеньскі нацюрморт», 1988).

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Ізмайлава. Гаспадыня саду. 1980.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1858—63 у Пецярбургу на рус. мове штотыднёва. Меў падзагаловак «Всемирное обозрение». Змяшчаў матэрыялы грамадска-паліт. тэматыкі, літ. творы. Пастаянным супрацоўнікам «И.» быў бел. пісьменнік і этнограф П.М.Шпілеўскі, які вёў у гэтым выданні рубрыку «Дзённік знаёмага чалавека» (1858—61). Сярод яго матэрыялаў пра Беларусь «Заходнярускія нарысы» (1858—59), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).

Літ.:

Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.

С.​А.​Кузняева.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́РАВА (Лютфія Рашыджанаўна) (н. 7.12.1932, г. Самарканд, Узбекістан),

таджыкская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—83 салістка Тадж. т-ра оперы і балета (г. Душанбе). Сярод партый у нац. операх — Нісо («Бахціёр і Нісо» С.​Баласаняна), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.​Сайфіддзінава), у класічных — Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Дэздэмона, Аіда («Атэла», «Аіда» Дж.​Вердзі), Бес («Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна), у аперэтах — Сільва («Сільва» І.​Кальмана), Чана («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна).

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.​Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.​Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.​Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.​Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.​Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНЦ ((Kainz) Іозеф) (2.1.1858, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя —20.9.1910),

аўстрыйскі акцёр. На сцэне з 1875. У 1883—89 у Нямецкім т-ры ў Берліне, у 1899—19 10 у «Бургтэатры» ў Вене. Творчасці ўласцівы тонкі псіхалагічны аналіз, эмацыянальная адухоўленасць, вытанчаная пластыка, паэтычнасць. Вядомы як выканаўца роляў маладых герояў (трагедыі «Каварства і любоў», «Дон Карлас» Ф.​Шылера, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), камед. і сатырычных («Тарцюф» Мальера і інш.). Сярод лепшых роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена), Іаганес («Адзінокія» Г.​Гаўптмана).

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),

старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ СКАРБ.

Знойдзены ў 1961 у г. Калінкавічы. Ухаваны ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У тканіне было загорнута больш за 2,5 тыс. манет, сярод якіх некалькі сярэбраных паўтаракаў Рэчы Паспалітай і герцагства Прусіі 1620-х г., медныя соліды Рэчы Паспалітай. Захавалася 2051 медная манета, у т. л. 78 фальшывых (падробкі солідаў ВКЛ і Каралеўства Польскага). Адна з найб. знаходак медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захоўваецца ў Мазырскім краязнаўчым музеі, 513 манет скарбу перададзены ў музей мясц. школы.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)