гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́ЖАННЕ,
аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта с (здабытку). Абазначаецца c = a x b=a∙b=ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.
Мае розны канкрэтны сэнс ў залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік с, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку z = r (cosφ+ і sinφ) адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Маенавук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),
электранейтральная элементарная часціца са спінам 1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.
Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; маемагн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Германіі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, адна з афіц. моў Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга. Мае 3 групы дыялектаў (ніжненям., сярэдненям. і паўд.-ням.), кожная з якіх падзяляецца на зах. і ўсх. падгрупы. У фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, дыфтонгаў, адсутнасць проціпастаўлення зычных па цвёрдасці — мяккасці, дынамічны нефіксаваны націск. У марфалогіі — сінтэтычны і аналітычны спосабы перадачы граматычных катэгорый. У сінтаксісе — пераважна дзеяслоўны тып сказа, месца асабовай формы дзеяслова фіксаванае. Развітая сістэма сродкаў словаўтварэння; шырока ўжываецца словаскладанне. Сучасная ням.літ. мова Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі мае некаторыя нарматыўныя адрозненні, пераважна ў лексіцы і вымаўленні. Разыходжанні ў вусным маўленні паміж варыянтамі Н.м. больш значныя. Пісьменства з 8 ст. на аснове лац. графікі.
Літ.:
Жирмунский В.М. История немецкого языка. 5 изд. М., 1965;
Глушак Т.С. Функциональная стилистика немецкого языка. Мн., 1981;
Копанев П.И., Беер Ф. Теория и практика письменного перевода. Ч. 1. Перевод с немецкого языка на русский. Мн., 1986;
Копанев П.И., Хильтов Н.Г. Учебник немецкого языка: Деловое общение. Ч. 1—2. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),
сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).
Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),
аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл.Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл.Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.
Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),
Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн. 80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае 75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,410′6% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.Я.Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).
С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТЫКІ ІНСТЫТУ́Т ПО́ЛЬСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К (Instytut Slawistyki PAN). Створаны ў 1954 у Варшаве як Ін-т славяназнаўства Польскай АН на базе Мовазнаўчай камісіі Акадэміі ведаў. З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: гісторыя славянства і літ.слав. моў, развіццё слав. гаворак. Мае аддзелы: беларусістыкі, русістыкі, украіністыкі, чэшскай і славацкай, праслав. моў, слав. анамастыкі, агульнай славістыкі, слав. л-р і інш. Разам з К-там мовазнаўства выдае квартальнік «Slavia Orientalis», штогоднікі «Rocznik Slawistyczny» («Славяназнаўчы штогоднік»), «Studia z Filologii Polskiej i Słowianskej» («Даследаванні з філалогіі польскай і славянскай»), «Pamętnik Słowiański» («Славянскія нататкі»), «Biuletyn Slawistyczny» («Славяназнаўчы бюлетэнь») і інш.Мае філіялы ў Кракаве, Познані, Гданьску. Сумесна з Інтам мовазнаўства АН Беларусі ў 1960-я г. праводзіў даследаванні польскіх рэгіянальных гаворак на Палессі, сімпозіумы па бел.-балта-слав. ізалексах. Да 1986 і з 1992 сумесна апрацоўваецца славістычная бібліяграфія, якая выдаецца ін-там. Выдадзены «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй М.Бірылы і А.Абрэмбскай-Яблонскай (1962), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.Аксамітава і М.Чурак (2000), кн. «Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія)» (1998).