шостая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай є («есть»), утворанай на аснове візант. ε («эпсілон»). У старабел. пісьменстве мела варыянты , є, ε (дапамагаюць палеографам вызначыць, калі напісаны помнік) і лічбавае значэнне 5. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны «э» пярэдняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («глеба — гл’эба»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «э»): «ежа» («йэжа»), «свае» («свайэ»), «саўе» («саўйэ»), «лье» («л’йэ»), «аб’езд» («аб’йэзд»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОСТ,
сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.
Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНДЗЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1903,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Македоніі супраць тур. панавання. Пачалося 2.8.1903 на Ільін дзень (адсюль назва). Ахапіла пераважна паўд.-зах. Македонію, у інш. раёнах дзейнічалі партыз. атрады. Паўстанцы, у асноўным сяляне, захапілі шэраг населеных пунктаў, 4 жн. — г. Крушава і абвясцілі рэспубліку. 19 жн., калі паўстанне пайшло на спад, ва ўсх. Фракіі ўспыхнула т.зв. Праабражэнскае паўстанне балгар, якія таксама абвясцілі рэспубліку ў г. Малка-Тырнава. У вер. 200-тысячная тур. армія жорстка задушыла паўстанне, тысячы паўстанцаў загінулі ў баях, расстраляны, 30 тыс. эмігрыравала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГРЭДЫЕ́НТЫў біялогіі,
віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНАСЦЬ [ад лац. iners (inertis) бяздзейны, нерухомы],
інерцыя ў механіцы, уласцівасць матэрыяльных цел захоўваць стан раўнамернага і прамалінейнага руху ці спакою адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, калі знешнія ўздзеянні на цела (сілы) адсутнічаюць ці ўзаемна ўраўнаважаныя. Пры дзеянні на цела неўраўнаважанай сістэмы сіл І. выяўляецца ў тым, што змена стану спакою або руху цела (змена скорасцей яго пунктаў) адбываецца паступова, а не імгненна. Пры гэтым стан цела змяняецца тым павольней, чым большая яго І. Мерай І. цела з’яўляецца інертная маса. Гл. таксама Ньютана законы механікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,
нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 104 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЕ́ДЗІЦА,
старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н VII,
(Kōnstantinos) Багранародны, Парфірародны (Porphyrogennētos; вер. 905, г. Канстанцінопаль — ліст. 959), імператар Візантыі [913—959]. З Македонскай дынастыі. Самастойна правіў з 945 (раней уладу ўзурпіраваў Раман I Лакапін). Узмацніў цэнтралізацыю дзяржавы, вёў наступальныя войны. У творы «Аб цырымоніях візантыйскага двара» змясціў звесткі пра прыезд у Канстанцінопаль кіеўскай княгіні Вольгі, калі яна прыняла хрысціянства. У кн. «Аб кіраванні імперыяй» даў апісанне Русі сярэдзіны 10 ст., упершыню згадаў крывічоў (крывітэінаў) і дрыгавічоў (другувітаў).
Тв.:
06 управлении империей: Текст, перевод, коммент. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНХО́ІДА (ад грэч. konchoeidēs падобны на ракавіну) лініі, плоская крывая, якая атрымліваецца пры павелічэнні ці памяншэнні даўжыні радыус-вектара кожнага пункта дадзенай лініі L на пастаянны адрэзак d. Калі ўраўненне лініі ў палярных каардынатах ρ=f|φ|, то ўраўненне яе К. мае выгляд ρ=f|φ| ± d. К. прамой наз. К. Нікамеда; яна складаецца з дзвюх галін, яе форма залежыць ад суадносін паміж параметрамі d і l, дзе l — адлегласць ад прамой да пачатку каардынат. К. акружнасці, што праходзіць праз пачатак каардынат, з’яўляецца Паскаля завітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКІў астраноміі,
зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (108—109кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.