ЭРЫЎГЕ́НА, Іаан Скот Эрыўгена (Johannes Scotus Eriugena), Іеругена (Jerugena),

Эрыгена (Erigena; каля 810 — каля 877), сярэдневяковы філосаф, прадстаўнік рэалізму. Паводле паходжання ірландзец, у 835—840 пераехаў у Францыю, знаходзіўся пры двары Карла Лысага і займаўся перакладамі з грэч. на лац. мову твораў Псеўда-Арэапагіта, Максіма Спавядальніка і інш., а таксама іх тлумачэннем. Яго светапогляд засн. на платанізме і неаплатанізме. Лічыў, што Бог стварае і прадвызначае толькі дабро, грэх жа — адыход чалавека ад Бога; індывіду дадзена не толькі свабода волі, але і асабістая адказнасць, якой трэба кіравацца («Аб боскім прадвызначэнні», 851). Аб’ядноўваў Бога і свет у адзіным паняцці «існага» («прыроды»). На яго думку, у сваім развіцці прырода паслядоўна праходзіць 4 ступені. Яна выступае як стваральная і няствораная (Бог); як створаная і стваральная (сын Бога, логас, боскі розум); як створаная і нестваральная (свет рэчаў); як няствораная і нестваральная (Бог як мэта сусв. працэсу). Адстойваў прымат розуму над аўтарытэтам Свяшчэннага Пісання. Пры высвятленні анталагічнага статусу агульных паняццяў зыходзіў з таго, што універсаліі існуюць рэальна ў індывідууме. Як адзін з заснавальнікаў рэалізму Э. вядомы на Беларусі з канца 17 — пач. 18 ст., калі ў бел. філас. думцы знайшла адлюстраванне барацьба наміналізму (К.​Вяжбіцкі) з рэалізмам (В.Тылкоўскі).

Тв.:

Рус. пер. — О божественном предопределении (фрагменты) // Знание за пределами науки. М., 1996.

Літ.:

Бриллиантов А.И. Влияние восточного богословия на западное в произведениях Иоанна Скота Эриугены. М., 1998.

Т.​І.​Адула.

т. 18, кн. 1, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕЎРАЛІ́Т (ад алеўрыт + ...літ),

сцэментаваная асадкавая горная парода, складзеная больш як на 50% з часцінак алеўрытавых памераў (0,01—0,1 мм, гл. Алеўрыт). Адзін з асн. тыпаў парод асадкавай тоўшчы. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту і керамзіту.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

адзін з кірункаў зах. дзяржавазнаўства 20 ст., які разглядае паліт. арганізацыю грамадства як комплекс розных аб’яднанняў грамадзян — «інстытуцый» (напр., сям’я, партыя, прафсаюз і да т.п.); дзяржаву таксама кваліфікуе як адну з «інстытуцый». Заснавальнік — амер. эканаміст і сацыёлаг Т.Веблен.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА,

магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.​Лейбніц, І.​Кант, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер, К.​Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),

назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, а і як рэліг. прапагандысцка-культ. цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОБЛЬ (ад англ. noble высакародны),

англійская залатая манета. Упершыню выпушчана пры Эдуардзе III у 1344. Агульная маса 8,97 г (1344), 8,33 г (1346), 7,97 г (1351—77). На аверсе пагрудны партрэт караля з мячом і шчытом на караблі ў моры, на рэверсе ініцыялы караля і назва манетнага двара. Выпускаліся таксама манеты ​1/2 і ​1/4 Н. У 1465 уведзена разнавіднасць Н. — разенобль, або рыял. На Беларусі ў канцы 14—16 ст. Н. вядомы як «карабельнік» або «карабельны». Тут ён выкарыстоўваўся пераважна як грашовы падарунак, у шэрагу выпадкаў як спосаб узнагароджання.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫ́МУЛ у псіхалогіі,

уздзеянне, якое абумоўлівае дынаміку псіхічных станаў індывіда (рэакцыю). У псіхафізіялогіі, псіхафізіцы і фізіялогіі паняцце «С.» тоесна раздражненню. У біхевіярызме С. трактуецца механістычна: як змены асяроддзя, якія выклікаюць рухальныя адказы арганізма. Прадстаўнікі вюрцбургскай школы разглядалі С. як усведамленне індывідам мэты і задачы (О.​Кюльпе, Н.​Ах, К.​Бюлер). Л.​С.​Выгоцкі вылучаў С.-аб’екты, на якія накіроўваецца дзеянне, і С.-сродкі, з дапамогай якіх гэта дзеянне ажыццяўляецца. У сац. псіхалогіі С. часам атаясамліваецца з матывам як унутр. ці знешнім імпульсам, што выклікае актыўнасць індывіда.

т. 15, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎЭРСО́КС (Bowersox) Кенет (н. 14.11.1956, г. Портсмут, ЗША),

касманаўт ЗША. Магістр навук па механіцы (1987). З 1987 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 25.6—9.7.1992 на КК «Калумбія» і 2—13.12.1993 на КК «Індэвар» (як пілот), 20.10—5.11.1995 на КК «Калумбія», 11—21.2.1997 на КК «Дыскаверы» (як камандзір), 24.11.2002—4.5.2003 на КК «Індэвар» і Міжнар. касм. станцыі (як яе камандзір). У космасе правёў 211,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За касмічны палёт» (5).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 18, кн. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,

асінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме (першасны рухавік круціць ротар у адным напрамку з магнітным полем, але з большай частатой). Асінхронныя генератары выкарыстоўваюцца ў асноўным як дапаможныя крыніцы эл. току невял. магутнасці і як тармазныя прыстасаванні ў электрапрыводзе.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)