АРТАДО́КСІЯ (ад грэч. orthodoxia правільная думка),
цвёрдая паслядоўнасць, прыхільнасць да традыцый, асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, якая цалкам выключае нават нязначныя адхіленні. Артадоксія ў рэлігіі — прававер’е, няўхільнае прытрымліванне традыцыйнага вучэння царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр.Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),
італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,
сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл.царквы далучана каля 1,5 млн.чал.Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];
Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;
Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах.царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МЕНШНАЙДЭР ((Riemenschneider) Тыльман) (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),
нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.
Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́на Пескаватыку.
Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,
пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн.італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СІПАЎ Лучка, разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Прымаў удзел ва ўстаноўцы іканастаса царквы Данскога манастыра (1683), стварэнні мэблі і хатняга начыння для царскага дома (1683—84) у Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,
царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтр — г. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 1773 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр.БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.
Літ.:
Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ СВЯТО́ГА ДУ́ХА І БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску.
Засн. ў 1616 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Комплекс уключаў будынак царквы, жылыя карпусы мужчынскага і жан. манастыроў, гасп. пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. Царква Святога Духа (закладзена пасля 1636) — 1-нефавы бязвежавы храм, накрыты высокім 2-схільным дахам (тарцы закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з 5-граннай алтарнай апсідай.
Гал. фасад падзелены 4 пілястрамі карынфскага ордэра на 3 часткі. У цэнтр.ч. знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал яго плоскія нішы аналагічнай формы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Л.Клімовіч, 1779). У 2-й пал. 18 ст. інтэр’еры рэканструяваны (майстры: муляр Р.Сніджнецкі, мазаічнік Я.Будрэвіч). З 1795 вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 перабудавана ў псеўдарус. стылі (1846—50, арх. Г.Валерт). Новы іканастас зроблены І.Ягоравым, абразы — Ф.Бруні і Г.Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 (арх. Я.Марозаў, В.Струеў). На ПдУ комплексу знаходзіўся Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквой крытай галерэяй, у 1650 да паўн.-зах. фасады царквы прыбудавана капліца манастыра. З ПдУ да царквы прымыкаў 3-павярховы прамавугольны ў плане корпус мужчынскага манастыра. З 1795 у ім знаходзілася рэзідэнцыя правасл. архіепіскапа, у 1799 перабудаваны ў дваранскае вучылішча (арх. Ф.Крамер; дабудаваны 3-павярховы флігель з 2-светлавой тэатр. залай, існавала ў 1799—1817), якое ў 1803 ператворана ў мужчынскую гімназію. У 1852 корпус перабудаваны і прыстасаваны пад адм. будынак. Царква ўзарвана ў 1936.