КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр.Главацкі
(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),
«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал. раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас. раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Брыль, П.Бітэль, М.Чарнецкі.
Тв.:
Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;
Listy. Warszawa, 1959;
Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;
Бел.пер. — Міхалка. Мн., 1930;
Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;
На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—7. М., 1961—63.
Літ.:
Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;
Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў палітэканоміі,
1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст.эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.Рошэр, Б.Гільдэбранд, К.Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.Шмолер, К.Бюхер, Л.Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.Вебер, В.Зомбарт і інш.).
2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.Ф.Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.Н.Спяранскага, К.Шамбінагі, Б.М.Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.Янчук і Я.Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.
Літ.:
Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,
1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хвалясац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,
галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр. мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл. мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял.амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял.Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.Клімава, «Сведка» В.Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел.дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.Арлова паводле рамана С.Жаромскага, 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваляеўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.
Творы хрысц.Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш.Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.Будны, А.Волан, Л.Крышкоўскі, М.Радзівіл Чорны, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныя правасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.Крэўзы і інш. Новая хваляліт. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз. гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст.Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.Боймы, Ц.Жахоўскага, Я.А.Кулешы, Т.Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.Барановіча, І.Галятоўскага, І.Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.
Літ.:
Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст.Мн., 1968;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ, Львів,
горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сцьмуз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л.Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах.навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.
Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн.Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл.Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр.Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.
Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.Штэхер, М.Гром, А.Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.Капінас, А.Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.Мерэцін, С.К.Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм.т-ра імя М.Занькавецкай (1836—42, арх. Л.Піхаль, І.Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.А.Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.Матэйкі), акад.т-ра оперы і балета імя І.Франко (1897—1900 арх. З.Гаргалеўскі, скульпт. А.Л.Попель, П.Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.І.Парашчук), І.Франко (1964, скульпт. В.Н.Барысенка і інш., арх. А.М.Шуляр), Я.Галану (1972, скульпт. А.П.Пылеў, арх. В.І.Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.Франко.
Літ.:
Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;
Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.
Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя).
Плошча А.Міцкевіча ў Львове.Сабор святога Юра ў Львове.