АБАЛА́КАВЫ,

расійскія альпіністы, браты. Віталь Міхайлавіч (13.1.1906, Масква — 26.5.1986), інжынер-канструктар, засл. майстар альпінізму (1934), засл. майстар спорту СССР (1943), засл. трэнер СССР (1961). Зрабіў першаўзыходжанне на пік Леніна (7134 м, Памір, 1934). Яўген Міхайлавіч (17.2.1907, Масква — 24.3.1948), скульптар, засл. майстар альпінізму (1934). Зрабіў першаўзыходжанне на вышэйшую вяршыню б. СССР — пік Камунізму (7495 м, Памір, 1933). Яго імем названа адна з вяршынь на Паміры.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЫН (Яўген Раманавіч) (н. 23.3.1931, г. Тула, Расія),

расійскі спартсмен (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту (1952). Засл. трэнер СССР (1972). Скончыў Смаленскі ін-т фіз. культуры (1965). Алімпійскі чэмпіён на дыстанцыях 500 і 1500 м (1956, 1960). Абсалютны чэмпіён Еўропы (1956). 10-разовы чэмпіён СССР на дыстанцыях 500 і 1500 м. У 1955—68 шматразовы рэкардсмен свету на дыстанцыях 500, 1000 і 1500 м.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНО́Ў (Аляксандр Сталіевіч) (н. 17.9.1961, Баку),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду). Засл. майстар спорту СССР (1980). У 1996—2000 старшы трэнер рэзерву нац. зборнай каманды Беларусі па скачках у ваду. Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у скачках з 3-метровага трампліна. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі (1976, Нарвегія) у скачках з трампліна і чэмпіянату свету (1982). Чэмпіён Еўропы (1981, г. Спліт, Югаславія). Чэмпіён СССР (1988).

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТО́Ў (Леанід Лявонавіч) (н. 7.4.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (вольная барацьба). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1969). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1975 трэнер спартклуба БВА. Чэмпіён Еўропы (1970, Берлін) у цяжкай вазе. Сярэбраны (1969, Мінск) і бронз. (1966, г. Новасібірск, Расія) прызёр чэмпіянатаў СССР. Чэмпіён Беларусі (1964—69) па вольнай барацьбе і ў 1969 — па самба. Шматразовы пераможца і прызёр на міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтвах.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕЎ (Алег Мікалаевіч) (20.5.1936, Мінск — 23.8.1978),

бел. спартсмен (грэка-рым. барацьба, паўлёгкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1958). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1965). З 1971 трэнер ДСТ «Буравеснік» (Мінск). Чэмпіён Алімп. гульняў (1960, Рым), свету (1958, Будапешт; 1961, г. Іакагама, Японія), СССР (1956—60, 1962), Спартакіяды народаў СССР (1956, 1959) у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР у камандным першынстве (1960). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРШАКЕ́ВІЧ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 6.4.1959, Мінск),

бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту СССР міжнароднага класа (1980). Засл. майстар спорту (1982). Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і сярэбраны прызёр XXII (1980, Масква) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1979), сярод дарослых (1982), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987—89), Кубка кубкаў (1983, 1985), Суперкубка (1989). Чэмпіён СССР (1981, 1983—84, 1987—89). З 1996 старшы трэнер маладзёжных зборных каманд Беларусі.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКА́НЧЫКАВА (дзявочае Ясюкевіч) Дзіяна Іванаўна

(н. 24.11.1937, Мінск),

бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Засл. трэнер Беларусі. Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1959). З 1960 на трэнерска-выкладчыцкай рабоце, з 1996 настаўніца фізкультуры (сярэдняя школа № 51, Мінск). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1961, г. Турын, Італія; 1963, г. Гданьск, Польшча; 1966, Масква). Чэмпіёнка СССР (1962, 1964) у камандным першынстве, бронз. прызёр (1962) у асабістым першынстве.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІНА́ (Наталля Васілеўна) (н. 21.8.1953, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1979). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1974). Чэмпіёнка Еўропы ў камандным першынстве (1979—80) і ў адзіночным разрадзе (1982), сярэбраны прызёр еўрап. першынства ў парным (1979), бронзавы прызёр у парным і змешаным разрадах і ў асабістым першынстве (1980). Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1977), у змешаным разрадзе (1979). З 1990 ст. трэнер аддзялення тэніса Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́Ў (Уладзімір Анатолевіч) (н. 30.4.1948, г. Новасібірск, Расія),

бел. спартсмен (класічная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1978 трэнер (з 1981 у Рэсп. комплекснай школе вышэйшага спарт. майстэрства). Чэмпіён свету (1971, Сафія; 1973, Тэгеран; 1974, Катавіцы; 1975, Мінск). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1970, Эдмантан); бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы (1972, Катавіцы). Чэмпіён СССР (1973). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Выступаў у найлягчэйшай вазе.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́Ў (Усевалад Міхайлавіч) (1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),

расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-т фіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)