САТПА́ЕУ (Каныш Імантаевіч) (11.4.1899, аул Паўладарскай вобл., Казахстан — 31.1.1964),

казахскі геолаг. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1943). Акад. АН Казахстана (1946). Скончыў Томскі тэхнал. ін-т (1926). З 1926 у геал. разведачнай партыі трэста «Атбасаркалярмет», дзе займаўся разведкай і даследаваннем радовішчаў каляровых металаў, у т. л. Джэзказганскага меднага радовішча. З 1941 дырэктар Ін-та геал. навук Каз. філіяла АН СССР (з 1946 — АН Казахстана), адначасова з 1942 старшыня Прэзідыума Каз. філіяла АН СССР, у 1946—52 і з 1955 прэзідэнт АН Казахстана. Навук. працы па геалогіі рудных радовішчаў і мінер. рэсурсаў Казахстана. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1942. Яго імем названы мінерал сатпаевіт.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1967—70.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛІШЧАЎ (Афанасій Мацвеевіч) (23.1.1886, с. Волава Арлоўскай вобл., Расія — 6.12.1942),

рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. АН СССР (1929) і Балгарскай АН (1931). Скончыў Казанскі ун-т (1911). Праф. Іркуцкага (1918—20), Казанскага (1920—21), Маскоўскага (з 1921) ун-таў. Асн. працы па гіст. дыялекталогіі македонскай мовы («Нарысы па македонскай дыялекталогіі», 1918; «Македонскія кодзікі 16—18 стст.», 1933, і інш.), рус. дыялекталогіі («Дыялекталагічны нарыс Сібіры», вып. 1, 1921; «Рускія гаворкі Казанскага краю...», 1927, і інш.), балканскім мовазнаўстве. Аўтар прац па параўнальна-гіст. граматыцы слав. моў, анамастыцы, падручнікаў па слав. мовазнаўстве: «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» (вып. 1, 1914), «Славянскае мовазнаўства» (т. 1, 1941), «Стараславянская мова» (ч. 1—2, 1951—52).

Тв.:

Избр. труды. М., 1968.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),

1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).

2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.​Галавач).

Літ.:

Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),

расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).

Тв.:

Труды. Т. 1—4. СПб.;

Л., 1908—30.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН (Барыс Барысавіч) (2.3.1862, Пецярбург — 17.5.1916),

рускі фізік і геафізік, адзін з заснавальнікаў сейсмалогіі; князь. Акад. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1886) і Страсбурскі ун-т (1890). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга; з 1913 дырэктар Гал. фізічнай абсерваторыі. Навук. працы па тэорыі цеплавога выпрамянення, крытычнага стану рэчыва, сейсмалогіі, оптыцы, спектраскапіі. Увёў паняцце т-ры выпрамянення абсалютна чорнага цела. Знайшоў рашэнне задачы пра вызначэнне ачага землетрасення па звестках адной сейсмічнай станцыі (1902). Стварыў электрадынамічны сейсмограф і інш. сейсмічныя прылады. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1916). Яго імем названа зона ў ніжняй частцы верхняй мантыі Зямлі (пласт Галіцына).

Тв.:

Избр. Труды. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Предводителев А.С. О работах Б.​Б.​Голицына // Исторня и методология естеств. наук. 1966. Вып. 4.

Б.Б.Галіцын.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ШЫН (Сяргей Гаўрылавіч) (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),

расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад. АН СССР (з 1918), акад. АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.​А.​Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.

Тв.:

О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.​А.​Тимирязеву. М., 1916;

Избр. Труды. Т. 1. М.; Л., 1951.

С.Г.Навашын.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБЕ́ЛІ (Лявон Абгаравіч) (7.7.1882, Ерэван — 9.12.1958),

савецкі фізіёлаг. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1932). Акад. АН Арм. ССР (1943). Акад. АМН СССР (1944). Ген.-палкоўнік мед. службы. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1904). Вучань і супрацоўнік І.П.Паўлава. Працаваў у н.-д. і вышэйшых навуч. установах Пецярбурга, Масквы, У 1936—50 дырэктар Ін-та фізіялогіі, з 1950 Ін-та эвалюц. фізіялогіі АН СССР. У 1942—46 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па адаптацыйна-трафічнай ролі сімпатычнай нерв. сістэмы. Адзін са стваральнікаў сав. школы фізіёлагаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Прэмія імя І.​П.​Паўлава АН СССР (1937). Прысуджалася прэмія АН СССР яго імя.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М.; Л., 1961—68.

Літ.:

Лейбсон Л.Г. Л.​А.​Орбели. Л., 1973.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БЕР (Аляксандр Андрэевіч) (1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),

савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.

Тв.:

Избр. труды. М., 1976.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДСБЕРГ (Рыгор Самуілавіч) (22.1.1890, г. Волагда, Расія — 2.2.1957),

расійскі фізік, заснавальнік навук. школы па спектраскапіі. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913), працаваў у ім у 1913—15, 1923-45 і 1947—51. З 1934 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1951 праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і спектраскапіі. Разам з Л.І.Мандэльштамам (незалежна ад індыйскіх фізікаў Ч.​Рамана і К.​С.​Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метады спектральнага аналізу металаў, сплаваў і арг. сумесей, створаны шэраг спектраскапічных прылад. Аўтар навуч. дапаможніка «Оптыка» і 3-томнага «Элементарнага падручніка фізікі». Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1958.

Літ.:

Г.​С.​Ландсберг: Очерки и воспоминания. М., 1993.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЖЭВЭ́Н ((Langevin) Поль) (23.1.1872, Парыж — 19.12.1946),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1934). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1924) і ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Школу фізікі і хіміі (1891) і Нармальную школу (1897) у Парыжы. З 1902 у Калеж дэ Франс (з 1902 праф.), адначасова з 1905 у Школе фізікі і хіміі (з 1925 дырэктар). Навук. працы па іанізацыі газаў, квантавай тэорыі, тэорыі адноснасці, магнетызме і ультраакустыцы. Стварыў статыстычную тэорыю дыя- і парамагнетызму (1903—05). Незалежна ад А.​Эйнштэйна ўстанавіў сувязь паміж масай і энергіяй (1906) і выявіў існаванне дэфекту масы (1913). Распрацаваў асновы гідралакацыі, першым выкарыстаў ультрагук для падводнай сігналізацыі і выяўлення падводных лодак (1916). Актыўны антыфашыст і прыхільнік Народнага фронту Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1960.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. Поль Ланжевен. М., 1962.

П.Ланжэвэн.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)