КАЛАГЕ́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,

разнавіднасць валокнаў злучальнай тканкі жывёл і чалавека. Складаюцца з бялку калагену, што сінтэзуецца фібрабластамі, хандрабластамі і астэабластамі. К.в. ўтвораны пучкамі фібрыл, якія складаюцца з протафібрыл. Фарміруюцца ў пазаклетачнай прасторы полімерызацыяй трапакалагену. Моцныя на разрыў, мала эластычныя, выконваюць мех. (апорную) функцыю. У храстку К.в. наз. хандрынавымі, у касцях — асеінавымі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],

адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),

запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСПАРЫ́Я (ад апа... + спора),

развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧО́К (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 11.3.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Сын Р.Р.Кручка. Д-р мед. н. (1984), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964) і працуе ў ім (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па патагенезе і лячэнні вострага панкрэатыту, ультрагукавой апрацоўцы касцявой тканкі.

Тв.:

Острый панкреатит. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАЦЫ́ТЫ [ад мана... + ...цыт(ы)],

адзін з тыпаў незярністых лейкацытаў. Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу; дыям. 10—20 мкм, шарападобныя. Афарбоўка ядра чырвона-пурпуровая, цытаплазмы — бледная блакітна-шэрая. У крыві чалавека ў норме М. складаюць 3—11% агульнай колькасці лейкацытаў. Здольныя да фагацытозу, мігрыруюць з крыві ў тканкі і пераўтвараюцца ў макрафагаў.

А.​С.​Леанцюк.

Манацыт.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́МА (ад астэа... + ...ома),

дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЕ́Н (ад дэрмата... + ...ген),

вонкавы шчыльны (без міжклетнікаў) слой клетак першаснай утваральнай тканкі (мерыстэмы) у кончыках каранёў пакрытанасенных раслін. Утварае эпіблему з каранёвымі валаскамі. У двухдольных удзельнічае ў фарміраванні каранёвага чахольчыка. На верхавінках паветраных каранёў архідных, ароідных і некат. інш. раслін Д. утварае мнагаслойную тканку (т. зв. веламен), якая збірае ваду. У голанасенных раслін функцыю Д. выконвае пратадэрма.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)