ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),

гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),

грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎТВАРЭ́ННЕ,

пераход рэчыва з вадкага або цвёрдага стану ў газападобны; адзін з фазавых пераходаў 1 роду. П. са свабоднай паверхні вадкасці наз. выпарэннем, з паверхні цвёрдага цела — сублімацыяй. У замкнутым аб’ёме П. ідзе да таго часу, пакуль прастора над вадкасцю (цвёрдай фазай) не запоўніцца парай, ціск якой роўны раўнаважнаму пры дадзенай т-ры (ціск насычэння). П. у аб’ёме (кіпенне) абумоўлена ўзнікненнем бурбалак насычанай пары на сценках пасудзіны і іх ростам у аб’ёме вадкасці.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,

абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ ў матэматыцы,

закон, паводле якога кожнаму элементу x мноства X адпавядае пэўны элемент y=𝑓(x) мноства Y (пры гэтым X можа супадаць з Y). Адлюстраванне наз. ін’ектыўным, калі з таго, што элементы a і b мноства Х розныя, выцякае, што 𝑓(a) і 𝑓(b) — розныя элементы мноства Y; сюр’ектыўным, калі кожны элемент мноства Y — вобраз якога-н. элемента мноства X; біекцыяй або біектыўным — калі адлюстраванне адначасова ін’ектыўнае і сюр’ектыўнае і г.д. Гл. таксама Функцыя, Аператар, Пераўтварэнне.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕАТРО́ПНЫЯ СУ́МЕСІ, азеатропы (ад а... + грэч. zeō кіплю + tropē змяненне),

аднародныя вадкія сумесі, якія пры перагонцы ўтвараюць кандэнсат таго самага саставу, што і зыходны раствор. Прысутнасць азеатропаў перашкаджае раздзяленню вадкіх сумесяў і патрабуе спец. метадаў рэктыфікацыі. Некаторыя азеатропныя сумесі кіпяць пры больш высокай ці больш нізкай, чым іх кампаненты, т-ры. Сустракаюцца ў двайных, шматкампанентных сістэмах. Напр., сумесь 95,57% C2H5OH (t кіп. 78,5 °C) і 4,43% H2O (t кіп. 100 °C) утварае азеатропныя сумесі (t кіп. 78,15 °C).

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТАТЫ́ЧНЫ ПАРАДО́КС,

несупадзенне вагі вадкасці, налітай у пасудзіну, з сілай ціску на дно гэтай пасудзіны. Выяўлены Б.Паскалем (1654). У пасудзіне, пашыранай зверху, вага вадкасці меншая за сілу ціску; у звужанай зверху — большая; у цыліндрычнай — аднолькавая. Калі адну і тую ж вадкасць наліць да аднаго і таго ж узроўню ў пасудзіны рознай формы, але з аднолькавай плошчай дна, сіла ціску на дно будзе аднолькавая для ўсіх пасудзін і роўная вазе вадкасці ў цыліндрычнай пасудзіне.

Да арт. Гідрастатычны парадокс.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭРЦЫТЫ́ЎНАЯ СІ́ЛА,

напружанасць магн. поля, неабходная для таго, каб звесці да нуля астаткавую намагнічанасць ферамагнетыка (гл. Гістэрэзіс); адна з асн. характарыстык ферамагн. матэрыялаў. Вымяраецца з дапамогай каэрцытыметраў.

Значэнне К.с. вызначаецца фактарамі, якія перашкаджаюць перамагнічванню ўзору; для дадзенага ўзору ў значнай ступені залежыць ад спосабу яго падрыхтоўкі і апрацоўкі, а таксама ад знешніх умоў, напр., т-ры. Па велічыні К.с. адрозніваюць магнітна-мяккія (малая К.с.) і магнітна-цвёрдыя (вялікая К.с.) магнітныя матэрыялы. Найб. велічыню К.с. маюць аднадаменныя ферамагнітныя ўзоры.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НКУРС (ад лац. concursus збег, сутыкненне),

1) спаборніцтва для выяўлення найлепшых з ліку ўдзельнікаў, прадстаўленых работ, маст. твораў і інш. 2) Парадак заяўкі і задавальнення патрабаванняў, якія прад’яўлены крэдыторамі неплацежаздольнаму даўжніку. У цывільным праве — публічнае абяцанне юрыд. асоб або грамадзянінам спец. узнагароды (прэміі) за лепшае выкананне пэўнай работы. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь гэта абавязвае таго, хто абвясціў К., выплаціць абяцаную ўзнагароду асобе, работа якой будзе прызнана лепшай. Парадак правядзення К., яго ўмовы і вынікі рэгламентуюцца заканадаўствам.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЮДЫЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац praejudicio прадвызначэнне),

абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі і доказаў факты, раней устаноўленыя суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, або прыгаворам па якой-н. інш. справе. Напр., калі суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, устаноўлена адказнасць уладальніка крыніцы павышанай небяспекі за нанесеную шкоду, то ў выпадку прад’яўлення рэгрэснага іску ўладальнікам такой крыніцы да таго, хто непасрэдна прычыніў шкоду, факты, устаноўленыя суд. рашэннем у першым працэсе, маюць прэюдыцыяльнае значэнне і не падлягаюць аспрэчванню.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)