СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),
філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.Шарон, П.Бейль і інш.). У філасофіі Д.Юма, І.Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.Конта, Г.Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.
Літ.:
Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб, 1910;
Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч.М., 1975. Т. 1;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонімстараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА́ТЫКА (ад грэч. systēmatikos упарадкаваны, які адносіцца да сістэмы) у біялогіі, раздзел біялогіі, які займаецца апісаннем, пазначэннем і класіфікацыяй усіх існуючых і вымерлых арганізмаў, устанаўленнем роднасных сувязей паміж іх асобнымі групамі (таксонамі) — відамі, родамі, сямействамі і інш. Грунтуецца на даных усіх раздзелаў біялогіі, асабліва на эвалюцыйным вучэнні. Дазваляе арыентавацца ў мностве існуючых відаў жывёл (каля 1,5 млн.), раслін (каля 350—500 тыс. відаў) і мікраарганізмаў, а таксама вымерлых відаў. Складае базу для генетыкі, біяхіміі, біягеаграфіі, экалогіі, палеанталогіі і інш.біял.навук. С. асн. груп арган. свету (пракарыёт і эўкарыёт) маюць адны асновы, задачы і шмат агульнага ў метадах даследавання, аднак розным раздзелам С. ўласцівы шэраг асаблівасцей, звязаных са спецыфікай розных груп арганізмаў. Як асн. раздзелы вылучаюць С. жывёл і С. раслін (вывучаюць разнастайнасці жывёльных і расл. арганізмаў). Асн. задачы С. — вызначэнне шляхам параўнання індывід. і спецыфічных асаблівасцей кожнага віду і надвідавых таксонаў, іх месца ў эвалюцыі арган. свету, выяўленне агульных уласцівасцей у розных таксонах.
С. імкнецца стварыць усеагульную і натуральную (філагенет.) класіфікацыйную сістэму арган. свету, падпарадкавання таксонаў рознага рангу — ад віду да сістэм. царства і надцарства, вызначыць месца кожнага віду арганізма ў гэтай сістэме. С. часта падзяляюць на таксаномію, разумеючы тэорыю класіфікацыі арганізмаў, і ўласна С. ў шырокім сэнсе. Зрэдку тэрмін «таксаномія» выкарыстоўваюць як сінонім С.
Асновы С. як навукі закладзены працамі англ. прыродазнаўца Дж.Рэя і асабліва К.Лінея. Вучэнне Ч.Дарвіна надало С. эвалюц. змест.
Літ.:
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971;
Тахтаджян АЛ, О состоянии и перспективах развития систематики в СССР // Успехи совр. биологии. 1972. Т. 73, вып. 2;
Меликян А.П. Цели и задачи современной систематики растений. М. 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КЦЫЯ (ад лац. abstractio адцягненне),
метад навук. даследавання, заснаваны на мысленным вылучэнні істотных уласцівасцяў і сувязяў, агульнай адзнакі, якая характарызуе пэўны клас прадметаў і адцягненні ад інш. прыватных яго ўласцівасцяў і сувязяў; вынік працэсу абстрагавання, сінонім «мысленнага», «паняційнага». За кошт такога звужэння (спрашчэння) мадэлі аб’екта адкрываецца магчымасць пазнання фундаментальных бакоў і сувязяў у параўнанні з зыходнай мадэллю. Ступень абстрактнасці паняцця расце адпаведна павелічэнню яго аб’ёму і звужэнню зместу, што забяспечвае больш глыбокае пранікненне думкі ў аб’ект. Даволі абстрактныя паняцці, зведзеныя ў лагічна ўпарадкаваныя сістэмы, з’яўляюцца не толькі адлюстраваннем фундаментальнага парадку свету, але і лагічнымі, універсальнымі формамі думкі (напр., філасофія). На розных ступенях пазнання і культуры абстракцыя не заўсёды існуе ў сваёй уласнай форме; нават у народаў з развітой культурай у паўсядзённай свядомасці пераважаюць паняцці наглядна-эмпірычнага характару. Павышэнне ўзроўню абстрактнасці паняццяў, з якіх фарміруецца сістэма ведаў, — паказчык развітасці і тэарэтычнага ўзроўню навукі, яе практычнай эфектыўнасці. Часам тэрмін «абстракцыя» выкарыстоўваюць для абазначэння адарванасці навукі ад практыкі і рэчаіснасці (уласцівы абстрактна-лагічнаму «вобразу» свету). Аднак мера абстракцыі змяншаецца разам з дэталізацыяй і ростам сістэмнасці «вобраза». Паслядоўна разгортваючыся ў абстрактна-лагічных сістэмах, пазнанне праходзіць свой асаблівы шлях, накіраваны да канкрэтнага, да свету законаў, якія кіруюць бясконцай разнастайнасцю прадметаў і з’яў. На веданні такіх законаў аб’ектыўнай рэальнасці трымаецца ў канчатковым выніку ўвесь прагрэс чалавецтва.
У залежнасці ад мэтавай характарыстыкі вылучаюць, некалькі відаў абстракцыі: абстракцыя атаясамлівання (абстрагаванне ад уласцівасцяў рэчаў, якія адрозніваюцца паміж сабой, і вылучэнне аднолькавых, падобных, агульных, тоесных уласцівасцяў); ізалявальная абстракцыя (вычляненне з’явы, якая даследуецца з пэўнай цэласнасці); абагульняльная абстракцыя (дае абагульненую карціну з’явы); абстракцыя актуальнай бесканечнасці (абумоўлівае магчымасць абстрагавання ад незавершанасці і незавяршальнасці працэсу ўтварэння бясконцых мностваў і аперыравання імі на аснове законаў і правілаў матэматыкі і логікі); абстракцыя патэнцыяльнай ажыццявімасці (абстрагаванне ад канструктыўных магчымасцяў чалавека і прыняцце рэальнай ажыццявімасці пэўных крокаў). Сучасны наміналізм пазітывісцкага кірунку адмаўляе неабходнасць для навукі абстракцый высокіх узроўняў, чым пазбаўляе яе важнейшых сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і патэнцыяльных магчымасцяў. У дыялектычнай логіцы слова «абстракцыя» ўжываецца таксама як паняцце «аднабаковае», «неразвітое», у адрозненне ад канкрэтнага (гл.Абстрактнае і канкрэтнае).
Літ.:
Лазарев Ф.В. О природе научных абстракций. М., 1971;
Новосёлов М.М. Абстракция и научный метод // Логика научного познания. М., 1987;
Зуев Ю., Широканов Д. Генезис логических форм «единично-общее» и процедура обобщения // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),
сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г.рус. пісьменнікам П.Дз.Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.
Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛнац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст.сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс.чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс.чал., у 1939—156 тыс.чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс.чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс.чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс.чал. (23,3%).
Літ.:
Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;
Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,
музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.
У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз.т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар.быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз.т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).
На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.Манюшкі, М.К.Агінскага, Ф.Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж.муз.т-р Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў літаратуразнаўстве,
навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г.Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.Вунт, В.Вец, І.Фолькельт, Э.Эльстэр у Германіі, С.Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус.літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.А.Патабня і яго вучні — Дз.М.Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.Райнаў, М.С.Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел.літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» і інш.).
Літ.:
Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;
Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.Н.Овсянико-Куликовский. М., 1981;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.Уайлд, М.Чапмен, Р.Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.Вейс, Ч.Хартшарн, У.Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл.Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.Конт, Г.Спенсер, Л.Гумплавіч, М.М.Кавалеўскі, Э.Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.Патнэм, У.Селарс, Г.Р.Харэ).
Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст.маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-раАдраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.Бакачыо, Ф.Рабле, М.Сервантэса, У.Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.Дэфо, Г.Філдынг, Д.Дзідро, Г.Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.
Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.Скарына, В.Цяпінскі, С.Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.Пацея, М.Сматрыцкага, І.Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.Каратынскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап.літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц.сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл.«Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.
Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.Гудона (Францыя), У.Хогарта (Вялікабрытанія), Д.Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.Дам’е, а таксама Ж.Ф.Міле, П.Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст.маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;
Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.