ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),
пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),
мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБО́ЛЫ (ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe+3, Fe+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз.гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 103 да 4 103кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВЫ́Я ШПА́ТЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікаты калію, натрыю, кальцыю, радзей барыю. Найб. пашыраны ў верхняй ч. літасферы (каля 60% аб’ёму магматычных парод). Падзяляюцца на плагіяклазы, шчолачныя П.ш. (мікраклін, артаклаз, санідзін) і барыевыя (гіялафан, цэльзіян). Крышталізуюцца ў манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утвараюць кароткаслупкаватыя прызматычныя і сплошчаныя, ізаметрычныя або падоўжаныя зерні. Характэрна полісінтэтычнае двайнікаванне (альбітавае і перыклінавае) і двайнікі прарастання (карлсбадскі, монебахскі і бавенскі тыпы). Колер белы, жаўтаваты, бледна-ружовы, бясколерны, мясачырвоны, цёмна-шэры, чорны, зялёны і інш. Характэрна ірызацыя (месяцавы камень, лабрадор). Бляск шкляны. Цв. 6—6,5. Шчыльнасць 2,55—2,75 г/см³, да 3,4 г/см³ у барыевых П.ш. (цэльзіян). Крохкія. Трапляюцца ў эфузіўных, інтрузіўных, метамарфічных і асадкавых пародах. Выкарыстоўваюцца для вырабу фарфору, высакавольтных ізалятараў, спец. і аптычнага шкла і інш.; каштоўныя і вырабныя разнавіднасці ў ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС (ням. Löss),
аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш.Гл. таксама Лёсападобныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,
алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл.сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРНАКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (6.12.1860, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1941),
савецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фізіка-хімічнага аналізу. Акад.Пецярб.АН (1913). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1882), дзе і працаваў (з 1893 праф.). З 1899 выкладаў у Пецярб. эл.-тэхн. (да 1908) і політэхн. (1902—30) ін-тах. З 1918 дырэктар заснаванага ім Ін-та фіз.-хім. аналізу АНСССР, з 1934 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі АНСССР (з 1944 імя К.). Навук. працы па хіміі комплексных і інтэрметал. злучэнняў, па даследаванні шматкампанентных сістэм — метал. сплаваў, сілікатаў, саляных раствораў. Устанавіў факт існавання злучэнняў пераменнага саставу — берталідаў (1900—03). Сфармуляваў прынцыпы бесперапыннасці і адпаведнасці, на якіх грунтуецца фіз.-хім. аналіз (тэрмін уведзены К. у 1913). Стварыў самапісны прыбор для тэрмічнага аналізу (пірометр К.). Прэмія імя У.І.Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.
Літ.:
Н.С.Курнаков. М., 1961;
Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.