СПЕ́ЛАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

стан глебы, які характарызуе яе гатоўнасць да апрацоўкі (фіз. спеласць) ці да пасеву і пасадкі (біял. спеласць). Фізічная С.г. настае пры дасягненні аптым. ўвільгатнення (у час мех. апрацоўкі яна распадаецца на часцінкі 1—10 мм), вызначаецца візуальна. Глеба добра крышыцца, лёгка апрацоўваецца, у ёй ствараюцца аптым. суадносіны паміж цвёрдай часткай, вадой і паветрам. Біялагічная спеласць настае ў добра апрацаванай, увільготненай і прагрэтай глебе; у ёй інтэнсіўна праходзяць мікрабіял. працэсы мабілізацыі пажыўных рэчываў, як вынік выдзяляецца шмат вуглякіслага газу.

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭХІЯМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. stoicheion аснова, элемент + ...метрыя),

вучэнне аб колькасных суадносінах паміж масамі або аб’ёмамі рэчываў, што ўступаюць у хім. рэакцыю. Уключае правілы састаўлення хім. формул і ўраўненняў хімічных. Тэрмін «С.» ўвёў у 1793 ням. хімік І.​В.​Рыхтэр. Заснавана на масы захавання законе, эквівалентаў законе, Авагадра законе, Гей-Люсака законе (закон аб’ёмных адносін), пастаянства саставу законе, кратных адносін законе. Суадносіны, у якіх адпаведна законам С. рэчывы ўступаюць у рэакцыю, наз. стэхіяметрычнымі, таксама наз. злучэнні, састаў якіх адпавядае гэтым законам.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́НКЦЫІ ЛА́ДАВЫЯ ў музыцы,

значэнне элементаў лада (гукаў у аднагалоссі, гукаў і сугуччаў у шматгалоссі). Выяўляюць муз.-сэнсавыя сувязі ў муз. тэматызме, форме музычнай на ўсіх узроўнях, а таксама суадносіны элементаў (простых і складаных) у ладавай сістэме. Найб. абагульненыя тыпы Ф.л. — устой і няўстой. У мажоры і міноры дзейнічаюць Ф.л. адмысловага роду — функцыі танальныя. Музыцы 20 ст. ўласціва абнаўленне функцыянальнасці шляхам мадыфікацыі класічнай мадэлі Ф.л. і ўтварэннем новых гукавышынных сістэм (алеаторыка, дадэкафонія і інш.) з адпаведнымі функцыямі гукаў і сугуччаў.

Т.​А.​Дубкова.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭМАН (Wiedemann) Густаў Генрых (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.​Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛАЦЫ́ТЫ [ад лац. granulum зярнятка + ...цыт(ы)], зярністыя лейкацыты,

лейкацыты жывёл і чалавека, у цытаплазме якіх ёсць зерні (гранулы). Складаюць асн. масу лейкацытаў. Па здольнасці гранул афарбоўвацца кіслымі ці асн. фарбавальнікамі гранулацыты падзяляюць на эазінафільныя (афарбоўваюцца кіслымі фарбавальнікамі), базафільныя (афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі) і нейтрафільныя (афарбоўваюцца фарбавальнікамі 2 тыпаў). Гранулацыты маюць сегментаваныя ядры. Функцыі гранулацытаў — мікрафагацытоз і ферментатыўная актыўнасць, удзел у імуналагічных рэакцыях. Колькасныя суадносіны розных відаў гранулацытаў залежаць ад узросту, фізіял. стану арганізма, стану здароўя. У беспазваночных жывёл гранулацыты наз. зярністымі амёбацытамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙНЫХ МАС ЗАКО́Н,

вызначае суадносіны паміж канцэнтрацыямі прадуктаў рэакцыі і зыходных рэчываў у стане раўнавагі хімічнай, адзін з асн. законаў фіз. хіміі. Адкрыты ў 1864—67 нарвежскімі вучонымі К.​Гульдбергам і П.​Вааге, якія назвалі «дзейнай масай» рэчыва — колькасць яго ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыю), адсюль назва.

Паводле Дз.м.з. пры нязменнай т-ры скорасць элементарнай гамагеннай рэакцыі прама прапарцыянальная здабытку канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў у ступенях, роўных стэхіяметрычным каэфіцыентам гэтых рэчываў ва ўраўненні хім. рэакцыі (гл. Ураўненні хімічныя). Дз.м.з. карыстаюцца пры разліках у хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧАРЭ́НКА Аляксандр Іванавіч (28.1.1922, с. Грыгор’еўка Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 20.7.1988),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі абл. пед. ін-т (1942). Даследаваў творчасць М.​Горкага, сацыяліст. рэалізм, суадносіны нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацтве. Аўтар артыкулаў пра творчасць рус., бел. і ўкр. пісьменнікаў. У кн. «Сучасны беларускі раман» (1971, 2-е выд. 1978) разглядаў творы І.​Мележа, А.​Адамовіча, Я.​Брыля, В.​Быкава, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава і інш. У 1969—88 старшыня савета па бел. л-ры Саюза пісьменнікаў СССР.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫ ў раслін,

канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл. Дэндракліматалогія).

Гадавыя кольцы на папярочным зрэзе ствала хвоі звычайнай.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,

мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na​+ і калію K​+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКСІЯ́ЛЬНЫ ПУЧО́К ПРАМЯНЁЎ,

светлавы пучок, які распаўсюджваецца ўздоўж восі цэнтраванай аптычнай сістэмы. Утварае малыя вуглы з воссю і нармалямі да пераламляльных і адбівальных паверхняў. Для П.п.п. строга справядлівыя ўсе суадносіны, якія апісваюць утварэнне відарыса аптычнага. У відарысах, створаных П.п.п., адсутнічаюць аберацыі аптычных сістэм (акрамя храматычнай аберацыі ў лінзавых сістэмах). На практыцы пад П.п.п. разумеюць пучок прамянёў, які распаўсюджваецца пад канечнымі (у некалькі градусаў) вугламі да аптычнай восі і для якіх адступленні ад строгіх суадносін можна не ўлічваць. Вобласць вакол аптычнай восі сістэмы, дзе прамяні можна лічыць параксіяльнымі, наз. параксіяльнай.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)