ГЕ́ЙРАЎСКІ ((Heyrovský) Яраслаў) (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),

чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.

Тв.:

Рус. пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.​Кута).

Я.Гейраўскі.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),

французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц. каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст. вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.​Рыстам, 1909) і інш.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),

1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).

2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.​Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.​Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.​Коласа і інш.).

А.​С.​Шаўчэнка.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Міхал) (24.11.1879, Магілёўская губ. — 18.4.1973),

польскі астраном, стваральнік польскай каметнай школы. Чл.-кар. Польскай АН (1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1903). У 1903—08 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, у 1909—20 у рас. ваенна-марскім флоце, дзе займаўся гідраграфічнымі і астр. даследаваннямі. З 1923 праф. Варшаўскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі (да 1945). Навук. працы па каметнай астраноміі, гідраграфіі, астраметрыі і метэаралогіі. Выдаў сінаптычныя карты Усх. Сібіры, арганізаваў сетку пунктаў па назіранні арктычных ільдоў ад г. Уладзівасток да Берынгава праліва. Залаты медаль Лонданскага каралеўскага астр. т-ва 1927.

А.​М.​Коратцаў.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕРА ПЛАН,

сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнікамер. псіхолаг і педагог Ф.​С.​Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СЕЎ (Уладзіслаў Валянцінавіч) (28.4. 1938, пас. Жывёлагадоўчы Саўгас Горкаўскага р-на Омскай вобл., Расія — 18.11.1990),

бел. вучоны ў галіне тэорыі перадачы інфармацыі, стваральнік навук. школы па лічбавай апрацоўцы і кадзіраванні інфармацыі. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1985). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т у Свярдлоўску (1960). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў, спектральным аналізе, тэорыі кадзіравання, ахове інфармацыі.

Тв.:

Обнаружение и исправление ошибок в дискретных устройствах. М., 1972 (у сааўт.);

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах. М., 1986 (разам з В.​К.​Канапелькам).

Г.​В.​Рымскі.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА (Яўген Аляксандравіч) (н. 15.1.1942, в. Гатава Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне педагогікі, псіхалінгвістыкі і герм. мовазнаўства. Канд. пед. н. (1972), праф. (1996). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965). З 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па методыцы выкладання замежных моў, псіхалінгвістыцы, тэорыі камунікацыі, праблемах мовы і культуры. Стваральнік нац. навук. школы навучання замежным мовам на аснове камунікатыўнага сістэмна-дзейнаснага падыходу.

Тв.:

Интенсивный курс обучения английскому языку. Мн., 1989;

Учебное общение на уроке английского языка. Мн., 1990;

Настольная книга преподавателя иностранного языка. 4 изд. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСХЕЛІШВІ́ЛІ (Мікалай Іванавіч) (16.2.1891, Тбілісі — 15.7.1976),

грузінскі матэматык і механік, стваральнік тбіліскай матэм. школы. Акад. АН СССР (1939) і АН Груз. ССР (1941). З 1941 прэзідэнт, з 1972 ганаровы прэзідэнт АН Груз. ССР. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1941 дырэктар Тбіліскага матэм. ін-та АН Груз. ССР. Навук. працы па тэорыі пругкасці, інтэгральных ураўненнях, гранічных задачах тэорыі аналіт. функцый. Адным з першых пачаў выкарыстоўваць тэорыю функцый камплекснай пераменнай да задач тэорыі пругкасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР 1972.

Літ.:

Н.​И.​Мусхелишвили. М., 1967.

М.І.Мусхелішвілі.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́НЯ (Ціт Пятровіч) (7.9.1902, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 13.11.1965),

расійскі вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-р вет. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. РСФСР (1965). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1928). З 1939 у Данскім с.-г. ін-це (да 1948 дырэктар, да 1965 заг. кафедры). Навук. працы па страваванні, абмене рэчываў, водным рэжыме, мерах барацьбы з лейкозамі буйн. раг. жывёлы. Стваральнік і кіраўнік праблемнай лабараторыі па вывучэнні лейкозаў.

Тв.:

Патологическая физиология и патологическая анатомия. 5 изд. М., 1956 (разам з П В.​Мараевым);

Патологическая физиология и патологическая анатомия животных. М., 1961.

Ф.​І.​Ігнатовіч.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)