ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.​Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.​Межэлайціса (1958, з М.​Калачынскім), паэмы М.​Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.​Варанько і Дз.​Білавуса, паасобныя вершы У.​Маякоўскага, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, А.​Малышкі, А.​Міцкевіча, Ю.​Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.​Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.​У.​Скобла.

А.С.Вялюгін.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ Анатоль Ільіч (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫ́НДБЕРГ (Strindberg) Юхан Аўгуст (22.1.1849, Стакгольм — 14.5.1912),

шведскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вывучаў філасофію ва ун-це г. Упсала, працаваў настаўнікам, журналістам, акцёрам, бібліятэкарам У 1860—70-я г. зазнаў уплыў экзістэнцыялісцкай філасофіі С.​К’еркегора, пазітывісцкай гістарыяграфіі Х.​Т.​Букле і натуралістычных твораў Г.​Брандэса. У 1883—98 у эміграцыі. У першых творах — драме «Вальнадумец» (1870), трагедыях «Герміёна» (1871) і «Адрынуты» (1876) ідэя проціпастаўлення асобы асяроддзю; у гіст. драмах «Местэр Улуф» (1872), «Сакрэт гільдыі» (1880) і інш. праблема ўзаемаадносін простага чалавека і бязлітаснай цывілізацыі. Маст.-псіхал. аналіз прадстаўнікоў творчых і дзелавых колаў Стакгольма ў рамане «Чырвоны пакой» (1879). У зб. натуралістычна-рэаліст. навел «Лёсы і прыгоды шведаў» (т. 1—4, 1882—92), этнагр. працы «Шведскі народ» (т. 1—2, 1882) тэма народа як творцы гісторыі. Палеміка з тагачаснымі сац. утопіямі ў зб-ках навел і памфлетаў «Новая імперыя» (1882), «Утопіі і рэчаіснасць» (1885), зб. «Вершы» (1883). Зб. прозы «Шлюбныя гісторыі» (ч. 1—2, 1884—86) уласціва антыфемінісцкая скіраванасць. У раманах «Людзі з вострава Хемсё» (1887), «На ўзбярэжжы» (1890), п’есах «Бацька» (1887), «Фрэкен Жулі» (1888) Í інш. натуралістычныя тэндэнцыі; у аўтабіягр. кнігах «Сын пакаёўкі» (1886), «Споведзь вар’ята» (1888), «Пекла» (1897), «Легенды» (1898), гіст. драмах «Густаў Ваза», «Эрык XIV» (абедзве 1899), «Карл XII» (1901), «Крысціна» (1903) і інш. праблемы маральна-псіхал. выбару. Новы этап у творчасці С. адзначаны сімвалісцка-містычнымі драм. творамі: трылогія «Шлях у Дамаск» (ч. 1—3, 1898—1904), «Адвент» (1899), «Танец смерці» (1901) і інш. Гэту традыцыю прадоўжыў у п’есах «Навальніца», «Саната прывідаў», «Пелікан» (усе 1907), «Вялікі гасцінец» (1909), напісаных для заснаванага разам з рэж. А.​Фалькам у 1907 стакгольмскага Інтымнага т-ра. Для раманаў «Самотны» (1903), «Гатычныя пакоі» (1904), «Чорныя сцягі» (1907) характэрны сац.-крытычныя матывы. Аўтар дзённікаў «Блакітная кніга» (т. 1—4, 1907—12), гіст. мініяцюр, дарожных нататак, публіцыст. і літ.-знаўчых прац. На бел. мову асобныя навелы С. пераклаў В.​Буйвал. Брэсцкі т-р драмы і музыкі паводле яго п’есы «Фрэкен Жулі» паст. «Начную санату для мужчыны, жанчыны і троля» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — [Навелы] // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—15. М., 1908—12;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986.

Літ.:

Август Стриндберг: Биобиблиогр. указ. М., 1981.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Стрындберг.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца не прызнаюцца* шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш.). Прыхільнікі П. складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ Вітольд Каятанавіч (29 2.1872, б. сядзіба Крынкі, Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 18.6.1957),

бел. і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рус. пейзажнага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Нар. мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы акад. АН БССР (1947), правадз. чл. АН СССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1889—96) у С.Каровіна, М.Неўрава, І.Пранішнікава, В.Паленава. Зазнаў уплыў І.Левітана. Чл. Т-ва перасоўных выставак (з 1904), т-ва імя А.​Куінджы (з 1909). Адзін з арганізатараў і чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Пісаў пераважна лірычныя пейзажы. Тонкая кампазіцыйная пабудова, складаная нюансіроўка каляровых суадносін шаравата-серабрыстых і ліловых тонаў — аснова іх эмацыянальнай выразнасці. Найб. вядомыя раннія палотны: «З ваколіц Пяцігорска» (1892), «Вясна ідзе» (1899), «Вечныя снягі» (1901), «Веснавы дзень» (1902), «У канцы зімы» (1907), «Восень» (1908), «Красавіцкі дзень» (1908), «У час цішыні» (1909, залаты медаль у Мюнхене), «Зімовы сон», «Вясна ідзе» (абедзве 1911), «Ізумруд вясны» (1915), «Ціхая восень» (1916—17), «Перад вясной» (1919, бронзавы медаль у Барселоне) і інш. Найб. вядомыя лірычныя пейзажы 1920—30-х г.: «Лясная рэчка зімой», «Веснавыя воды», «Аголеныя бярозкі», «Лёд пайшоў», «Задуменныя дні восені», «Пачатак восені», «Бэз цвіце»; 1940—50-х г.: «Лотаць зацвіла», «Прыцемкі юнага мая», «Май зазелянеў», «Дні майскіх навальніц», «Блакітнай вясной», «Вясна ідзе» і інш. Б.-Б. непераўзыдзены майстар веснавога пейзажа (больш як 200 карцін). Значнае месца ў яго творчасці займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л.​М.​Талстой («Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу», 1928), А.​С.​Пушкін («Міхайлаўскае. Домік няні», «Святагорскі манастыр», «Трыгорскае», усе 1935—36; «Асеннія дні. Алея Керн», 1952). У гады Айч. вайны стварыў палотны патрыят. гучання: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў», пейзажы сядзібы П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне (усе 1942), серыю арх. пейзажаў для выстаўкі «Шэдэўры рускага драўлянага дойлідства» (1944). У 1947 жыў пад Мінскам, напісаў цыкл карцін, у якіх паказаў своеасаблівасць прыроды бел. зямлі: «Зноў расцвіла вясна», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі». Аўтар успамінаў, артыкулаў па методыцы выкладання. У г.п. Бялынічы адкрыты Бялыніцкі мастацкі музей яго імя, у Магілёве — маст. музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (аддзел Нац. маст. музея Беларусі). У 1996 у Магілёве адбыўся першы міжнар. пленэр па жывапісе імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Тв.:

Из записок художника // Из творческого опыта. М., 1958. Вып. 4.

Літ.:

Жидков Г. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: [Альбом]. М., 1953;

Тарасов Л. В.​К.​Бялыницкий-Бируля: Народный художник РСФСР и БССР. М.; Л., 1949;

Туроўнікаў М. В.​К.​Бялыніцкі-Біруля. Мн., 1959;

Карамазаў В. Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1991.

А.​К.​Рэсіна.

В.К.Бялыніцкі-Біруля. Работа мастака А.​Бархаткова. 1945.
В.К.Бялыніцкі-Біруля. Зялёны май. 1947.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫ́СТЫКА (ад грэч. patēr, лац. pater бацька),

кананічна зацверджаныя творы т.зв. «айцоў царквы» — рымскіх і візантыйскіх багасловаў, ідэолагаў філас.-тэалагічнага вучэння і дактрын хрысц. царквы 2—8 ст., а таксама бібліяграфія і даследаванні па гэтым прадмеце. Сфарміравалася ў перыяд распаду познаантычнага грамадства, выкарыстоўвала яго культ. традыцыі. Гал. змест П. — абгрунтаванне, тлумачэнне і прапаганда прынцыпаў хрысц. рэлігіі, барацьба супраць язычніцтва, палеміка з ератычнымі плынямі ўнутры хрысціянства. Адыграла важную ролю ў фарміраванні ідэалаў культуры сярэдневякоўя, разуменні духоўнага свету чалавека таго часу.

П. ўключае царк. жанры пісьменнасці: экзегетыку (тлумачэнні), гамілетыку, палемічныя трактаты-памфлеты, казанні, павучанні, агіяграфію (гл. Жыціе), гімнаграфію (песнапенні). У выніку падзелу раннехрысц. тэалогіі на зах. і ўсх. ў 5 ст. вылучыліся адносна самаст. плыні П.: грэка-візант. (аддавала перавагу алегарычнай і сімвалічнай экзегезе) і лац. (мела больш рацыяналістычны характар). У лац. П. вызначаліся творы Юсціна-філосафа, Тэртуліяна, Амвросія Медыяланскага, Іераніма, Грыгорыя Вялікага; цэнтр. месца належыць Аўгусціну (354—430), «Споведзь» якога паўплывала на сусв. л-ру. З грэка-візант. пісьменнікаў найб. вядомыя Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін (Багаслоў), Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст, Іаан Дамаскін. У стараж. Русі перакладныя творы візант. л-ры распаўсюджваліся з 10 ст. Асабліва адчувальны ўплыў грэка-візант. П. ў «словах» Кірылы Тураўскага.

На Беларусі П. пашыралася ў рукапісах («словы» Іаана Златавуста, Ісаака Сірына, 1428; «Павучанне Яфрэма Сірына», 1492). Ф.​Скарына ў сваіх тлумачэннях кніг Бібліі выкарыстоўваў працы Васілія Вялікага, Грыгорыя Вялікага, Іераніма, Ісаака і Яфрэма Сірыных, Іаана Дамаскіна і інш., а таксама аўтараў, якія не былі прызнаны царквой (Арыген і інш.). У 16—17 ст. з развіццём кнігадрукавання П. пашыралася побач з палемічнай літаратурай. З’явіліся пераклады лац. П. (творы Аўгусціна, зб-кі павучанняў), выдадзены «Слова пра цярплівасць і богаўхваленне» Іаана Златавуста, «Спрэчка другая хрысціяніна...» Іаана Дамаскіна (1585). Папулярнымі на Беларусі былі творы Яфрэма Сірына (зб-кі «Павучанні», 1780, «Кніга прападобнага айца нашага Яфрэма Сірына», 1768, і інш.). Працы Грыгорыя Назіянзіна, Іаана Дамаскіна, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына перакладалі С.​Зізаній, Карповіч і інш. П. шырока выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці І.​Фёдараў, Г. і М. Сматрыцкія, С.​Кімбар, Л. і С. Зізаніі, Карповіч, Е.​Плецянецкі, І.​Вішанскі, З.​Капысценскі, П.​Бярында, І.​Гізель, І.​Галятоўскі, Л.​Барановіч, Дзмітрый Растоўскі (Туптала) і інш. асветнікі і царк. дзеячы Беларусі і Украіны. Значнае месца адведзена творам П. ў рукапісным тлумачэнні Бібліі сярэдзіны 17 ст. «Выкладъ месцъ труднейшыхъ...», а таксама ў пашыраных на Беларусі зб-ках т.зв. вучыцельнай л-ры 16—18 ст. («Пандэкты», 1592; «Анфалагіён», 1613; «Дыёптра», 1619, і інш.).

Публ.:

Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;

Памятники средневековой латинской литературы IV—IX вв. М., 1970;

Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.

Літ.:

Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;

История русской литературы X—XVII вв. М., 1980;

Замалеев А.Ф., Зоц В.А. Мыслители Киевской Руси. 2 изд. Киев, 1987;

Яскевіч А.А. Творы Ф.​Скарыны: Жанравая структура, філас. погляды, мастацтва слова. Мн., 1995;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.

Г.​У.​Грушавы, А.​А.​Яскевіч.

т. 12, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫРАКО́МЛЯ Уладзіслаў (сапр. Кандратовіч Людвік; 29.9.1823, в. Смольгава Любанскага р-на Мінскай вобл. — 15.9.1862),

польскі і бел. паэт. Гады маленства правёў на Міншчыне ў арандаваных бацькам фальварках Яськавічы (Салігорскі р-н), Кудзінавічы (Капыльскі р-н), Мархачоўшчына (Стаўбцоўскі р-н).

Вучыўся ў дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833—35) і Навагрудку (1836—37). Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841—44). У 1844—52 арандаваў фальварак Залучча (Стаўбцоўскі р-н), з 1853 — Барэйкаўшчына (каля Вільні). За патрыят. выступленні на антыцарскіх маніфестацыях у 1861 арыштаваны і зняволены ў віленскую турму. Першае выступленне ў друку — вершаваная гутарка «Паштальён» (1844; у скарочаным варыянце ў перакладзе Л.​Трэфалева стала папулярнай рус. нар. песняй «Ямшчык»). Творчасць С. цесна звязана з гісторыяй Беларусі, з вераваннямі, звычаямі і вуснай паэзіяй бел. народа; яна глыбока дэмакратычная, антыпрыгонніцкага характару. Паэт апяваў высокую духоўнасць, сумленнасць і дабрыню простага чалавека («Улас», «Споведзь пана Корсака»), маляваў бязрадасныя карціны сял. жыцця («Гуляй, душа!», «Нядзеля», «Непісьменны», «З уражанняў палескага падарожжа», «Грабар»), ганьбаваў прыгнятальнікаў народа («Ілюмінацыя», «Лялька», «Дзічына», «Эпітафія землеўласніку»), абураўся іх абыякавасцю да лёсу прыгонных («Вызваленне сялян»), выступаў супраць самадзяржаўя («Самуэлю Неслухоўскаму», «Мазурка», «Сахар-мароз»), разам з тым прытрымліваўся ідэй класавага салідарызму. Сувязь яго твораў з бел. фальклорам выяўлялася ў перакладах і апрацоўках нар. песень («Народная песенька з ваколіц Вільні», «Доля», «Груган», «Жніўная песня»), запазычанні матываў і сюжэтаў («Хадыка», «Пра зачараваны скарб») і інш. Стварыў вершаваную гутарку, дзе стылістычна свабодна з прыкметамі імправізацыі апавядалася пра павучальную жыццёвую гісторыю паводле нар. уяўленняў пра дабро і зло. Як праніклівы фалькларыст і знаўца вуснай паэзіі беларусаў С. раскрыўся ў рэцэнзіі на кнігу А.​Глінскага «Польскі казачнік» (1853) і ў «Кароткім даследаванні мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856). Вывучэнню Беларусі прысвяціў гісторыка-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.

Падтрымліваў сувязь з мінскім літ. асяроддзем, выступаў у польскім друку з водгукамі пра бел. творы В.​Дуніна-Марцінкевіча (1855, 1857, 1861), дзе выказаў зацікаўленасць перспектывамі развіцця бел. л-ры і мовы, напісаў у гонар бел. паэта верш «Тост у доме В.​Марцінкевіча». Прыхільнік пачынанняў А.​Вярыгі-Дарэўскага, скіраваных на ўмацаванне кантактаў паміж літаратарамі і культ. дзеячамі Беларусі («Альбом» Вярыгі-Дарэўскага адкрываецца запісам С.). Падтрымаў прыход у л-ру В.​Каратынскага, разам з якім збіраўся выдаць кнігу вершаў на бел. мове (задума не ажыццёўлена). З бел. твораў С. зберагліся агітацыйны антыцарскі верш «Добрыя весці» (нап. 1848—61, апубл. 1862) і вершаваная лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды...» (нап. 1861), дзе закраналіся новыя для бел. л-ры тэмы і паняцці, выкарыстоўваліся не асвоеныя яшчэ бел. аўтарамі маст. сродкі. Творчасць С., сугучная праблемам роднага краю ў перыяд разгортвання нац.-вызв. руху, прыкметна паўплывала на фарміраванне бел. л-ры новага часу. На бел. мову яго творы перакладалі А.​Абуховіч, Я.​Лучына, Я.​Купала, А.​Паўловіч, Г.​Леўчык, М.​Машара, У.​Дубоўка, М.​Лужанін, К.​Цвірка, К.​Паўтаржыцкі, У.​Мархель, Х.​Лялько і інш. Вобраз С. выведзены ў аповесці А.​Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984).

Тв.:

Poezje Ludwika Kondratowicza. Т 1—10. Warszawa, 1872;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1966;

Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Мн., 1992;

Мінск. Мн., 1992;

Добрыя весці. Мн., 1993;

Згадкі Нясвіжа: Санеты. Мн., 2002.

Літ.:

Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Мн., 1975;

Мархель У. Лірнік вясковы. Мн., 1983;

Яго ж. Вяшчун славы і волі. Мн., 1989;

Fornalczyk F. Hardy limik wioskowy. Poznań, 1972;

Romankówna M. Władysław Syrokomla, życie i twórczość Kraków, 1975.

У.​І.​Мархель.

У.Сыракомля.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЗНАЎСТВА

Першыя спробы абагульніць вопыт бел. кінамастацтва зроблены ў пач. 1930-х г. у бел. перыяд. друку. Мэтанакіраванае даследаванне праблем кіно пачалося пасля арганізацыі ў 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі сектара тэатра, кіно і музыкі (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У 1960-я г. ў «Весцях АН БССР» і зб-ках «Беларускае мастацтва» (1957, 1962) апублікаваны артыкулы, прысвечаныя кінадраматургіі, аналізу экранізацый твораў бел. літаратуры. Розныя аспекты адлюстравання ў кіно мінулага і сучаснасці асвятляліся ў зб. артыкулаў «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва» (1968). Першая абагульняльная праца па гісторыі нац. кінамастацтва — «Беларускае кіно» А.​Красінскага, В.​Смаля, Г.​Тарасевіча (1962). Асн. этапы развіцця і станаўлення кінамастацтва Беларусі асветлены ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70; аўтары А.​Красінскі, В.​Нячай, Г.​Падбярэзскі, Г.​Ратнікаў, В.​Смаль), раздзелах пра бел. кінематаграфію ў «Гісторыі савецкага кіно» (т. 1—4, 1969—78; аўтары А.​Красінскі, В.​Смаль, Г.​Тарасевіч), 4-томнай «Гісторыі кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04; аўтары А.​Красінскі, В.​Нячай, Н.​Агафонава, А.​Карпілава, В.​Мядзведзева, Г.​Ратнікаў). Асаблівасці экраннай публіцыстыкі даследаваліся ў кнігах «Нарыс на экране» Е.​Бондаравай і Л.​Шылавай (1969), «Тэлебачанне: Хроніка, дакумент, вобраз» Н.​Фральцовай (1977), «Актыўны экран» С.​Міхайлавай (1979), «Кінадакумент і вобраз часу» А.​Красінскага (1980). З пач. 1970-х г. выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя дзеячам бел. кіно: «Юрый Тарыч» (1971), «Беларускія акцёры ў кіно» (1973) А.​Красінскага, «Кінастужка даўжынёю з жыццё» (1980, пра У.​Корш-Сабліна), «Ад сэрца — да сэрца» (2001, пра В.​Турава) Е.​Бондаравай, «Ад споведзі да эпаса» Л.​Паўлючыка (1985, пра В.​Турава) і інш. Творчасць рэжысёраў, аператараў, акцёраў і мастакоў, здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі асэнсоўваліся ў калектыўных зб-ках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), манаграфіях «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983) Е.​Бондаравай, «Экран зямлі беларускай» (1973), «Фільмы, героі, час» (1975), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987) А.​Красінскага. Фактаграфічны матэрыял прадстаўлены ў кнігах В.​Смаля «На экране — герой і народ» (1974, пра гісторыка-рэвалюцыйныя кінатворы), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979, тэма Вял. Айч. вайны), «Скрозь прызму дзесяцігоддзяў» (1980, палітыка кампартыі Беларусі ў галіне кіно ў 1920—30-я г.) і інш. Спецыфіцы тэлекіно, праблемам яго мастацкага развіцця прысвечаны даследаванні В.​Нячай: «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Станаўленне мастацкага тэлефільма» (1976), «Вялікі свет малога экрана» (1979), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), «Ракурсы. Аб тэлевізійнай камунікацыі і эстэтыцы» (1990) і інш. У манаграфіі «Жанравая прырода фільма» Г.​Ратнікава (1990) прааналізавана сістэма жанраў кінематографа ў сувязі з яго спецыфікай і псіхал. зместам. Гісторыка-тэарэтычныя праблемы эстэтыкі кіно раскрыты ў манаграфіях «Асновы кінамастацтва» В.​Нячай і Г.​Ратнікава (3-е выд., 1985), «Асновы кінамастацтва» В.​Нячай (1989), «Мастацтва кіно: этапы, стылі, майстры» Н.​Агафонавай (2001). Пытанні ментальнасці беларусаў, адлюстраванай у экраннай культуры, даследаваны В.​Нячай і Г.​Ратнікавым (зб. «Славянскія культуры пасля другой сусветнай вайны», 1996). Цесныя ўзаемасувязі бел. кіно з літаратурай асветлены ў манаграфіі Е.​Бондаравай «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993), публікацыях В.​Нячай і Г.​Ратнікава ў зб-ках «Пушкін — Беларуская культура — Сучаснасць» (1999), «Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур» (2002). Мемуары кінарэжысёраў асвятляюць этапы кінапрацэсу: «Жыццё і праца артыста» У.​Гардзіна (1960), «Закадравыя гісторыі фільма «Уся каралеўская раць» У.​Арлова (2002), «Міхаіл Пташук: Споведзь кінарэжысёра. Сцэнарый мастацкага фільма. Публікацыі. Успаміны» (2004). Выдадзены даведнікі-каталогі «Усе беларускія фільмы (ігравое кіно)» (т. 1—2, 1996—2000, склад. І.​Аўдзееў, Л.​Зайцава), «Беларуская культура і кіно: Тэматычны каталог беларускіх дакументальных фільмаў» (2002, навук. рэд. В.​Нячай), «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў: Даведнік. Ч. 1. Кінадакументы» (2002, аўтар-склад. С.​Жумар). Актуальныя праблемы кіно асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», «Роднае слова», у артыкулах Е.​Бондаравай, А.​Красінскага, В.​Нячай, Н.​Агафонавай, І.​Аўдзеева, А.​Бабковай, Л.​Зайцавай, А.​Карпілавай, В.​Мядзведзевай, Г.​Ратнікава, Л.​Саянковай, І.​Смірновай, Н.​Сцяжко і інш.

Літ.:

Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме маст. культуры. Мн., 1988;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;

Беларускае дакументальнае кіно і культура Беларусі. Мн., 1999;

Белорусское кино: Молодые режиссеры. Мн., 1999;

Белорусское игровое кино на пороге XXI в. Мн., 2000;

Концепция развития белорусского кино: Сб. ст. науч.-практ. конф. Мн., 2001;

Сучасныя тэндэнцыі літаратурна-мастацкай крытыкі: Тэорыя, практ. вопыт. Мн., 2002;

Саенкова Л.П. Массовая культура: Эволюция зрелищных форм. Мн., 2003.

Е.​Л.​Бондарава.

т. 18, кн. 2, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),

рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.​Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял. сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас.-псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус. рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.

Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.​Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.​Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.​Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.​Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.​Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-ва рус. драмы, 1921; Бел. тэатр.-маст. ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.​Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.​Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.​Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—30. Л., 1972—90.

Літ.:

Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;

Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964;

Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976;

Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978;

Селезнев Ю.И. Достоевский. 3 изд. М., 1990;

Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10;

Твардовская В.А. Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990;

Ф.​Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.

А.​М.​Адамовіч, Р.​І.​Баравік (тэатр).

Ф.М.Дастаеўскі. Партрэт мастака В.​Пярова. 1872.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)