СЫРАКО́МЛЯ Уладзіслаў (сапр.Кандратовіч Людвік; 29.9.1823, в. Смольгава Любанскага р-на Мінскай вобл. — 15.9.1862),
польскі і бел.паэт. Гады маленства правёў на Міншчыне ў арандаваных бацькам фальварках Яськавічы (Салігорскі р-н), Кудзінавічы (Капыльскі р-н), Мархачоўшчына (Стаўбцоўскі р-н).
Вучыўся ў дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833—35) і Навагрудку (1836—37). Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841—44). У 1844—52 арандаваў фальварак Залучча (Стаўбцоўскі р-н), з 1853 — Барэйкаўшчына (каля Вільні). За патрыят. выступленні на антыцарскіх маніфестацыях у 1861 арыштаваны і зняволены ў віленскую турму. Першае выступленне ў друку — вершаваная гутарка «Паштальён» (1844; у скарочаным варыянце ў перакладзе Л.Трэфалева стала папулярнай рус.нар. песняй «Ямшчык»). Творчасць С. цесна звязана з гісторыяй Беларусі, з вераваннямі, звычаямі і вуснай паэзіяй бел. народа; яна глыбока дэмакратычная, антыпрыгонніцкага характару. Паэт апяваў высокую духоўнасць, сумленнасць і дабрыню простага чалавека («Улас», «Споведзь пана Корсака»), маляваў бязрадасныя карціны сял. жыцця («Гуляй, душа!», «Нядзеля», «Непісьменны», «З уражанняў палескага падарожжа», «Грабар»), ганьбаваў прыгнятальнікаў народа («Ілюмінацыя», «Лялька», «Дзічына», «Эпітафія землеўласніку»), абураўся іх абыякавасцю да лёсу прыгонных («Вызваленне сялян»), выступаў супраць самадзяржаўя («Самуэлю Неслухоўскаму», «Мазурка», «Сахар-мароз»), разам з тым прытрымліваўся ідэй класавага салідарызму. Сувязь яго твораў з бел. фальклорам выяўлялася ў перакладах і апрацоўках нар. песень («Народная песенька з ваколіц Вільні», «Доля», «Груган», «Жніўная песня»), запазычанні матываў і сюжэтаў («Хадыка», «Пра зачараваны скарб») і інш. Стварыў вершаваную гутарку, дзе стылістычна свабодна з прыкметамі імправізацыі апавядалася пра павучальную жыццёвую гісторыю паводле нар. уяўленняў пра дабро і зло. Як праніклівы фалькларыст і знаўца вуснай паэзіі беларусаў С. раскрыўся ў рэцэнзіі на кнігу А.Глінскага «Польскі казачнік» (1853) і ў «Кароткім даследаванні мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856). Вывучэнню Беларусі прысвяціў гісторыка-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.
Падтрымліваў сувязь з мінскім літ. асяроддзем, выступаў у польскім друку з водгукамі пра бел. творы В.Дуніна-Марцінкевіча (1855, 1857, 1861), дзе выказаў зацікаўленасць перспектывамі развіцця бел. л-ры і мовы, напісаў у гонар бел. паэта верш «Тост у доме В.Марцінкевіча». Прыхільнік пачынанняў А.Вярыгі-Дарэўскага, скіраваных на ўмацаванне кантактаў паміж літаратарамі і культ. дзеячамі Беларусі («Альбом» Вярыгі-Дарэўскага адкрываецца запісам С.). Падтрымаў прыход у л-ру В.Каратынскага, разам з якім збіраўся выдаць кнігу вершаў на бел. мове (задума не ажыццёўлена). З бел. твораў С. зберагліся агітацыйны антыцарскі верш «Добрыя весці» (нап. 1848—61, апубл. 1862) і вершаваная лірычная мініяцюра «Ужо птушкі пяюць усюды...» (нап. 1861), дзе закраналіся новыя для бел. л-ры тэмы і паняцці, выкарыстоўваліся не асвоеныя яшчэ бел. аўтарамі маст. сродкі. Творчасць С., сугучная праблемам роднага краю ў перыяд разгортвання нац.-вызв. руху, прыкметна паўплывала на фарміраванне бел. л-ры новага часу. На бел. мову яго творы перакладалі А.Абуховіч, Я.Лучына, Я.Купала, А.Паўловіч, Г.Леўчык, М.Машара, У.Дубоўка, М.Лужанін, К.Цвірка, К.Паўтаржыцкі, У.Мархель, Х.Лялько і інш. Вобраз С. выведзены ў аповесці А.Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984).
Тв.:
Poezje Ludwika Kondratowicza. Т 1—10. Warszawa, 1872;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1966;
Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Мн., 1992;
Мінск. Мн., 1992;
Добрыя весці. Мн., 1993;
Згадкі Нясвіжа: Санеты. Мн., 2002.
Літ.:
Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Мн., 1975;
Мархель У. Лірнік вясковы. Мн., 1983;
Яго ж. Вяшчун славы і волі. Мн., 1989;
Fornalczyk F. Hardy limik wioskowy. Poznań, 1972;
Romankówna M. Władysław Syrokomla, życie i twórczość Kraków, 1975.