НІ́ЖНЯЯ ТО́ШЧЫЦА,

вёска ў Верхнятошчыцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Быхаў—Рагачоў. Цэнтр калгаса. За 40 км на Пд ад г. Быхаў, 84 км ад Магілёва, 11 км ад чыг. ст. Тошчыца. 191 ж., 65 двароў (2000). Базавая школа, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя, бескурганны могільнік (1-е тыс. н.э.).

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

вёска ў Казлоўскім с/с Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Рэчыца—Бабруйск. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 137 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 308 ж., 146 двароў (2000). Міжгасп. прадпрыемства «Прудок». Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі селішча (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.пач. 2-га тыс. н.э.).

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж. г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.
Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЧА,

рака ў Лагойскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл., у бас. р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 297 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Селішча Лагойскага р-на, цячэ па Мінскім узв., на рацэ вадасх. Вяча. Даліна трапецападобная, шыр. 200—300 м. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. каля 2,5 м. Берагі нізкія, спадзістыя. Пойма шыр. 50—100 м. Рэчышча звілістае, ад вусця на 13 км каналізаванае і часткова абвалаванае. Цячэ ў зонах адпачынку Вяча і Мінскае мора.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ,

селішча жал. веку (2—4 ст.) каля в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Існавала на месцы паселішча каменнага веку. Выяўлены рэшткі 3 трубных пабудоў (2 з агнішчамі), гасп. ямы. Сярод знаходак: крамянёвы скрабок, гліняныя прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя падвескі, пранізкі і ланцужкі, жал. нажы, рыбалоўны кручок, спражка; кераміка — грубаляпныя арнаментаваныя гаршкі і глянцаваныя міскі. Побач з вёскай выяўлены 3 стаянкі эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.) і стаянка бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.).

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІК (Арцём Іванавіч) (31.10.1897, в. Селішча Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 19.8.1984),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі с.-г. жывёл. Д-р вет. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1926). У 1934—77 у БСГА (да 1973 заг. кафедры, адначасова ў 1951—56 прарэктар). Навук. працы па марфалогіі і біяхім. саставу крыві, уплыве інсуліну на рост і прадукцыйнасць с.-г. жывёл.

Тв.:

Биологические особенности белорусских черно-пестрых свиней // Некоторые вопросы развития животноводства. Мн., 1963.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́КА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).

А.М.Булыка.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)