рускі акцёр. Сын А.Я.Варламава. На сцэне з 1867, з 1875 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Камедыйны акцёр-імправізатар, спалучаў традыцыі буфанады з псіхал. распрацоўкай вобразаў. Меў багаты па дыяпазоне голас. Сыграў каля 1000 роляў, большасць у вадэвілях. З класічнага рэпертуару: Варавін, Мурамскі («Справа», «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп, Яічніца («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Бальшакоў, Кураслепаў («Свае людзі — паладзім», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера). Варламава называлі «царом рус. смеху».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,
князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р.Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШАРЫ́, аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт.Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,
сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),
скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА (European Space Agency; ЕКА),
міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 13 дзяржаў Еўропы (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Вялікабрытанія і інш.). Створана ў 1975 з мэтаю развіцця даследаванняў касм. прасторы і выкарыстання на камерцыйнай аснове спадарожнікавых сродкаў для сувязі, тэлебачання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, навігацыі. метэаралогіі і інш. Мае сетку станцый сачэння за палётамі касм. апаратаў з цэнтрам кіравання ў г. Дармштат (Германія). Краіны — члены Е.к.а. маюць сваекасм. агенцтвы для вырашэння задач па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы ў нац. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРДАНО́Н,
таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ХАЛЬДУ́Н, Ібн Халдун Абдурахман Абу Зейд ібн Мухамед (27.5.1332, Туніс — 17.3.1406), арабскі гісторык і філосаф. Паслядоўнік Ібн Рушда. Развіў матэрыяліст. тэндэнцыі араб.авераізму і распаўсюдзіў яго прынцыпы на вывучэнне жыцця грамадства. У «Кнізе павучальных прыкладаў па гісторыі арабаў, персаў, бербераў і народаў, якія жылі з імі на зямлі...» выклаў свае погляды на развіццё грамадства (ідэя гіст. цыклаў; адрозненні ў спосабе жыцця людзей звязваў з геагр. асяроддзем), гісторыю народаў мусульм. Усходу, асабліва краін Магрыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Ж,
форма папячыцельства, што ўстанаўліваецца над паўналетнім дзеяздольным грамадзянінам, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папячыцель (памочнік) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць прызначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна, Распараджэнне папячыцелем маёмасцю падапечнага ажыццяўляецца на аснове дагавора-даручэння або даверанага кіравання, заключанага з падапечным; ажыццяўленне здзелак па ўтрыманні і задавальненні быт. патрэб падапечнага, робіцца папячыцелем са згоды падапечнага. П. спыняецца па патрабаванні падапечнага.