БАГРАТЫЁНІ,

дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л. рас. палкаводзец П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),

тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).

Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.

Грабневікі: 1 — берое; 2 — балінопсіс; 3 — Венерын пояс; 4 — ктэнаплана Дзюбоска.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:

Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.​В.​Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),

расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.​А.​Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖКО́ВАЕ ДРЭ́ВА, цэратонія струкавая (Ceratonia siliqua),

кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.

Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксама наз. адзін з відаў роду празопіс.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГААЛЯ́Н (Sorgum nervosum),

аднагадовая травяністая расліна роду сорга сям. злакавых. Вырошчваюць у Кітаі, Карэі, Японіі, на Д. Усходзе, Паўн. Каўказе, на Пд Украіны. Вызначаецца скараспеласцю і засухаўстойлівасцю. Зерне гааляна перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, выкарыстоўваюць на корм жывёле; салома ідзе на паліва, выраб цыновак, для крыцця стрэх.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́КС,

смала масцікавага дрэва роду фісташка. Атрымліваецца падсочкай ствалоў. Мае смаляныя к-ты (каля 42%), інертныя вуглевадароды (каля 50%), эфірныя алеі (2—3%) і інш. Антысептык, аснова, што звязвае лекі ў пілюлях і пластырах. Раствор М. ў шкіпінары выкарыстоўваецца для аховы твораў жывапісу, развядзення маст. алейных фарбаў.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у Магілёве ў 1722—32 пры езуіцкім калегіуме. Захаваліся 3 друкаваныя праграмы пра паказы 3 панегірыкаў: у 1722 — «Ганаровыя сармацкія знакі — дзедавы сякіры Асалінскіх» з антыпралогам, пралогам і алегарычным эпілогам, інтэрлюдыямі (з нагоды наведання графам Францішкам Асалінскім); у 1726 — «Ключ ведаў, далучаны да ключа прадзедаўскага герба Міхалоўскіх» з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам, інтэрлюдыямі (услаўляўся заснавальнік мясц. шляхецкага роду Мельхіёр Міхалоўскі); у 1732 — «Укаранаванае жыллё мудрасці» на лац.-польск. мове з алегарычным пралогам, хорамі і эпілогам (у гонар роду М.​Юрылеўскага — пра прынца, які сваёй мудрасцю і воінскімі доблесцямі прынёс карысць дзяржаве і заняў трон). Аўтарамі п’ес звычайна былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі (Я.​Любсевіч, С.​Свентахоўскі і Р.​Бжазоўскі).

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).

Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.

Да арт. Мініруючыя мушкі. Мінёр шмат’едны (1 — дарослы, 2 — лічынка і кокан, 3 — пашкоджаны ліст); 4 — мінёр рысавы.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада для атрымання мадуляваных эл. ваганняў у дыяпазоне радыёчастот і іх наступнага выпрамянення з дапамогай антэны. Выкарыстоўваецца для радыёсувязі, радыёвяшчання, тэлебачання, радыёнавігацыі, радыёлакацыі і інш.

Асн. вузлы Р. — генератар, мадулятар і крыніца сілкавання. Канструкцыя Р. залежыць ад спосабу атрымання высокачастотных ваганняў, дыяпазону рабочых хваль, прызначэння і магутнасці Р., віду сігналаў, якія павінны перадавацца, роду работы і інш. Бываюць стацыянарныя і рухомыя, адна- і многаканальныя. Паводле дыяпазону рабочых частот умоўна адрозніваюць нізка-, высока- і звышвысокачастотныя (нізка- і высокачастотныя Р. маюць вагальныя сістэмы з засяроджанымі параметрамі, звышвысокачастотныя — з размеркаванымі). Паводле роду работы існуюць тэлегр., тэлеф., аднапалосныя, імпульсныя і інш. Р. малой (да 100 Вт) і сярэдняй (да 10 кВт) магутнасці робяць на паўправадніковай элементнай базе, у выхадных каскадах магутных (да 1000 кВт) і звышмагутных (больш за 1000 кВт) Р. выкарыстоўваюцца электравакуумныя прылады.

У.​В.​Палзуноў.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)