бел. назва 4-га месяца каляндарнага года (30 дзён), сярэдзіна вясны. 15 К. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 01 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 45,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 393 МДж/м², радыяцыйны баланс 193 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра 5,8 °C (4,5 °C на Пн, 7,5 °C на ПдЗ). Ападкаў 40—47 мм, колькасць дзён з ападкамі 12—14. Азёры ачышчаюцца ад лёду, на вял. рэках працягваецца разводдзе. У К. поўнасцю адтайваюць глебы, пачынаецца бурнае развіццё прыроды. Цвітуць шэрая вольха, ляшчына, вярба, таполя, асіна, бяроза, пралеска, медуніца. Узнаўляецца вегетацыя азімых, канюшыны. Пачынаецца выпас жывёлы. У садах вядуць барацьбу са шкоднікамі, садзяць дрэвы і кусты, уносяць угнаенні, сеюць раннія яравыя культуры. Вяртаюцца з выраю амаль усе птушкі, большасць робіць гнёзды і кладзе яйцы. Пачынаецца ацёл у ласіх і казуль. Нерастуюць шчупак, акунь, язь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЧКІ (Sternidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 10 родаў, 43 віды. Пашыраны ўсюды. Жывуць на водмелях, вадаёмах, якія зарастаюць, некаторыя трапічныя К. (роды Anous і Cygis) — на кустах і дрэвах. К. палярная (Sterna paradisaea) робіць самыя далёкія сярод усіх вандруючых жывёл міграцыі — з Арктыкі ў Антарктыду і пакрывае двойчы за год адлегласць каля 20 тыс.км. На Беларусі 6 відаў; найб. пашыраная — К. чорная (Chlidonias nigra), самая вял. па памерах — К. чаграва (Hydroprogne caspia), К. белашчокая (Ch. hybridus), К. белакрылая (Ch. leucoptera), К. рачная (S. hirundo), К. малая (S. albifrons). 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП, К. малая — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 55 см, размах крылаў да 135 см, маса да 700 г. Крылы доўгія, вузкія. хвост вілападобны. дзюба доўгая, простая. Ногі кароткія Афарбоўка ў асн. белая, з шызай мантыяй і чорнай шапачкай, некаторыя цалкам або зверху бурыя. Трымаюцца чародкамі. Кормяцца дробнымі жывёламі. Гняздуюцца калоніямі. Нясуць да 4 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоўробіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл.Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр. свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́МБРЫЯ, звычайная,
макрэль (Scomber scombnis),
рыба сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Атлантычнага ак.: каля берагоў Паўн. Амерыкі — ад Лабрадора да Караліны; Еўропы — ад Канарскіх а-воў да Ісландыі, у Міжземным, Мармуровым, Чорным, Паўночным, Балтыйскім морах. Блізкія віды — японская С. (S. japonicus) — пашырана каля зах. і ўсх. узбярэжжаў Ціхага ак., у т. л. ў Японскім М.; каля Паўд. Афрыкі; каля зах. і ўсх. берагоў Атлант. ак., у т. л. ў Міжземным і Чорным м.; аўстралійская С. (S. australasicus) — каля Паўд. Аўстраліі і Новай Зеландыі; канагурта (Rastrelliger kanagurta) — каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, Паўн. Аўстраліі і ў прыастраўных водах — ад в-ва Мадагаскар і Чырвонага м. да а-воў Палінезіі; блізкая да канагурты індыйская С. (R. brachysoma) — каля берагоў Інданезіі, Індыі, Малайзіі, М’янмы, Пакістана, Тайланда, Шры-Ланкі; філіпінская С. (R. faughni) — каля берагоў Філіпін.
Даўж. да 60 см, маса да 1,6 кг. Цела верацёнападобнае. Спіна сінявата-зялёная са шматлікімі чорнымі выгнутымі палоскамі. Вясной робіць нераставыя і кармавыя міграцыі. Корміцца планктонам. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РГАС ЛЬЁСА ((Vargas Llosa) Марыо) (н. 28.3.1936, г. Арэкіпа, Перу),
перуанскі пісьменнік. Чл. Перуанскай акадэміі мовы. Прэзідэнт Пэн-клуба (1976—79). З 1959 жыве ў Еўропе (Мадрыд, Барселона, Парыж, Лондан). У раманах «Горад і сабакі» (1962), «Зялёны дом» (1966), «Размова ў «Катэдрале» (1969), «Панталеон і наведвальніцы» (1973), «Цётачка Хулія і пісака» (1977), «Вайна канца свету» (1981), «Гісторыя Майты» (1984), «Хто забіў Паламіна Малера?» (1986), «Апавядальнік» (1987), «Пахвальнае слова мачысе» (1988), аповесці «Шчанюкі» (1967), зб. апавяданняў «Важакі» (1959) сплаў вымыслу з амаль дакументальнымі замалёўкамі з натуры, уражаннямі дзяцінства і юнацтва. Звяртаючыся да вопыту рыцарскага рамана, флабэраўскай традыцыі, экзістэнцыялізму, сцвярджаючы права мастака на творчую свабоду і паслядоўны нонканфармізм, Варгас Льёса робіць кожны з сваіх твораў востраактуальным, чарговым эксперыментам прасторава-часавых і жанравых пабудоў. Аўтар кніг эсэ «Гарсія Маркес: сведчанне богазабойства», «Сакрэтная гісторыя рамана» (абедзве 1971), «Спрадвечная оргія: Флабэр і «Мадам Бавары» (1975), «Паміж Сартрам і Камю» (1981), «Супраць ветру і прыліву» (1983—90), «Праўда няпраўды» (1990), п’ес.
Тв.:
Рус.пер. — Война конца света: Роман. М., 1987;
Кто убил Паломино Молеро?: Повесть, пьеса. М., 1989;
Рота добрых услуг: Романы. М., 1993.
Літ.:
Земсков В.Б. Марио Варгас Льоса: сознание художника и реальность // Латинская Америка. 1975. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш.спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.
Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.М.Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.
Літ.:
Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АНСССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),
польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.Чартарыйскага, К.Сапегі, С.Солтана, І.Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш.робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.
Літ.:
Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.