РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ Сымон Аляксандравіч (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

Моцнае ўздзеянне на сучасную архітэктуру зрабіў постмадэрнізм, у якім знайшло ўвасабленне спалучэнне рэалістычнага і авангарднага кірункаў. Першы звязаны з развіццём нац. традыцый, аснова другога — рэтраспектывізм. Новыя аб’екты набылі больш выразныя сілуэтныя кампазіцыі. Як сродак маст. выразнасці важную ролю адыгрываюць колер і святло. Паскоранымі тэмпамі ішло фарміраванне агульнагарадскіх цэнтраў. Поліцэнтрычную структуру набылі Пінск, Полацк і Наваполацк. Іх развіццё прадугледжвае выхад іх да водна-зялёных зон і лясных масіваў. У вялікіх гарадах большая ўвага аддаецца захаванню гіст. забудовы. У шэрагу выпадкаў гіст. цэнтры ператвораны ў пешаходныя зоны (Пінск, Ліда). Пры гэтым новыя транспартныя лініі фарміруюцца ў абыход гар. ядра. У 1990-я г. пачала мяняцца горадабудаўнічая канцэпцыя. Калі папярэднія генпланы гарадоў арыентаваліся на высакашчыльную шматпавярховую забудову жылых раёнаў, то новая стратэгія прадугледжвае і індывідуальнае малапавярховае буд-ва (Мінск). Атрымала развіццё ідэя захавання прыродна-ландшафтных зон, асабліва каля водных зон ці сістэм (Лошыцкая і Сляпянская сістэмы, зялёныя зоны вакол рэк Свіслач, Вяча, Волма, Пціч і інш.). Далейшае развіццё гарадоў патрабавала стварэння новых транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў, якія мелі на мэце аб’яднанне цэнтральных і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам. Змяніўся характар забудовы жылых раёнаў. Калі ў 1970—80-я г. будынкі былі дакладна скаардынаваны з магістральнымі вуліцамі (размяшчаліся ўздоўж іх ці тарцовым бокам), то ў 1990-я г. іх узводзяць пад розным вуглом адносна вуліц. Пашырэнне атрымалі спартыўныя збудаванні, банкаўскія комплексы, маст. выразнасць якіх дасягаецца і канструкцыяй, і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. У такіх пабудовах падкрэсліваецца структура нясучых элементаў, вонкавыя сцены маюць частковае і суцэльнае шкленне: аўтавакзал «Маскоўскі» (арх. М.​Навумаў, інж. Л.​Валчэцкі), новы чыгуначны вакзал (В.​Крамарэнка, М.​Вінаградаў, І.​Вінаградаў) у Мінску; лядовыя палацы ў Мінску (арх. Ю.​Патапаў, І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Віцебску (арх. І.​Боўт, А.​Шафрановіч), Гродне (арх. М.​Жучко, У.​Еўдакімаў, А.​Пархута, А.​Тараненка), Гомелі (арх. І.​Боўт, С.​Міцько з удзелам Л.​Смольскай, Н.​Шамелавай, А.​Грачова); будынкі Мінсккомплексбанка, Масбізнесбанка ў Мінску (абодва арх. А.​Вараб’ёў), банкі па вул. Міцкевіча ў Гродне (арх. Н.​Чуйко, М.​Жучко, А.​Тараненка), у г. Шчучын (арх. А.​Штэн, Э.​Марцінчык, С.​Мужэйка, Т.​Чорная) і інш. Тэндэнцыі постмадэрнізму яскрава адбіліся на грамадскай і жыллёвай архітэктуры. Ускладнілася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая найчасцей грунтуецца на прынцыпе блакіроўкі аб’ёмаў розных маштабаў і форм: паліклініка па праспекце Машэрава (арх. В.​Крусь), рэканструяваны будынак ЦУМа (арх. С.​Неўмывакін, В.​Счыслёнак, І.​Бялешчанка), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц М.​Багдановіча і Някрасава (арх. Э.​Левіна), па вул. Грыбаедава (арх. Д.​Сакалоў, А.​Чадовіч) у Мінску; па вул. Кірава ў Брэсце (арх. У.​Чайкоўскі, А.​Чайкоўская) і інш. Атрымалі распаўсюджанне вежавыя формы: ЗАГС Кастрычніцкага раёна (арх. А.​Цэйтлін, А.​Трусаў), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц Л.​Бяды і Някрасава (арх. Л.​Маскалевіч), па вул. Варвашэні (арх. В.​Галкоўскі, Т.​Лабінская) у Мінску; дзіцячы парк па вул. З.​Касмадзям’янскай у Пінску (арх. А.​Васіленка), катэджы ў Бараўлянах, Гарадзішчы пад Мінскам. Для ўзмацнення маст.-эстэтычнай выразнасці ў новых пабудовах выкарыстоўваюцца гіст.-арх. элементы, разлічаныя на дэкар. эфект: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен (замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце, арх. В.​Кескевіч, Ю.​Прудзялюк), паўцыркульныя нішы і аконныя праёмы, трохвугольныя ці фігурныя франтоны з матывамі барока, арачныя галерэі, дэкар. калоны, рызаліты і інш. У сучаснай архітэктуры маюць месца матывы мадэрна (крывалінейныя формы ў спалучэнні з двухсхільнымі дахамі, мансардныя надбудовы): праект карчмы для музейна-вытворчага комплексу «Дудуткі» (у Пухавіцкім р-не; арх. А.​Базевіч, С.​Сергачоў), індывідуальны чатырохпакаёвы жылы дом (арх. В.​Кескевіч), жылыя дамы па вул. Леваноўскага (арх. А.​Янушка) у Брэсце, на Лагойскім тракце ў Мінску (арх. П.​Кракалёў, Л.​Карначык).

Найб. яскрава рэтраспектыўная тэндэнцыя ў сучаснай архітэктуры выявілася ў культавым дойлідстве. Пра распаўсюджанне ў сакральным дойлідстве гатычных матываў сведчаць буйнамаштабныя формы базілікальных храмаў са сціплым выкарыстаннем дэкар. элементаў, шчытавыя дахі, вузкія выцягнутыя вокны стральчатых абрысаў, контрфорсы (касцёл і праваслаўная царква ў Мастах, касцёл Узвіжання Святога Крыжа ў Светлагорску). У праваслаўнай царкоўнай архітэктуры знайшлі адлюстраванне візантыйскія і руска-візантыйскія матывы. Кампактныя крыжова-купальныя ў плане пабудовы маюць характэрнае закамарнае перакрыццё; сферычны, шлемападобны ці цыбулепадобны купал на высокім цыліндрычным барабане з шэрагам вузкіх аконных праёмаў (храмы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, у імя Прападобнай Ефрасінні княжны Полацкай у Мінску; цэрквы Серафіма-Сароўская ў г. Белаазерск, Святога Пакутніка Валянціна ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і інш.). Часам для аздаблення выкарыстоўваліся какошнікі (капліца па вул. Карастаянавай у Мінску). На аснове пераасэнсавання традыцый дойлідства ў новых пабудовах знайшло адлюстраванне ўзаемадзеянне гіст. і сучаснага (аднаўленне будынка ратушы ў Мінску, 2002). Адной з істотных заканамернасцей архітэктуры стала рэтраспектыўная тэндэнцыя, што была вынікам постмадэрнізму. Аднак пэўнай стылістычнай накіраванасці 1990-я — пач. 2000-х г. не прынеслі. Для архітэктуры гэтага перыяду характэрна адраджэнне гіст. і нац. традыцый. Вынікам пошукаў выразнасці стала своеасаблівая шматстылёвасць архітэктуры.

т. 18, кн. 2, с. 647

Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо ў Мінску. Фрагмент.
Замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце. 1995—97.
Ратуша ў Мінску. Фота 2004.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУК АКУПАЦЫ́ЙНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,

выданні, якія выходзілі ў 1941—44 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Выдаваўся ням. адміністрацыяй (цывільнай і ваеннай), бел. легальнымі арг-цыямі і фарміраваннямі для прапаганды палітыкі і практыкі ням.-фаш. улад, забеспячэння эфектыўнасці кіравання на захопленых тэрыторыях, захавання лаяльнасці мясц. насельніцтва, барацьбы з партыз. рухам і ўплывам камуніст. ідэалогіі. На тэр. Беларусі выходзіла каля 100 легальных перыяд. выданняў (разам з аднадзёнкамі і нерэгулярнымі выданнямі) на бел., рус., ням., часткова ўкр. мовах (газеты выдаваліся раз у 3—7 дзён, часопісы раз у 1—2 месяцы); на бел. мове выдаваліся адм. структурамі акупац. улад і падкантрольнымі ім установамі-аддзеламі прэсы, прапаганды, культуры гебітскамісарыятаў і гар. упраў, спецыялізаванымі выд-вамі (газ. «Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Слонімскі кур’ер», час. «Беларуская школа», «Новы шлях» і інш.) або грамадскімі арг-цыямі — бел. нац. к-тамі, культ. згуртаваннямі, прафс. арг-цыямі, цэнтр. і рэгіянальнымі структурамі Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі (газ. «Беларускі голас», час. «Жыве Беларусь!» і інш.). Тэматычна да гэтай групы выданняў прымыкала бел. перыёдыка ў Германіі (газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Беларускі студэнт», «Малады змагар»), распаўсюджанне якой на Беларусі было вельмі абмежавана. На старонках легальнай прэсы друкаваліся загады і распараджэнні акупац. улад, прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, тэндэнцыйная інфармацыя пра баявыя дзеянні на франтах 2-й сусв. вайны і міжнар. падзеі, агляды перыёдыкі краін саюзнікаў Германіі, публікацыі пра эканам., паліт., сац., ваен. сітуацыю ў Беларусі, дзейнасць легальных арг-цый і фарміраванняў, успаміны бел. эмігрантаў, навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, праблемах развіцця культуры, асветы, навукі, мовы, агляды культ. жыцця і г.д. Ваен. ўлады тылавога раёна групы армій «Цэнтр», камандаванне рус. калабарацыянісцкіх вайск. фарміраванняў, антысав. арг-цыі прарус. арыентацыі выдавалі на рус. мове газ. «Новый путь» (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Гомель, Лепель, Магілёў і інш.), «Боевой путь» (Дзятлава), «Казак» (Навагрудак) і інш. Асобную групу складалі перыяд. выданні на ням. мове — зборнікі нарматыўных актаў, загадаў, распараджэнняў і інфармацый акупац. улад, штодзённая газ. «Minsker Zeitung» («Мінская газета»). У паўд. ч. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», распаўсюджваліся газеты на ўкр. мове — «Наше слово» (Брэст) і «Пиньска газета» (Пінск). З прапагандысцкімі мэтамі выкарыстоўваліся таксама плакаты (іх друкавалі пераважна за межамі Беларусі) і лістоўкі.

Літ.:

Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг. Мн., 1995.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́РТ (Descartes) Рэнэ (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),

французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш. Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.​Лока, Ж.​Ламетры, І.​Канта, Б.​Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.​Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.

На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.

С.​Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.​Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.​Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.​Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.​Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Літ.:

Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;

Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;

Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;

Тез. докл. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Р.Дэкарт.

т. 6, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.

Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).

Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.

У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт. ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.

На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.

Літ.:

Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;

Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСІФІКА́ЦЫЯ,

гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.​Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац. Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас. дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкі Сав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр. БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).

Літ.:

Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;

Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АН СССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;

Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава, С.​М.​Ходзін.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ МО́ВА,

адна з усходнеславянскіх моў, мова рускіх. Дзярж. мова Расійскай Федэрацыі; адна з дзярж. моў (разам з беларускай мовай) Рэспублікі Беларусь; адна з афіц. і рабочых моў ААН, ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый, уваходзіць у лік «сусветных моў». У гісторыі Р.м. вылучаюць 3 асн. перыяды развіцця: 6—14 ст. — перыяд існавання стараж.-рус. мовы; 15—17 ст. — перыяд мовы велікарус. народнасці, які пачаўся з распаду стараж.-рус. мовы на 3 усх.слав. мовы: Р.м., бел. і ўкраінскую мову; 18—21 ст. — перыяд функцыянавання сучаснай рус. нац. мовы; вял. ролю ў 19 ст. ў замацаванні літ. норм адыграла творчасць А.Пушкіна. Р.м. мае дыялекты: паўн. (ладага-ціхвінская, валагодская, кастрамская групы гаворак) і паўд. (зах., верхнедняпроўская, верхнедзяснінская, курска-арлоўская, усх. групы гаворак); сярэднярус. гаворкі: зах. окаючыя (наўгародскія, гдоўскія) і акаючыя (пскоўскія, селігера-таржкоўскія), усх. окаючыя (уладзімірска-паволжскія) і акаючыя. Умоўна групы гаворак аб’ядноўваюцца ў дыялектныя зоны зах., паўн., паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд., паўд.-зах. і паўд.-ўсходнюю. Многія з зах., верхнедняпроўскіх і верхнедзяснінскіх гаворак паўд. дыялекту маюць рысы, якія збліжаюць іх з некат. гаворкамі паўн.-ўсх. дыялекту бел. мовы. Адрозненне Р.м. ад бел. і ўкр. моў выяўляецца ў спецыфічных асаблівасцях яе сістэмы, гал. чынам у фанетыцы і марфалогіі. У фанетыцы — наяўнасць «ро», «ло» і «ре», «ле» ў каранях слоў паміж зычнымі пры «ры», «лы» і «ри», «ли» у бел. і ўкр. мовах (рус. «крошить», «глотать», бел. «крышыць», «глытаць», укр. («кришити», «глитати»); вымаўленне спалучэнняў мяккіх зубных і шыпячых з j пры доўгіх мяккіх зычных у бел. і ўкр. мовах (рус. «судья», бел. «суддзя», укр. «суддя»); выбухное «г» пры фрыкатыўным γ у бел. мове (рус. «город», бел. «γорад») і інш. У марфалогіі — адсутнасць клічнай формы пры наяўнасці яе ў бел. і ўкр. мовах (рус. «брат!», бел. «браце!», укр. «брате!»); адсутнасць чаргавання «к», «г», «х» з «ц», «з», «с» у склонавых формах назоўнікаў пры наяўнасці яго ў бел. і ўкр. мовах (рус. «нога — на ноге», бел. «нага — на назе», укр. «нога — на нозі»); шырокае распаўсюджанне формы назоўнага склону мн. л. з канчаткамі -а(-я) пад націскам у назоўніках ніякага роду пры яго адсутнасці ў бел. і ўкр. мовах (рус. «дома́», бел. «дамы́», укр. «домы́») і інш. Значныя адрозненні паміж рус., бел. і ўкр. мовамі — у лексіцы, як найб. рухомым узроўні мовы.

Пісьменства Р.м. атрымала ў спадчыну са Стараж. Русі (гл. Кірыліца, Глаголіца). Кірыліца ляжыць у аснове сучаснага рускага алфавіта. Найб. раннія з пісьмовых помнікаў, якія адлюстроўваюць элементы рус. маўлення, адносяцца да 11 ст. (Астрамірава евангелле, Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076, Архангельскае евангелле 1092, Наўгародскія службовыя мінеі 1096—97 і інш.).

Існуюць даўнія традыцыі рус.-бел. моўных кантактаў, іх узаемадзеяння і ўзаемаўплыву. Гэтаму спрыяла тэр. суседства рус. і бел. моў, іх блізкароднасны характар, адзіныя шляхі на пэўных этапах рус. і бел. народаў. У рус. і бел. мовах шмат агульнага: значны пласт лексікі, грамат. лад і інш. Р.м. на Беларусі функцыянуе пераважна ў сваёй літ. разнавіднасці і гарадскога прастамоўя, а таксама астраўных (стараверскіх) гаворак у некат. рэгіёнах Беларусі; характарызуецца шэрагам спецыфічных, абумоўленых уплывам бел. мовы, рыс і асаблівасцей, пераважна ў сферы фанетыкі (вымаўлення), лексікі, акцэнтуацыі і інтанацыі. Вывучае Р.м. русістыка.

Літ.:

Русская грамматика. Т. 1—2. М., 1980;

Русский язык: Энцикл. 2 изд. М., 1998;

Русский язык в Белоруссии. Мн., 1985;

Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999.

А.​А.​Лукашанец.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

спецыяльна пабудаваныя і адпаведна абсталяваныя збудаванні для аздараўленчых і вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па розных відах спорту.

Першыя С.з. — ант. стадыёны, іпадромы, амфітэатры, цыркі Стараж. Грэцыі і Рыма. Распаўсюджанне хрысціянства, якое адмаўляла культ гарманічна развітага чалавечага цела, прыпыніла буд-ва С.з. у сярэднія вякі. С.з. 19 ст. ў Зах. Еўропе (басейны, гімнастычныя залы) стылістычна паўтаралі ант. ўзоры. Памеры і арх. асаблівасці робяць сучасныя С.з. моцнымі кампазіцыйнымі акцэнтамі забудовы населенага пункта, мікрараёна, зоны адпачынку і інш. (стадыёны «Маракана» ў Рыо-дэ-Жанейра і «Раздан» у Ерэване, спарт. комплексы «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.). Адрозніваюць С.з. спецыялізаваныя (велатрэкі, басейны, тэнісныя корты і інш.) і комплексныя (стадыёны, палацы спорту, манежы, комплексныя пляцоўкі, шматзальныя карпусы і інш.). Паводле аб’ёмна-планіровачных вырашэнняў падзяляюцца на адкрытыя і крытыя, паводле прызначэння — для летніх і зімовых відаў спорту, вучэбна-трэніровачныя і дэманстрацыйныя (з трыбунамі для гледачоў). Набылі пашырэнне шматмэтавыя спарт.-відовішчныя збудаванні для спарт. спаборніцтваў, мітынгаў, сходаў, канцэртаў, кінапаказаў і інш.

На Беларусі будынкі і памяшканні для заняткаў спортам і фізкультурай будавалі з 18 ст. (манежы, фехтавальныя залы). З канца 19 ст. вядомы спец. спарт. залы для барацьбы, цяжкай атлетыкі, велатрэк (Мінск). Актыўнае буд-ва С.з. пачалося ў канцы 1920-х г. (іпадром у Мінску, стадыёны ў Гомелі, Магілёве, Мінску, Оршы; усе знішчаны ў Вял. Айч. вайну). У пасляваен. гады С.з. сталі абавязковай ч. забудовы гарадоў, паркаў культуры і адпачынку, цэнтр. сядзіб калгасаў і саўгасаў, тэрыторый пры навуч. установах. Для буйных рэсп., усесаюзных і міжнар. спаборніцтваў пабудаваны унікальныя С.з., якія вызначаюцца арыгінальнасцю арх. прыёмаў, навізной планіровачна-тэхнал. вырашэнняў: стадыён «Дынама» ў Мінску, Мінскі палац спорту, спарт. комплексы «Працоўныя рэзервы», «Раўбічы», «Стайкі», Палац лёгкай атлетыкі спарт. к-та Узбр. Сіл Беларусі, Палац тэніса ў Мінску (гл. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь), конна-спарт. манеж «Ратамка», Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, Палац спорту ў Гомелі (1964) і інш. Найчасцей С.з. ўзводзяць паводле індывід. праектаў, з выкарыстаннем спец. канструкцый для перакрыцця вял. (да 56 м) пралётаў. У 2-й пал. 1990-х г. рэалізавана праграма буд-ва ў абл. гарадах палацаў спорту (лядовых палацаў) для спаборніцтваў па фігурным катанні, хакеі і інш.: Мінскі лядовы палац спорту, у Брэсце (арх. І.​Боўт, В.​Шаўчэнка), Віцебску (арх. Боўт, А.​Шафрановіч), Гомелі (арх. Боўт, С.​Міцько), Гродне (арх. М.​Жучко, У.​Еўдакімаў, А.​Пархута, А.​Тараненка), Магілёве (арх. А.​Вераценнікаў, М.​Гроднікаў, Г.​Зыблюк, А.​Касаткін). Умяшчальнасць трыбун 3150—2000 месцаў. С.з. вызначаюцца своеасаблівымі планіровачнай структурай, вырашэннем інтэр’ераў і дызайнам, выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Спарт. залы палацаў перакрыты уніфікаванымі фермамі пралётам 48 м пры выш. залы да 12 м (у Мінску — 9 м). Рэканструяваны крыты каток у парку імя М.​Горкага (арх. А.​Прасяная, Ю.​Кузьміна і інш.) і адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту (арх. Боўт, Шафрановіч) у Мінску. З 1999 ствараецца Нац. алімп. комплекс у Мінску.

Літ.:

Кистяковский А.Ю. Проектирование спортивных сооружений. 2 изд. М., 1980;

Филимонов С.Д. Архитектура универсальных зрелищно-спортивных залов. Мн., 1980;

Яго ж. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;

Спортивная панорама // Архитектура и стр-во. 2000. №4.

С.​А.​Сергачоў, С.​Дз.​Філімонаў.

Да арт. Спартыўныя збудаванні. Крыты стадыён спартыўнага комплексу «Алімпійскі» ў Маскве.
Да арт. Спартыўныя збудаванні. Лядовы палац спорту ў Гомелі. Архітэктары І.​Боўт, С.​Міцько.
Да арт. Спартыўныя збудаванні. Адкрытая лядовая пляцоўка Палаца спорту ў Мінску.
Да. арт. Спартыўныя збудаванні. Палац спорту ў Віцебску. Архітэктары І.​Боўт, А.​Шафрановіч.

т. 15, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).

2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл. Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш. дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.

На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.​Маранобу, К.​Утамара, К.​Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.​Дзюрэр, Г.​Гольбейн Малодшы, Л.​Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш.). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.​А.​Фраганар, У.​Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.​Дам’е, У.​Блейк, Э.​Дэлакруа, В.​Васняцоў, І.​Білібін і інш.). У І. 20 ст. вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.​Пікасо, Р.​Гутуза, Р.​Кент, У.​Фаворскі, А.​Канеўскі і інш.).

На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл. сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.​Скарыны, П.​Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.​Вашчанкаў, Ф.​Ангілейкі, А. і Л.​Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.​Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.​Аляшкевіч, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, К.​Кастравіцкі, К.​Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.​Філіповіч, П.​Гуткоўскі, А.​Тычына, Г.​Змудзінскі, В.​Дваракоўскі, Я.​Горыд, Я.​Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.​Літко, М.​Малевіч, Б.​Басаў, А. і В.​Волкавы, Я.​Мінін і інш. У Вял. Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.​Букаты, Дз.​Красільнікаў, В.​Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.​Басалыгі, Я.​Кулік, А.​Кашкурэвіч, А.​Лось, Г. і Н.​Паплаўскія, У.​Савіч, М.​Селяшчук, В.​Славук, В.​Шаранговіч, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.​С.​Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.
Да арт. Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.
А.​Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.
Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.​Мсціслаўца. 1575.
В.​Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)