ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Казімір) (1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл.Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл.Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІ́ШЫ,
дзяржаўныя дзеячы герба «Лебедзь» у ВКЛ. Магчыма, іх род з’яўляецца адным са шматлікіх адгалінаванняў літоўскага баярскага роду, які прыняў герб «Лебедзь» у час заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Родапачынальнік Завіша ўпамінаецца ў 1443—86. Найб. вядомыя:
Мельхіёр (1525?—1592), маршалак гаспадарскі ў 1578—88, кашталян віцебскі з 1588. Ян (каля 1550—1626), падкаморы лідскі ў 1593—96, ваявода мсціслаўскі ў 1596—99, ваявода віцебскі і староста суражскі з 1599. Ян Мікалай (каля 1585—1647), кашталян віцебскі з 1626. Андрэй (каля 1557—1604), ваявода мінскі ў 1596—98, падскарбі земскі ВКЛ з 1598. Крыштоф (каля 1600—70), лоўчы ВКЛ у 1629—37, пісар вялікі ВКЛ у 1637—49, староста мінскі ў 1631—45 і браслаўскі з 1645, маршалак надворны ў 1649—54, маршалак вялікі ў 1654—69, кашталян віленскі з 1669. Крыштоф Станіслаў (20.4.1666—15.8.1721), староста чачэрскі з 1684, мінскі з 1685, ваявода мінскі з 1720. У мемуарах апісаў паліт. падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай. Ігнацы (каля 1690—16.8.1738), мечнік ВКЛ у 1730—34, падкаморы ВКЛ у 1734—36, маршалак надворны з 1736, староста мінскі, чачэрскі, хаславіцкі, сумілішскі і індурскі, ген.-маёр кавалерыі. Ян Казімір (1820—87), гл.Завіша Я.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́ВІЧЫ, Зяноўевічы, Дэшпаты-Зяновічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род уласнага герба «Дэшпат». Родапачынальнік Братоша (Братша) быў чл. рады полацкага кн. Андрэя Альгердавіча (да 1387), вял.кн. Вітаўта (1398—1404). Ад імя сына Братошы Зяновія ўтварылася родавае прозвішча. Найб. вядомыя З.:
Юрый Іванавіч (каля 1450 — пасля 1516), намеснік браслаўскі ў 1494—99, смаленскі ў 1507—08, магілёўскі з 1514, маршалак гаспадарскі з 1515, уладальнік Смаргоні, Паставаў, Глыбокага і інш.Юрый Мікалаевіч (каля 1510—83), староста чачэрскі і прапойскі ў 1547—70, лепельскі ў 1570 і дзісенскі ў 1577, кашталян полацкі ў 1566—79 і смаленскі з 1579. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Крыштоф (каля 1540—1614), староста чачэрскі і прапойскі ў 1577—90, кашталян у 1585—88 і ваявода брэсцкі з 1588. Мікалай Багуслаў (? — 7.9.1621), староста чачэрскі і прапойскі з 1614, кашталян полацкі з 1618. Ян Янавіч (каля 1550—1614), падстолі ВКЛ у 1576—94, кашталян віцебскі ў 1594—1600 і смаленскі з 1600. Станіслаў (каля 1610—72), падкаморы вількамірскі ў 1653, кашталян навагрудскі з 1671. Крыштоф (?—1717), маршалак у 1687 і староста ў 1701 ашмянскі, пісар вялікі ВКЛ у 1703—09, палкоўнік войска ВКЛ, ваявода мінскі з 1709.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр.Квітка) Рыгор Фёдаравіч
(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес.т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;
Рус.пер. — Проза. М., 1990.
Літ.:
Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;
Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУ́БІНСКІЯ (Палубенскія),
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ. Паходжанне не высветлена, уласны радавод выводзіў іх ад вял.кн. Альгерда. Прозвішча ад с. Палубнікі каля г. Ліда або ад с. Палюбічы (Палубіца) у Брэсцкім пав. Упамінаюцца з 15 ст.Найб. вядомыя:
Васіль Андрэевіч (?—4.3.1551), намеснік уладзіміра-валынскі ў 1505—07, дзяржаўца любашанскі і цяцерынскі ў 1515—16, жалудоцкі ў 1516—35, каняўскі і дубіцкі ў 1527—29, староста мсціслаўскі і радамльскі з 1535, маршалак гаспадарскі з 1521 або 1522. Іван Андрэевіч (?—1556), маршалак гаспадарскі з 1540, спраўца (адміністратар) Навагрудскага ваяв. ў 1549—51. Аляксандр Іванавіч (?—1607 або 1608), кашталян навагрудскі з 1586, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Канстанцін Аляксандравіч (?—1640), кашталян мсціслаўскі ў 1627—33, ваявода парнаўскі з 1633. Удзельнічаў у войнах са Швецыяй 1600—29 і з Расіяй 1609—18. У 1618 фундаваў Дзярэчынскі дамініканскі кляштар. Аляксандр Гіляры (6.8.1627—3.11.1679), падстолі ВКЛ у 1654, пісар польны ВКЛ у 1654—68, староста генеральны жамойцкі ў 1669—70, маршалак вялікі ВКЛ з 1669. Удзельнічаў у вайне з Расіяй 1654—67. У 1662 фундаваў Глускі бернардзінскі кляштар. Дзмітрый Самуэль (?—8.8.1687), ваявода навагрудскі з 1670.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац.навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш.гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш.Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар.пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУШЭ́ВІЧ ((Naruszewicz) Адам Тадэвуш Станіслаў) (20.10.1733, каля г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.7.1796),
гісторык, паэт, перакладчык, рэлігійны дзеяч. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме, Віленскай акадэміі (1748—54), Ліёне (Францыя, 1758—62). Чл. ордэна езуітаў (1748—73). Да 1773 выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіуме (1762—64), Рыцарскай школе ў Варшаве (1766—67). З 1781 пісар вялікі ВКЛ і сакратар (да 1786) Пастаяннай Рады. Суправаджаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў паездках па Беларусі і Украіне (апісаў у «Дыярыушы падарожжа найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Гродзенскі сейм», 1784 і «Дыярыушы падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Украіну», 1787). З 1788 біскуп смаленскі, з 1790 — луцкі. Прымаў удзел у працы Чатырохгадовага сейма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Калі ўступіў у Таргавіцкую канфедэрацыю, адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар паліт. од, ідылій, сатыр. твораў, перакладаў з франц. і лац. моў. Гал. праца Н. «Гісторыя польскага народа ад пачатку хрысціянства» (т. 2—7, 1780—86; т. 2, выд. 1824) ахоплівае падзеі ад старажытнасці да пач. панавання Ягелонаў (1386). Адзін з аўтараў «Палітычнай гісторыі старажытных дзяржаў...» (1772). Сабраныя Н. 231 том матэрыялаў («Acta regum et populi Poloni», т. зв. «Папкі Н.») — вял. каштоўнасць для сучаснай навукі.
Тв.:
Korespondencja A. Naruszewicza. Wrocław, 1959;
Liryki wybrane. Warszawa, 1964.
Літ.:
Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;