ІНБРЫ́ДЗІНГ (англ. inbreeding ад in у, унутры + breeding развядзенне),
скрыжаванне блізкароднасных паводле паходжання арганізмаў. Адна з найб. цесных форм І. — самаапладненне, уласцівае прыблізна 1/3 усіх культ. раслін (пшаніцы, ячменю, цытрусавым і інш.). У жывёл і перакрыжаванаапыляльных раслін працяглы І. вядзе да павелічэння гомазіготнасці патомства ў папуляцыі, генет. дыферэнцыяцыі зыходнага матэрыялу, зніжэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці; магчыма ўзнікненне выродстваў або гібель патомства. У раслінаводстве І. наз. інцухтам. У селекцыі І. выкарыстоўваюць для атрымання самаапыляльных (інбрэдных), ці інцухтліній, стварэння роднасных форм, гомазіготных па адной або некалькіх каштоўных прыкметах, як этап селекцыі на гетэрозіс. Процілегласць І. — аўтбрыдзінг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЖА́ РАСЛІ́Н,
хвароба, якая выклікаецца іржаўнымі грыбамі. Характарызуецца ўтварэннем на надземных органах раслін пустул рознай формы і велічыні, з якіх пры растрэскванні высыпаюцца іржава-бурыя, аранжава-жоўтыя або цёмна-карычневыя споры грыба. Пашкоджвае збожжавыя, тэхн., дэкар., лясныя культуры, дзікарослыя травы. У хворых раслін парушаюцца абмен рэчываў, водны баланс, зніжаюцца фотасінтэз, зіма- і засухаўстойлівасць, устойлівасць да палягання, затрымліваецца рост, зніжаецца прадукцыйнасць. Інфекцыя захоўваецца ў раслінных рэштках і насенні, разносіцца спорамі грыба. На Беларусі найб. шкодзіць І.р.: сцябловая (лінейная) злакаў, бурая (лісцевая) жыта і пшаніцы, карончатая аўса, гароху і лубіну, канюшыны, лёну, яблыні, ігліцы, бакальчатая парэчак і агрэсту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ЦЫЯ НАСЕ́ННЯ,
паказчык якасці насення. Залежыць ад чысціні, усходжасці, энергіі прарастання, вільготнасці, абс. масы, ступені адходаў, пашкоджанасці хваробамі, шкоднікамі і інш. Паводле гэтых паказчыкаў насенне збожжавых, зернебабовых і алейных культур падзяляюць на I, II і III класы, напр. усходжасць і чысціня насення мяккай азімай пшаніцы 1 кл. — 95 і 99%, II кл. адпаведна 92 і 98,5%. Якасць насення вызначаюць дзярж. насенныя інспекцыі. Не дапускаецца да сяўбы насенне пры выяўленні ў ім зерня каранціннага і ядавітага пустазелля, галаў пшанічнай нематоды, жывых шкоднікаў, іх лічынак і інш. Насенне, якое не адпавядае нормам якасці хоць бы па аднаму паказчыку, наз. некандыцыйным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ПАЎ (Анварбек Закіравіч) (н. 28.8.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-рс.-г.н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1951). З 1955 у БСГА (у 1962—67 і ў 1977—83 прарэктар, з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы і селекцыі збожжавых культур (пшаніца, трыцікале).
Тв.:
Биология цветения, опыления и оплодотворения видов пшеницы. Горки, 1971 (у сааўт.);
Біятыповы састаў сартоў пшаніцы і іх генетычныя формулы (разам з І.К.Копцікам) // Весці Акадэміі аграрных навук Беларусі. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗЕ́Н (Limousin),
гістарычная вобласць у цэнтр.ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Верхняя В’ена, Карэз, Кроз Пл. 16,9 тыс.км². Нас. каля 750 тыс.чал. (1995). Гал. горад і прамысл.цэнтр. — Лімож. Уся тэр. ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на плато Лімузен. Клімат умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважна с.-г. раён.
Найб. развіта жывёлагадоўля — развядзенне буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, грэчкі, бульбы, кармавых культур. У далінах вырошчваюць агародніну, садавіну, тытунь. Здабыча кааліну, уранавай руды. ГЭС на рэках Дардонь і Везер. У прам-сці пераважаюць тэкст. і харч. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РСІЯ (Murcia),
гістарычная вобласць і сучасная правінцыя на ПдУ Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м.Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1038 тыс.ж. (1992). Гал. горад — Мурсія. Рэльеф пераважна горны, выш. асобных хрыбтоў 1300—1700 м. Па даліне р. Сегура — Мурсійская нізіна. М. — аграрна-індустр. вобласць. Важны раён паліўнога земляробства, які спецыялізуецца на вырошчванні субтрапічных (пераважна цытрусавых) культур і шаўкаводстве. На непаліўных землях пасевы ячменю і пшаніцы. Прам-сць: каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку), нафтаперапрацоўка, хім. (серная к-та, азотныя ўгнаенні), суднабудаванне і суднарамонт, харч., шаўковая, гарбарна-абутковая, баваўняная; вытв-сць абсталявання для кансервавай прам-сці. Буйны марскі порт — Картахена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТАРДА́НТЫ (ад лац. retardo затрымліваю, запавольваю),
форма пестыцыдаў, якія прыгнечваюць рост сцёблаў і парасткаў і надаюць раслінам устойлівасць да палягання. Павышаюць эфектыўнасць інш. аграпрыёмаў і ўраджайнасць збожжавых культур, зніжаюць страты прадукцыі ў час збору і захавання. Выкарыстоўваюцца ў выглядзе раствораў, сумяшчаюць з інш. пестыцыдамі і пазакаранёвымі падкормкамі мікраэлементамі. Найб. пашыраныя Р.: хлорхалінхларыд (прадухіляе паляганне азімай пшаніцы, павялічвае выхад насеннай прадукцыі шматгадовых злакавых траў, паляпшае якасць расады памідораў, паскарае плоданашэнне яблынь, абмяжоўвае рост вусоў суніцы); кампазан (прадухіляе паляганне азімага жыта, ячменю, лёну-даўгунцу); гідрэл (прадухіляе прарастанне клубняў бульбы пры захоўванні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВО́Я (Savoie),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, у Савойскіх Альпах. Уключае дэпартаменты Савоя і Верхняя Савоя. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. каля 1 млн.чал. (2000). Гал. горад — Шамберы. Рэльеф горны. У гарах лясы з дубу і каштану, вышэй — хвойныя лясы і альпійскія лугі. Клімат умераны, вышэй за 2000 м — халодны. Раён развітой прам-сці (ГЭС, электрахім. і электраметалургічная, дрэваапр., папяровая, станкабуд., гарбарная) і турызму (базы зімовага спорту, курорты Шамані, Эвіян-ле-Бэн і інш.). Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Выраб сыроў. У далінах пасевы пшаніцы, бульбы, фуражных культур, сады і вінаграднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТАРЫЁЗЫ, белая плямістасць,
хваробы раслін, якія выклікаюцца патагеннымі грыбамі роду септорыя. Пашкоджваюць лісце, радзей сцёблы і плады з утварэннем белых плям (адсюль другая назва) з цёмным абадком. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. шкодзіць збожжавым культурам, памідорам, грушы, парэчкам, агрэсту, маліне.
Развіццю хваробы спрыяе вільготнае надвор’е і т-ра паветра 20—23 °C. На верхнім баку плям развіваюцца пікніды (з пікнаспорамі) грыба ў выглядзе чорных крапінак. Пры С. заўчасна ападае моцна пашкоджанае лісце, расліна аслабляецца, ураджай часам зніжаецца на 30—50%.
Септарыёзы: 1 — грушы; 2 — маліны; 3 — жыта; 4 — пшаніцы (пашкоджаныя: а — зярняўка; б — каласок; в — расліна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЦЯ́НІКІ, драцяныя чэрві,
лічынкі жукоў сям. шчаўкуноў; шкоднікі многіх с.-г. і дзікарослых раслін. На Беларусі найб. пашыраны лічынкі шчаўкуноў цёмнага, пасяўнога, паласатага, бліскучага, вярбовага. Шкодзяць цукр. буракам, бульбе, кукурузе, пшаніцы, жыту, агароднінным культурам, маладым хвойнікам і ельнікам, саджанцам пладовых дрэў.
Цела Д. даўж. 15—45 мм, тонкае, цыліндрычнае (радзей плоскае), падобнае на кавалачкі дроту (адсюль назва); складаецца з 13 сегментаў, укрытых шчыльным хіцінам; напачатку белае, потым жаўтаватае, бурае, карычневае. Жывуць у глебе, часцей на глыб. 10—12 см, развіваюцца 3—5 гадоў. Кормяцца насеннем у глебе, падземнымі часткамі раслін, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі, некаторыя з’яўляюцца драпежнікамі.
Да арт.Драцянікі. Жук і лічынкі паласатага шчаўкуна.