ЗАХА́РАЎ Уладзімір Рыгоравіч
(18.10.1901, руднік пры Багадухаўскай балцы, Данбас, Украіна — 13.7.1956),
расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Данскую (Растоў-на-Доне) кансерваторыю (1927). У 1932—56 муз. кіраўнік Рускага народнага хору імя Пятніцкага. На аснове традыцый рус. нар. муз. мастацтва стварыў індывід. стыль шматгалосай песні («Уздоўж вёскі», «Праводзіны», «Зялёнымі прасторамі», «I хто яго ведае», «Ой, туманы мае», «Руская прыгажуня» і інш., многія з якіх сталі народнымі). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1952.
Літ.:
Ливанова Т. В.Г.Захаров. М., 1954;
Воспоминания о В.Г.Захарове. М., 1967.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА Вера Кузьмінічна
(н. 30.9.1925, в. Сухі Ручай Цвярской вобл., Расія),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1948). Працуе ў Маскоўскім т-ры Сатыры, іграе ў інш. тэатрах: Вольга («Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава; і ў аднайм. фільме), Графіня Альмавіва («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; Арлоўскі драм. т-р імя Тургенева), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава; Цвярскі драм. т-р). З 1948 здымаецца ў кіно: «Сказанне пра зямлю Сібірскую», «Зорка экрана» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч
(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),
армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.Горкага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕНШЧЫКО́Ў Ілья Васілевіч
(24.6.1887, С.-Пецярбург — 8.2.1953),
савецкі хімік і тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў вытв-сці аптычнага шкла. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярб. ун-т (1910). З 1912 выкладаў у Петраградскім электратэхн. ін-це (з 1922 праф.). У 1933 заснаваў лабараторыю хіміі сілікатаў, рэарганізаваную ў Ін-т хіміі сілікатаў, у 1948—53 яго дырэктар. Навук. працы па хіміі сілікатаў, фізіка-хім. уласцівасцях празрыстых матэрыялаў. Распрацаваў спосаб атрымання сітаватага шкла з высокімі адсарбцыйнымі ўласцівасцямі, метад паверхневай апрацоўкі аптычнага шкла (прасвятленне оптыкі). Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1952.
т. 5, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДЫГ (Grundig) Ганс
(19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).
Тв.:
Рус. пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.
т. 5, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́Ш Сава Якаўлевіч
(н. 17.10.1936, Масква),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1959) і Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1968). З 1959 на кінастудыі «Масфільм». Аўтар сцэнарыя і рэжысёр (з Х.Стойчавым) дакумент. фільма «Апошнія лісты» (1966). Паставіў фільмы: «Мёртвы сезон» (1968), «Камітэт 19-ці» (1972), «Узлёт» (1979), «Першыя старты» (1980; дакумент.), «Казкі... казкі... казкі... старога Арбата» (па п’есе А.Арбузава, 1982), «Трагедыя ў стылі рок» (1989), «Жалезная заслона» (1994) і інш. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Кракаве і Лейпцыгу (1967), Маскве (1979), Усесаюзнага кінафестывалю (1970).
т. 9, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел. ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.
У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр. нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
т. 1, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШРАФІ́ Мухтар Ашрафавіч
(11.6.1912, г. Бухара — 19.12.1975),
узбекскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1948). З 1930 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Узб. т-ра оперы і балета. З 1944 выкладаў у Ташкенцкай кансерваторыі (з 1953 праф., у 1947—62 дырэктар, з 1971 яе рэктар; з 1976 носіць яго імя). Аўтар опер «Буран» (з С.Васіленкам, 1939), «Дыларом» (1958), балета «Амулет кахання» (1969), 2 кантат, 2 сімфоній (у т. л. «Гераічнай», 1942), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1952. Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1973.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч
(29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),
украінскі мовазнавец. Акад. АН УССР (1957) і АН СССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.А.Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у тым ліку бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.
І.К.Германовіч.
т. 2, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІХА́НАЎ Абрам Ісакавіч
(4.3.1904, Тбілісі — 8.12.1970),
сав. фізік. Акад. АН СССР (1943). Герой Сац. Працы (1954). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1929). У 1927—41 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1945—68 дырэктар Ін-та тэарэт. і эксперым. фізікі АН СССР. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў і ядз. фізіцы. Адкрыў і даследаваў (у сааўт.) выпрамяненне электронна-пазітронных пар, распрацаваў арыгінальную методыку даследавання спектраў электронаў; пазітронаў і у-квантаў; адзін са стваральнікаў першага ў СССР доследнага цяжкаводнага рэактара. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1953.
Тв.:
Избр. труды. М., 1975.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)