палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.І.Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),
князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1983—85.
Літ.:
Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;
Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;
Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА,
сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш.сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.
чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб.аўтабіягр.апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.Паўтаржыцкі, У.Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—5. М., 1960—61.
Літ.:
Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІ (Яўген Абрамавіч) (2.3.1800, в. Вяжля Тамбоўскай вобл., Расія — 11.7.1844),
рускі паэт. Вучыўся ў Пажскім корпусе ў Пецярбургу (1812—16). У 1819—26 на вайск. службе. У 1826 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Маскве. Апошнія гады жыў у падмаскоўным маёнтку Муранава. У 1844 паехаў у Італію, памёр у Неапалі. Пахаваны ў Пецярбургу. У элегіях і пасланнях («Фінляндыя», «Разупэўненне», «Прызнанне», «Дзве долі» і інш.) раскрыў унутрана супярэчлівы, раздвоены душэўны свет сучасніка. Для твораў 2-й пал. 1820—30-х г. характэрныя матывы адзіноты і смутку («Стансы»), напружаная філасафічнасць (паэмы «Баль», «Цыганка», вершы «Апошняя смерць», «Убогі дар мой, голас мой нягучны», «Ланцуг мне лёс наканаваў» і інш.). Аўтар паэм «Піры», «Эда» (абедзве 1826), «Перасяленне душ» (1828), аповесці «Пярсцёнак» (1831). У зб. вершаў «Сутонне» (1842) супярэчлівасць гіст. прагрэсу і эстэт. прыроды чалавека, праломленая праз трагічную свядомасць паэта.
Тв.:
Стихотворения;
Поэмы. М., 1982;
Стихотворения;
Проза;
Письма. М., 1983.
Літ.:
Лебедев Е. Тризна: Кн. о Е.А.Боратынском. М., 1985;
Тойбнин И.М. Тревожное слово: (О поэзии Е.А.Баратынского). Воронеж, 1988;
Песков А.М. Боратынский: Истинная повесть. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус.пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАСЦЬ,
маральная і сац.-псіхал. якасць, якая праяўляецца ў пачуцці абавязку і адказнасці чалавека перад грамадствам, у яго гатоўнасці і здольнасці абараняць свае правы і свабоды, законныя інтарэсы інш. грамадзян. Гістарычна звязана з раннімі формамі дэмакратыі, з развіццём полісаў як спецыфічнай формы сац.-эканам. і паліт. арг-цыі грамадства і дзяржавы. У стараж. Грэцыі і Рыме грамадзянскасць разглядалася як адна з важнейшых дабрачыннасцей грамадзяніна. Паглыбленню зместу і сутнасці грамадзянскасці садзейнічалі бурж. рэвалюцыі ў шэрагу краін Еўропы і заканад.прызнанне імі правоў чалавека і грамадзяніна. Сапраўдная грамадзянскасць асобы характарызуецца яе сталай паліт. свядомасцю, развітым пачуццём патрыятызму, дачыненнем да лёсу сваёй Радзімы і яе народа, прагрэс. пераўтварэнняў у розных сферах жыцця грамадства. Пачуццё грамадзянскасці спалучаецца з пачуццём гонару за гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі, звычаі і сімвалы (герб, гімн, сцяг), са строгім выкананнем яе канстытуцыі і законаў, з павагай годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў інш. асоб. Аднак грамадзянскасць нельга зводзіць да законапаслухмянасці, лаяльнасці чалавека ў адносінах да ўлад і тым больш да канфармізму. Грамадзянскасці проціпастаўляюцца апалітычнасць, абсентэізм, абыякавасць, фармальная, папулісцкая паліт. актыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр.Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв.прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
Гевандхаўз. Канцэртная зала (стары будынак). Сярэдзіна 19 ст.