ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЛО́,

канструктыўны элемент у выглядзе канала пераменнага сячэння для разгону вадкасці ці газу (пары) і надання патоку зададзенага напрамку. У С. ўнутр. (цеплавая) энергія і патэнцыяльная энергія ціску рабочага цела пераўтвараюцца ў кінетычную (дынамічны разгон). Накіроўвае паток у актыўнай гідраўлічнай турбіне, дазіруе расход вадкасці (гл. Расходамер), надае неабходную скорасць струменю ў паравой турбіне; распыльвае (гл. Фарсунка). Рэактыўнае С. (рэактыўны рухач) — частка рэактыўнага рухавіка.

Рэактыўнае сапло: 1 — дагукавое; 2 — звышгукавое (стрэлкі — напрамак руху газу).

т. 14, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),

1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.

2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,

вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай Π→ = E→ × H→ , дзе E→ і H→ — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.

Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл. Максвела ўраўненні).

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,

1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай E = dΦ dS , дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла E = ( I cosα / r2 ) , дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІ — люкс.

2) Асветленасць энергетычная — фіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. inductio навядзенне), фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці эл. ланцуга. Адрозніваюць І. статычную Lст = Φ/I, дзе Φ — магнітны паток, счэплены з контурам, па якім працякае ток I, і дынамічную Lg = lim ΔI→0 ΔΦ / ΔI = dΦ / dI .

І. залежыць ад памераў і канфігурацыі праваднікоў эл. ланцуга, ад магн. пранікальнасці праваднікоў і навакольнага асяроддзя. Пры адсутнасці ферамагнетыкаў і дэфармацый элементаў ланцуга І. не залежыць ад сілы току. Адзінка І. ў СІ — генры (Гн). Гл. таксама Індуктыўнасці шпуля, Самаіндукцыя.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,

гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.​Уілсанам і В.​Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЧАСО́ВАСЦЬ,

супадзенне па часе з’яў, аддзеленых адна ад адной у прасторы. У класічнай механіцы існавала ўяўленне пра абсалютную прастору і час, пра адзіны паток часу, што аднастайна працякае ўсюды і складаецца з імгненняў, кожнае з якіх адначасова настае ва ўсіх пунктах прасторы. Гэта ўяўленне грунтавалася на дапушчэнні бесканечнай скорасці распаўсюджання светлавых сігналаў. Адноснасці тэорыя, зыходзячы з канечнасці скорасці святла, адмовілася ад паняцця абсалютнай адначасовасці. Атаясамліванне момантаў часу дзвюх з’яў мае сэнс, калі гэтыя з’явы разглядаюцца ў межах нейкай пэўнай сістэмы адліку. З’явы, адначасовыя ў адной сістэме адліку, могуць аказацца неадначасовымі ў інш. сістэме.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЗАКО́Н, Бэра—Бабінэ закон,

тлумачыць адхіленне цячэння і падмыў берагоў рэк уплывам сутачнага вярчэння Зямлі. Абгрунтаваны ў 1857 К.М.Бэрам, які паказаў, што руславы паток рэк мерыдыянальнага напрамку пад уздзеяннем Карыяліса сілы адхіляецца ў Паўн. паўшар’і ўправа і падмывае правы бераг, у Паўд. — улева і падмывае левы бераг. Франц. вучоны Ж.​Бабінэ даказаў, што так адхіляюцца ўсе рэкі, незалежна ад напрамку цячэння. Сіла Карыяліса на экватары роўная нулю і павялічваецца ў напрамку да полюсаў, а сіла адхілення патоку прапарцыянальная масе вады, таму Бэра закон найб. праяўляецца на вял. рэках сярэдніх шырот (Дняпро, Волга, Дунай, Парана, Уругвай і інш.).

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, β-выпрамяненне,

паток электронаў ці пазітронаў (β-часціц), якія выпраменьваюцца пры бэта-распадзе. Бэта-выпрамяненне выклікае іанізацыю, люмінесцэнцыю, уздзейнічае на фотаэмульсію.

Дзеянне бэта-выпрамянення на жывыя арганізмы падобна да біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў інш. відаў. Пры вонкавым апрамяненні арганізма бэта-выпрамяненнем пашкоджвае паверхневыя тканкі (пранікальная здольнасць β-часціц не перавышае некалькіх міліметраў). Пры пападанні β-радыеактыўных ізатопаў у арганізм асаблівасці прамянёвага пашкоджання залежаць ад размеркавання іх у тканках і ад перыяду паўраспаду (можа адбывацца гібель клетак, тканак і ўсяго арганізма). Адносная біялагічная эфектыўнасць бэта-выпрамяненняў блізкая да 1. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (прамянёвая тэрапія).

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)