ДЖЭМС, Джэймс (James) Уільям (11.1.1842, Нью-Йорк — 26.8.1910), амерыканскі філосаф і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў прагматызму. Брат Г.Джэймса. Праф. фізіялогіі і псіхалогіі, потым філасофіі Гарвардскага ун-та (1872—1907). Адзінай рэчаіснасцю абвяшчаў дзейнасць і змест чалавечай свядомасці, якую разумеў як паток непасрэдных адчуванняў і ўражанняў, што ўзнікаюць на аснове бесперапынных нерв. узбуджэнняў. Прапанаваў «прагматычны» крытэрый ісціны, якую атаясамліваў з працаздольнасцю, паспяховасцю і карыснасцю. Паводле Дж., рэліг. перажыванне падобна любому іншаму вопыту, а рэліг. вера — прагматычна апраўдана. Развіў вучэнне аб эмоцыях — адзін з вытокаў біхевіярызму.
Тв.:
Рус. пер. — Научные основы психологии. СПб., 1902;
Прагматизм. СПб., 1910;
Вселенная с плюралистической точки зрения. М., 1911.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)