ІНТАНА́ЦЫЯ (ад лац. intono гучна вымаўляю) у мовазнаўстве, сукупнасць фанет. сродкаў (мелодыка, інтэнсіўнасць, тэмбр, працягласць і інш.), што служаць для афармлення фразы і асобных яе частак у адзінае цэлае. З дапамогай І. маўленне падзяляецца на адрэзкі (сінтагмы, фразы), якія з’яўляюцца пэўным фанет., сінтакс. і сэнсавым адзінствам. Існуе І. апавядальная, пытальная, пералічальная, клічная і інш. У бел. мове вядомы розныя тыпы інтанацыйных канструкцый, кожны з якіх мае свае фанет. якасць і здольнасць перадаваць сэнсавыя адрозненні сказаў з аднолькавым сінтакс. і лексічным складам. Кожная інтанацыйная канструкцыя мае свой цэнтр — лагічны націск. Зрух яго перадае розныя сэнсавыя адрозненні ўнутры сказа («Мы сустрака́емся заўтра? — Мы́ сустракаемся заўтра? — Мы сустракаемся за́ўтра?»). Параўнанне І. бел. фраз з адпаведнымі фразамі роднасных слав. моў вылучае яе тыпалагічныя і спецыфічныя рысы, адзначае больш павольны тэмп бел. маўлення, асаблівы характар інтэнсіўнасці ў апавядальных фразах.
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;
Николаева Т.М. Фразовая интонация славянских языков. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ-ЗЫРА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Пашырана ў Рэспубліцы Комі, часткова на Кольскім п-ве, у Ямала-Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўт. акругах Расіі. Дыялекты: прысыктыўкарскі (аснова літ. мовы), ніжневычагодскі, верхневычагодскі, сярэднесысольскі, верхнесысольскі, вымскі, лузкалецкі, іжамскі, пячорскі, удорскі. У адрозненне ад роднаснай ёй комі-пярмяцкай мовы характэрна захаванне гука «л» ва ўсіх дыялектах, націск на 1-м складзе, клічная форма назоўнікаў на -ой. У марфалогіі — адзінае скланенне і спражэнне. У лексіцы шмат аднаскладовых слоў.
Да пач. 20 ст. ў комі-зыран не было адзінай літ. мовы (рэліг.л-ра выдавалася на дыялектах). Літ. мова склалася пасля 1917. Пісьменства створана місіянерам Стафанам Пермскім у 2-й пал. 14 ст. У 17 ст. выцеснена пісьменствам на аснове славяна-рус. графікі. З 1918 выкарыстоўваўся рус. алфавіт, з 1920 — са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г.рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «б».
Літ.:
Современный коми язык. Ч. 1—2. Сыктывкар, 1955—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА (Мікалай Васілевіч) (10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),
бел. мовазнавец. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук. працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел.літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ХНЕР ((Büchner) Георг) (17.10.1813, Годэлаў, каля г. Рыдштат, Германія — 19.2.1837),
нямецкі пісьменнік і паліт. дзеяч. Брат Л.Бюхнера. Вучыўся ў Страсбурскім і Гісенскім (1831—34) ун-тах. У 1834 стварыў тайную арг-цыю «Таварыства правоў чалавека», выпусціў брашуру-пракламацыю «Пасланне гесенскім сялянам», але быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Яго маст. творы нясуць адбітак рэв. і дэмакр. настрояў. У цэнтры драмы «Смерць Дантона» (1835) супярэчнасці франц. рэвалюцыі. Традыцыі У.Шэкспіра, К.Гоцы, ням. рамантыкаў відавочныя ў камедыі «Леонс і Лена» (нап. 1836) — сатыры на двары дробных ням. князькоў. У драме «Войцэк» (1836, не скончана, выд. 1879; опера А.Берга «Воцэк», 1925), адлюстраваў духоўнае і фізічнае разбурэнне асобы. Навела «Ленц» (выд. 1839, не скончана) пра ўдзельнікаў руху «Бура і націск» Я.Ленца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач.н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.-германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб.стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб.стараж. — гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Іспаніі, большасці краін Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Пашырана таксама ў Марока, на Філіпінах. Адна з 6 афіц. моў ААН. І.м. стала развівацца з нар. латыні, якая замацавалася на Пірэнеях у 3—2-м ст. да н.э. ў выніку рым. каланізацыі. Мае 2 асн. групы дыялектаў: паўн. (кастыльскі, арагонскі, леонскі) і паўд. (андалузскі дыялект з некалькімі разнавіднасцямі). Асн.фанет. рысы: у націскным і ненаціскным становішчы ўсе 5 галосных вымаўляюцца выразна, шматлікія дыфтонгі і трыфтонгі ўтвараюцца шляхам спалучэння моцных галосных са слабымі, націск звычайна на апошнім або перадапошнім складзе. Назоўнікі і прыметнікі не скланяюцца, вял. колькасць марфал. і аналіт. форм дзеяслова. Лексіка І.м. пераважна з нар. латыні. У слоўнікавым складзе шмат германізмаў, галіцызмаў, арабізмаў. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 12 ст.Літ. мова на аснове кастыльскага дыялекту. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Васильева-Шведе О.К., Степанов Г.В. Теоретическая грамматика испанского языка: Морфология и синтаксис частей речи. 2 изд. М., 1980;
Іх жа. Теоретическая грамматика испанского языка: Синтаксис предложения. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.
Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз.націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб.стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл.Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).
Літ.:
Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (заходнегерманская падгрупа). Афіц. мова Германіі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, адна з афіц. моў Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга. Мае 3 групы дыялектаў (ніжненям., сярэдненям. і паўд.-ням.), кожная з якіх падзяляецца на зах. і ўсх. падгрупы. У фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, дыфтонгаў, адсутнасць проціпастаўлення зычных па цвёрдасці — мяккасці, дынамічны нефіксаваны націск. У марфалогіі — сінтэтычны і аналітычны спосабы перадачы граматычных катэгорый. У сінтаксісе — пераважна дзеяслоўны тып сказа, месца асабовай формы дзеяслова фіксаванае. Развітая сістэма сродкаў словаўтварэння; шырока ўжываецца словаскладанне. Сучасная ням.літ. мова Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі мае некаторыя нарматыўныя адрозненні, пераважна ў лексіцы і вымаўленні. Разыходжанні ў вусным маўленні паміж варыянтамі Н.м. больш значныя. Пісьменства з 8 ст. на аснове лац. графікі.
Літ.:
Жирмунский В.М. История немецкого языка. 5 изд. М., 1965;
Глушак Т.С. Функциональная стилистика немецкого языка. Мн., 1981;
Копанев П.И., Беер Ф. Теория и практика письменного перевода. Ч. 1. Перевод с немецкого языка на русский. Мн., 1986;
Копанев П.И., Хильтов Н.Г. Учебник немецкого языка: Деловое общение. Ч. 1—2. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.
Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.
Літ.:
Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ.М., 1954.