ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч (падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБШЫ́Н Станіслаў Андрэевіч (н. 6.4.1933, Масква),
расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.
т. 9, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац. акад. т-ра імя Я.Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар. т-ра пантамімы «Мім».
т. 15, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ШАЛЬ Францішак Вінцэнтавіч (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),
вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл. Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.—жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал. вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл. Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час. «Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.
А.М.Літвін.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ Мадэст Іванавіч (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),
рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Равякін («Журба» І.Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,
установа ордэна езуітаў у г. Слонім Гродзенскай вобл. Спробы ўтварэння місіі пачаліся ў 1664—65. У пач. 18 ст. зямельныя наданні слонімскім езуітам рабілі жмудскі кашталян А.Уніхоўскі, муж і жонка Талаканскія, М.Кошчыц, пробашч Віленскай кафедры ксёндз П.Палубінскі. У 1709—25 вядома як місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—73 — рэзідэнцыя. Драўляны касцёл св. Іосіфа ўзведзены ў Слоніме ў 1713—15, другі мураваны будаваўся з 1740 (не быў завершаны). Пры місіі дзейнічалі школы: граматыкі (з 1713), паэтыкі і рыторыкі (з 1714). У 1736 пры рэзідэнцыі створана школа філасофіі, з 1750 вывучаліся гісторыя і матэматыка. Меліся муз. бурса, канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, б-ка. У розны час місіі і рэзідэнцыі належалі маёнткі Вішава, Грынкі, Дабосня, Шулякі, дзейнічалі місіі ў Ваўкавыску і Дабосні. Пасля скасавання рэзідэнцыі школа пераўтворана ў пав. вучылішча. Будынкі не захаваліся.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 15, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ Вінцэнт Антонавіч (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час. «Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).
М.М.Міцкевіч.
т. 6, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ Вітаўт Яўхімавіч (н. 30.5.1927, Мінск),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-р геал. н. (1955). Ганаровы праф. Гродзенскага ун-та (1993). Сын Я.Кіпеля, муж З.Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935—42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям’я вярнулася ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945—48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтымарскім ун-це. У 1962—85 супрацоўнік Нью-Йоркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З.Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).
Тв.:
Беларусы ў ЗША Мн., 1993.
т. 8, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),
эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).
Помнік у Вене (канец 19 ст.).
У.Я.Калаткоў.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],
адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.
т. 10, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)