КІ́РАЎ (сапр. Кострыкаў) Сяргей Міронавіч

(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.

С.М.Кіраў.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,

сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн. аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ Рас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.

Літ.:

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1783—1918. Падпарадкоўваліся Камісіі па нар. вучылішчах. Падзяляліся на 4-класныя галоўныя (тэрмін навучання 5 гадоў) і 2-класныя малыя. На Беларусі галоўныя Н.в. існавалі ў Магілёве (1789—1809), Полацку (1789—97), Віцебску (1794—1809). Вывучаліся лац., рус., польск. і ням. мовы, катэхізіс, арыфметыка, гісторыя, геаграфія, геаметрыя, архітэктура, механіка, фізіка, маляванне. Малыя Н.в. дзейнічалі ў Полацку (1797—1820), Оршы (1791—1821), Чэрыкаве (1791—1837), Мсціславе і Чавусах (1791—1830), Копысі (1791—97). Школы са статутамі малых Н.в. засн. магістратам у Рэчыцы (1800—09), дамініканцамі ў Беліцы (1790—1833), канонікамі рэгулярнымі ў Азяранах Рагачоўскага пав. (1792—1837). Пры ліквідацыі галоўных і малых Н.в. ствараліся пач. Н.в. са статутам прыходскіх вучылішчаў. Былі 1-класныя (3—4 гады навучання) і 2-класныя (5—6 гадоў). Выхаванцамі Н.в. былі пераважна дзеці сялян. Н.в. скасаваны ў 1917—18.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.

Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет. буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец. навуч. устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч. вытв.-канструктарска-тэхнал. ін-т.

Будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),

навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш. касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз. буд-ва, ядз. выбухі і інш.

Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.

Літ.:

Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;

Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.

У.​С.​Вайценка.

т. 5, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕМА́ТЫКА,

раздзел механікі, у якім вывучаюцца геам. ўласцівасці руху цел без уліку іх масы і сіл, што на іх дзейнічаюць. Звычайна падзяляецца на К. часціцы (матэрыяльнага пункта) і К. цвёрдага цела Асн. задачы К. — знаходжанне траекторый, скарасцей, паскарэнняў часціц і цел.

Становішча пункта (ці цела) адносна пэўнай сістэмы адліку вызначаецца ўраўненнямі, якія выражаюць залежнасць каардынат gi ад часу t[gi=gi(t)] і наз. законамі руху, дзе i — колькасць ступеней свабоды. Звычайна гэтыя законы задаюцца ў каардынатнай [x=x(t), y=y(t), z=z(t)] або вектарнай [ r = r(t) ] формах, дзе x, y, z — каардынаты пункта, r — яго радыус-вектар. Функцыі, якія вызначаюць законы руху, адназначныя (аб’ект не можа займаць розныя становішчы ў адзін і той жа момант часу) і двойчы дыферэнцавальныя (паколькі ў кожны момант існуюць скорасці vi = dgi/dt і паскарэнні w = d2gi/dt2. У агульным выпадку рух часціцы апісваецца 3 ураўненнямі, а рух цвёрдага цела — 6. Заканамернасці К. выкарыстоўваюць пры разліках перадачы рухаў у кінематыцы механізмаў і пры рашэнні задач дынамікі.

Літ.:

Гл. пры арт. Механіка.

А.​І.​Болсун.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́МІКА (ад грэч. dynamikos моцны),

раздзел механікі, які вывучае рух матэрыяльных цел пад дзеяннем прыкладзеных да іх сіл. Грунтуецца на 3 асн. законах (гл. Ньютана законы механікі). У Д. рашаюцца задачы 2 тыпаў: вызначэнне сіл, што дзейнічаюць на цела (ці мех. сістэму) па вядомым законе руху, і вызначэнне закону руху па вядомых сілах (асн. тып задач). У выніку вывучэння руху асобных аб’ектаў метадамі Д. ўзнік шэраг спец. дысцыплін — балітыка, нябесная механіка, дынаміка збудаванняў, дынаміка механізмаў і машын і інш.

Задачы Д. рашаюцца з дапамогай дыферэнцыяльных ураўненняў руху, якія паказваюць залежнасць паміж сіламі, што дзейнічаюць на сістэму, масай сістэмы і параметрамі, што вызначаюць яе становішча ў прасторы. Для руху матэрыяльнага пункта і вярчальнага руху цвёрдага цела гэта ўраўненні тыпу 2-га закону Ньютана. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў ураўненні руху — дыферэнцыяльныя ўраўненні ў частковых вытворных. Да іх далучаюцца ўраўненні, якія характарызуюць некат. ўласцівасці асяроддзя (напр., залежнасць шчыльнасці ад ціску ці мех. напружанняў, дэфармацыі і інш.). Каб знайсці закон руху мех. сістэмы, трэба ведаць сілы і т. зв. пачатковыя ўмовы, г. зн. каардынаты і скорасці пунктаў сістэмы ў пачатковы момант часу. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў трэба дадаць і гранічныя ўмовы (гл. Краявая задача). Дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы можна атрымаць і з варыяцыйных прынцыпаў механікі.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Івана Франко.

Засн. ў 1661 як акадэмія з правамі і прывілеямі ун-та ў складзе філас., юрыд., мед. і тэалагічнага ф-таў. У 1805 зачынены. Адноўлены ў 1817 як ун-т з ням. мовай навучання. У 1848 разбураны і да 1851 закрыты. З 1919 польскі ун-т. Рэарганізаваны ў 1939. У 1940 прысвоена імя І.​Франко. У ім вучылася бел. паэтэса А.​Пашкевіч (Цётка). У 1998/99 навуч. г. ў Л.у. каля 18 тыс. студэнтаў і слухачоў; ф-ты: гіст., філал., журналістыкі, юрыд., філас., эканам., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, фіз., хім., геал., біял., геагр., замежных моў, міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Выкладанне вядзецца на ўкр. мове, навучанне для грамадзян Украіны бясплатнае. У складзе ун-та правазнаўчы каледж; 12 ін-таў, у т. л. павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, прыкладной фізікі, франказнаўства, Польшчы, еўрап. эканам. інтэграцыі, міжнар. ін-т-асацыяцыя рэгіянальных экалагічных праблем і інш.; 47 н.-д. лабараторый, інфарм.-выліч. цэнтр і інфарм. цэнтр Савета Еўропы, а таксама цэнтры Брыт. савета, Французскі, Аўстрыйскі, гуманіт. і паліт. даследаванняў, італьян. мовы і культуры; навук. б-ка (3,5 млн. тамоў); музеі: заал., геал., мінералаг., карысных выкапняў, археалогіі. Працуюць астр. абсерваторыя, бат. сад.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.В.Ламаносава, першы ун-т Расіі, адзін з цэнтраў расійскай і сусв. навукі. Засн. 25.1.1755 па ініцыятыве М.​В.​Ламаносава пры садзеянні І.​І.​Шувалава (першы куратар ун-та). Меў 3 ф-ты, 10 кафедраў і 2 гімназіі. У 1940 прысвоена імя М.​В.​Ламаносава. У розныя часы ва ун-це вучыліся Дз.​І.​Фанвізін, А.​С.​Грыбаедаў, М.​Ю.​Лермантаў, Ф.​І.​Цютчаў, М.​І.​Пірагоў, С.​П.​Боткін, К.​Дз.​Ушынскі, А.​М.​Астроўскі, А.​П.​Чэхаў, Л.​В.​Собінаў, А.​Белы, Я.​Б.​Вахтангаў, У.​І.​Пічэта і інш. У 1996/97 навуч. г. 25 тыс. студэнтаў; у складзе ун-та ф-ты механіка-матэм., вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., біял., глебазнаўства, геал., геагр., гіст., філал., філас., эканам., юрыд., журналістыкі, псіхалогіі, сацыялагічны, замежных моў, фундаментальнай медыцыны; Ін-т краін Азіі і Афрыкі, Ін-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ. Мае больш за 200 кафедраў і 430 н.-д. лабараторый, НДІ (механікі, ядз. фізікі, астранамічны, антрапалогіі), вылічальны цэнтр, навуч. цэнтры, 4 абсерваторыі, 3 музеі, бат. сад, б-ка (з 1756; больш за 7 млн. экз. выданняў). Выд-ва ун-та (з 1927) выпускае навуч.-метадычную, навуч. і навук. л-ру, час. «Вестник Моск. ун-та» (з 1946; з 1977—17 серый). Іл. гл. ў арт. Масква.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)