КРУЗЕНШТЭ́РН Іван Фёдаравіч (19.11.1770, Хагудзі, Эстонія — 24.8.1846),
расійскі мараплавец. Адмірал (1842). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1788). Кіраўнік першай рус. кругасветнай экспедыцыі 1803—06 на караблях «Надзея» (камандзір К.) і «Нява» (камандзір Ю.Ф.Лісянскі), у якой удзельнічалі таксама О.Я.Кацэбу і Ф.Ф.Белінсгаўзен. 7.8.1803 караблі выйшлі з Кранштата, у сак. 1804 абагнулі мыс Горн і ўвайшлі ў Ціхі ак. Пасля наведвання Гавайскіх а-воў «Нява» накіравалася ў Сітку (Новаархангельск), а «Надзея» — на Камчатку, потым у Японію. У жн. 1806 экспедыцыя вярнулася ў Кранштат праз Індыйскі і Атлантычны акіяны. У час плавання К. праводзіў акіянаграфічныя, метэаралагічныя і глыбакаводныя даследаванні акіянаў. Апісаў частку Курыльскіх а-воў, узбярэжжы Сахаліна, Камчаткі, некаторых астравоў Японіі. Вынікі акіяналагічных і этнагр. даследаванняў надрукаваны ў трохтомнай працы (1809—12) з атласам (больш за 100 карт і замалёвак). У 1923—26 выдаў «Атлас Паўднёвага мора» ў 2 тамах з тлумачальным тэкстам. Яго імем названы пралівы, астравы, мысы, горы ў Ціхім акіяне.
Тв.:
Путешествие вокруг света в 1803, 1804, 1805 и 1806 гг. на кораблях «Надежде» и «Неве». М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУК (Cook) Джэймс (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),
англійскі мараплавец.
Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл.Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл.Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл.Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл.Кука заліў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),
уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс.чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г.Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр. прадукт 74 млн.дол., каля 11 тыс.дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн.кВт∙гадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс.га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л.міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.
У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц.мараплавец Ж.Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЖЫ (Fiji), Рэспубліка Фіджы (Republic of Fiji),
дзяржава ў Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., на а-вах Фіджы. Пл. 18,3 тыс.км². Нас. 832,5 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Сува на в-ве Віты-Леву. Падзяляецца на 4 акругі. Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца фіджыйская і хіндустані. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990 (з папраўкамі 1998). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (палата прадстаўнікоў — 71 член, сенат — 32 сенатары, з іх 14 члены Вял. Савета Правадыроў, якія выбіраюць прэзідэнта). Члены сената назначаюцца. Частка месцаў у парламенце размяркоўваецца прапарцыянальна сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей (у т. л. 23 зарэзервавана для фіджыйцаў, 19 для індусаў), другая частка выбіраецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Архіпелаг Ф. складаецца з 332 астравоў, найб. Віты-Леву (10,6 тыс.км²) і Вануа-Леву (5,8 тыс.км²). Большасць астравоў вулканічнага паходжання. У рэльефе пераважаюць плато, перасечаныя горнымі хрыбтамі (г. Томаніві, выш. да 1323 м, в-аў Віты-Леву). Уздоўж узбярэжжаў — вузкія раўніны; берагі амаль усіх астравоў акаймаваны каралавымі рыфамі, шмат лагун і заліваў. Карысныя выкапні: золата, серабро, баксіты, медныя і марганцавыя руды, вапнякі. Клімат трапічны акіянічны, вільготны, частыя ўраганы. Сярэднямесячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў ад 1700 да 3500 мм за год (на паўд.-ўсх. наветраных схілах). Глебы чырваназёмныя. Паўд.-ўсх. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (сандалавае, цікавае, чырвонае), на падветраных схілах пераважае саванна. Жывёльны свет бедны. Шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 51% насельніцтва складаюць фіджыйцы (пераважна нашчадкі шлюбаў меланезійцаў і палінезійцаў), 44% — індусы, 5% — еўрапейцы, кітайцы і інш. Вернікі хрысціяне (метадысты і католікі 52%), індуісты (38%), мусульмане (8%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 45,5 чал. на 1 км². Каля 110 астравоў ненаселены. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,8%. Гар. насельніцтва 49%. Гал. горад — Сува (167,4 тыс.ж. з прыгарадамі, 1996). У сельскай гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 35%, у абслуговых галінах 21%.
Гаспадарка. Ф. — адна з найб. эканамічна развітых краін Акіяніі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 5,4 млрд.дол. (6,7 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і турызм. У сельскай гаспадарцы ствараецца каля 20% ВУП. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 10% тэр.Асн. экспартуемыя культуры: цукр. трыснёг (пл. 73,3 тыс.га, збор 3280 тыс.т), какосавая пальма (11,2 тыс.т копры), імбір (1,1 тыс.т). Гал.харч. культуры: рыс (17 тыс.т), кукуруза, сорга, какава (2,4 тыс.т), ананасы, бананы, цытрусавыя і інш. Гадуюць (тыс. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (344), коз (235), свіней (112). Развіта птушкагадоўля (3,9 млн. галоў). Улоў рыбы 36,4 тыс.т (1999). Нарыхтоўка каштоўных гатункаў драўніны (511 тыс.м³). Здабыча золата (каля 1,5 т штогод), серабра, вапняку. Вытв-сць электраэнергіі 550 млн.кВт∙гадз (80% на ГЭС, 20% на ЦЭС). Апрацоўчая прам-сць (10% ВУП) прадстаўлена прадпрыемствамі лёгкай прам-сці (вытв-сць адзення, абутку, трыкат. вырабаў), па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, копры, алею, піва, цыгарэт, рысаачыстка) і вэнджання рыбы. Ёсць з-ды па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэмент, буд. дэталі, дахавы матэрыял), фанеры і запалак, мылаварная ф-ка, суднарамонтныя майстэрні. Турызм — другая па значнасці галіна гаспадаркі. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 360 тыс. турыстаў (пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі). У 1998 даход ад турызму склаў 266 млн. долараў. Даўж. чыгункі 597 км, аўтадарог 3440 км, у т. л. 1692 км з цвёрдым пакрыццём. У краіне 30 тыс. легкавых і 29 тыс. грузавых аўтамабіляў. Гал. парты: Ламбаса, Лаўтока, Левука, Савусаву, Сува. 25 аэрапортаў. Экспарт (393 млн.дол., 1998) цукру, адзення, золата, рыбы, драўніны, імпарт (612 млн.дол., 1998) машын і трансп. абсталявання, нафтапрадуктаў, харч. вырабаў, хімікатаў. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, ЗША, дзяржавы Акіяніі. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі, Еўрап. фонду развіцця, ААН і інш. Грашовая адзінка — фіджыйскі долар.
Гісторыя. Ф. заселены меланезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў Ф. наведаў у 1643 галандскі мараплавец А.Я.Тасман, у 1774 іх даследаваў англ.мараплавец Дж.Кук. У 1835 тут з’явіліся амер. місіянеры-метадысты, пры падтрымцы якіх правадыр в-ва Мбаў — Какамбаў аб’яднаў увесь архіпелаг і ў 1857 абвясціў сябе каралём Ф. У 1874 англічане прымусілі яго прызнаць брыт. пратэктарат над Ф. Для працы на плантацыях цукр. трыснягу пачаўся масавы ўвоз насельніцтва з Індыі, якое да 1950-х г. складала больш за палавіну насельніцтва Ф. 10.10.1970 абвешчана незалежнасць Ф. ў складзе Садружнасці і прынята канстытуцыя. Да нашага часу вострай унутрыпаліт. праблемай Ф. застаюцца адносіны паміж індусамі і карэннымі фіджыйцамі. Перамога інд. партый на выбарах 1987 прывяла да 2 ваен. пераваротаў, у выніку якіх 1.10.1987 Ф. абвешчаны рэспублікай і выйшлі з Садружнасці (адноўлены ў 1997); шмат індусаў выехала з краіны. Канстытуцыя 1990 замацавала за карэннымі фіджыйцамі большасць у парламенце. З 1998 дзейнічаюць новыя папраўкі да канстытуцыі, якія павялічылі норму этн. прадстаўніцтва індусаў у парламенце. На Ф. дзейнічаюць паліт. партыі: Фіджыйская паліт. партыя, Усеагульная партыя выбаршчыкаў, Нац. федэратыўная партыя. Ф. — чл.ААН (з 1970), Садружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛКЛЕ́НДСКІЯ (МАЛЬВІ́НСКІЯ) АСТРАВЫ́ (англ. Falkland Islands, ісп. Islas Malvinas),
уладанне Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна), на аднайм. архіпелагу ў паўд.-зах.ч. Атлантычнага акіяна. Пл. 12,2 тыс.км². Нас. 2,8 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г.Порт-Стэнлі. Афіц. мова — англійская.
Прырода. Складаецца з 2 буйных а-воў — Усх. Фолкленд (Саледад) і Зах. Фолкленд (Гран-Мальвіна) і каля 200 дробных астравоў. Выш. да 706 м (г. Адам на в-ве Зах. Фолкленд). Берагі моцна парэзаныя. Радовішчы нафты і газу (у шэльфавай зоне). Клімат акіянічны, халаднаваты, з моцнымі вятрамі і туманамі. Сярэднегадавыя т-ры не перавышаюць 10 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Злакавыя лугі, пусткі і тарфяныя балоты. Шмат марскіх птушак.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — англічане і шатландцы. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 0,23 чал. на 1 км². Адзіны горад — Порт-Стэнлі (1,6 тыс.ж., 1998) на в-ве Усх. Фолкленд. Большая ч. насельніцтва занята ў жывёлагадоўлі.
Гісторыя. Адкрыты ў 1592 англ. капітанам Дж.Дэйвісам. У 1764 франц.мараплавец Л.А.Бугенвіль заснаваў на Усх. Фолклендзе франц. пасяленне, у 1765 англ. пасяленне ўзнікла на Зах. Фолклендзе. У 1767 франц., а ў 1770 англ. каланісты выгнаны іспанцамі, якія абвясцілі Ф.(М.)а. сваім уладаннем. У 1820 правы на Ф.(М.)а. заявіла Аргенціна і прызначыла туды свайго губернатара. У 1833 астравы захапіла Вялікабрытанія (з 1892 асобная яе калонія) і засяліла іх выхадцамі з Брытанскіх а-воў. У 1965 Аргенціна дамаглася ад ААН прызнання Ф.(М.)а. тэрыторыяй, якая падлягае дэкаланізацыі, нягледзячы на тое, што ў 1964 б.ч. жыхароў выказалася за захаванне папярэдняга статуса. Англа-аргенцінскія перагаворы пра статус Ф.(М.)а. не далі выніку. У 1982 Аргенціна гвалтоўна ўсталявала свой кантроль над Ф.(М.)а., што прывяло да Англа-аргенцінскага канфлікту 1982, які скончыўся перамогай брыт. войск і аднаўленнем над Ф.(М.)а. брыт. суверэнітэту.
Гаспадарка. Эканоміка грунтуецца на гадоўлі авечак (больш за 600 тыс. галоў штогод), вытв-сці воўны, футра, мяса. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу (каля 10 тыс. галоў), коней. Рыбалоўства і промысел марскога звера. Вырошчваюць авёс, агародніну (бульба, капуста, буракі, цыбуля). Ёсць ф-ка па сартаванні воўны і невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Транспарт марскі і паветраны. Ёсць узлётна-пасадачная паласа для цяжкіх самалётаў. Экспарт (7,6 млн.дол., 1995) воўны, скур, мяса; імпарт (24,7 млн.дол., 1995) паліва, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў, адзення. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Нідэрланды, Японія. Ф.(М.)а. — важная ваенна-стратэг. база Вялікабрытаніі ў Паўд. Атлантыцы. Грашовая адзінка — фалклендскі фунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс.г назад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яе тэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ЛІС І ФУТУ́НА АСТРАВЫ́, Валіс і Футуна Астравы (Wallis et Futuna íles),
заморская тэрыторыя Францыі ў зах. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 274 км². Нас. 15,3 тыс.чал. (2000). Адм. цэнтр — Мата-Уту (на в-ве Увеа ў групе а-воў Уоліс). Афіц. мова — французская, выкарыстоўваецца увеа. Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. Астравы вулканічнага паходжання. У іх складзе — група Уоліс з в-вам Увеа (пл. 60 км², выш. да 145 м) і 22 дробнымі астравамі, група Футуна (Хорн) з а-вамі Футуна (пл. 64 км², выш. да 760 м) і Алофі (шт. 51 км², выш. да 400 м). Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры — 25—26 °C. Ападкаў за год да 3000 мм. На а-вах Футуна і Алофі шмат невял. рэк і ручаёў, на в-ве Увеа вадацёкі пераважна каля ўзбярэжжа. Глебы вулканічныя і фералітныя, урадлівыя. Астравы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі, шмат дрэвападобных папарацей. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, падзяляюцца на увеа (больш за 65% насельніцтва) і футуна. Невял. група еўрапейцаў (французаў). Вернікі пераважна католікі. Сярэднегадавы прырост 1,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 55,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены в-аў Увеа. 22 дробныя астравы не маюць пастаяннага насельніцтва. Асн. населены пункт — Мату-Уту (каля 1 тыс.чал.). Эміграцыя на Новую Каледонію і Вануату.
Гісторыя. А-вы У. і Ф. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа ў 1-м тыс.н.э. У 1616 галандскія мараплаўцы Я.Лемер і В.К.Схаўтэн адкрылі а-вы Футуна, якія назвалі Хорн; у 1767 англ.мараплавец С.Уоліс адкрыў астравы, якія названы яго імем. У 1842 Францыя падпарадкавала а-вы Уоліс і ў 1887 абвясціла іх сваім пратэктаратам; у 1888 франц. пратэктаратам сталі а-вы Футуна. З 1917 У. і Ф. а-вы — адзіная калонія Францыі, з 1961 — яе заморская тэрыторыя.
Гаспадарка. Слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 2 тыс.дол. за год (1997). Гал. галіна — трапічнае земляробства, пераважна вырошчванне какосавай пальмы. На мясц. патрэбы вырошчваюць хлебнае дрэва, ямс, тара, маніёк, батат, бананы, цукр. трыснёг і інш. Гадуюць невял. колькасць коней, свіней, коз, буйн. раг. жывёлы, птушак. Рыбалоўства (улоў каля 1 тыс.т штогод). Нарыхтоўка копры і драўніны. Здабыча і апрацоўка перламутравых ракавін. Рамесніцкія майстэрні па вытв-сці цыновак і тапы (матэрыі з лубу). Транспарт марскі, аўтамаб., паветраны. Гал. марскі порт — Мата-Уту. Даўж. аўтадарог 120 км. Міжнар. аэрапорт на в-ве Увеа. У 1999 экспарт склаў 250 тыс.дол., імпарт — 300 тыс.дол. У экспарце пераважаюць копра, хлебнае дрэва, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары, паліва, трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Аўстралія, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім акіяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУВА́ЛУ (Tuvalu),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак., у Палінезіі. Займае а-вы Тувалу (да 1975 наз. Эліс), за 1050 км на Пн ад а-воў Фіджы. Пл. 26 км². Нас. 10,8 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Фунафуці на аднайм. атоле. Афіц. мова — англійская. Адм. падзел — 8 астраўных саветаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — дзяржава ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — манарх Вялікабрытаніі, які прадстаўлены ў краіне ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (12 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Астравы — 9 каралавых атолаў выш. да 5 м, якія працягнуліся з ПнЗ на ПдУ ланцугом даўж. 586 км. Клімат гарачы, субэкватарыяльны. Т-ра пастаянна каля 27 °C з нязначнымі ваганнямі. Ападкаў за год ад 2500 мм на Пн да 3300 мм на Пд. Бываюць засухі. Рэк і ручаёў няма. Адзначаюцца разбуральныя тайфуны. Расліннасць аднастайная. На ўзбярэжжы солетрывалыя кусты і дрэвы (сцэвола, панданус і інш.), ва ўнутр. частках астравоў — гаі какосавых пальмаў, дрэвы гуэтарда, пізонія, калафіліюм, папараці. Жывёльны свет бедны. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Астравам пагражае затапленне, якое выклікана пацяпленнем клімату і пад’ёмам узроўню акіяна.
Насельніцтва. Больш за 90% — тувалу, народ палінезійскага паходжання. Ёсць тувалу — еўрапейскія метысы, мікранезійцы і інш. Амаль усе вернікі — пратэстанты-кангрэгацыяністы. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1,4%. Сярэдняя шчыльн. 417 чал. на 1 км². Больш за палавіну засяроджана на атоле Фунафуці, дзе знаходзіцца г. Фунафуці (каля 4 тыс.ж.). 75% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, каля 25% — у сферы абслугоўвання. Каля 1 тыс.чал. працуюць за мяжой (матросамі на замежных караблях).
Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс.н. э. Першы з еўрапейцаў, хто наведаў а-вы Т., быў ісп.мараплавец А.Менданья. У 1892. пад назвай а-вы Эліс, аст-вы Т. сталі ч.брыт. пратэктарата А-вы Гілберта і Эліс, з 1916 калонія Вялікабрытаніі. У 1974 рэферэндум жыхароў а-воў Эліс ухваліў іх адасабленне ад а-воў Гілберта. З 1.10.1975 асобная калонія Вялікабрытаніі пад мясц. назвай Т. 1.10.1978 абвешчана незалежнасць Т. ў складзе Садружнасці. У Т. адсутнічаюць паліт. партыі. Т. — чл.ААН (з 2000).
Гаспадарка. Т. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 800 дол. за год. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50% пл. астравоў. Асн. культуры: какосавая пальма, тара, бананы, цукр. трыснёг, агародніна. Штогод нарыхтоўваецца каля 400 т копры. Гадуюць свіней і птушку (у 1999—27 тыс. курэй). Рыбалоўства. Урад ЗША выплачвае Т. штогод 9 млн.дол. за права рыбалоўства ў тэр. водах архіпелага. Ёсць некалькі дробных прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі і рыбы, па пашыве адзення і вырабе мыла. Саматужныя промыслы і рамёствы (плеценыя вееры і кошыкі, каралі з ракавін). Некалькі дробных электрастанцый (вытв-сць электраэнергіі каля 3 млн.кВт∙гадз за год). Транспарт пераважна марскі. Асн. порт і адзіны аэрапорт — Фунафуці. Штогадовы экспарт складае каля 200 тыс.дол., імпарт — каля 4—5 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра, рыбныя прадукты, маст. вырабы, у імпарце — харч. прадукты, паліва, прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Фіджы, Аўстралія, Новая Зеландыя. Большую частку даходаў Т. атрымлівае з траставага фонду (на 1999—35 млн.дол.), які ўтвораны Новай Зеландыяй, Аўстраліяй і Вялікабрытаніяй, падтрыманы Японіяй і Паўд. Карэяй. Краіна атрымлівае даход ад продажу паштовых марак, ад грашовых пераводаў грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — тувалійскі долар, выкарыстоўваецца і аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНУА́ТУ (Vanuatu), Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu),
дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд.-зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп.мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл.Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс.км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс.выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ралют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл.мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.М.Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.Ф.Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б.ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.
Літ.:
Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;
Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.