МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб.арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт.зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.
Тв.:
Циники. М., 1990;
Бритый человек. М., 1991;
Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВЫХ (сапр.Баранаў) Сымон Якаўлевіч
(1.9.1900, в. Рудкова Уздзенскага р-на Мінскай вобласці — 10.11.1942),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). У 1936 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1927. У апавяданнях (зб. «Злосць», 1930) узнавіў сцэны вясковага побыту, сял. працы, эпізоды барацьбы супраць польск. інтэрвентаў. У аповесцях «Чужая зямля» (друк. ў 1929 пад назвай «На абрэзках зямлі»; асобнае выд. 1930), «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (пад назвай «Два канцы», апубл. 1931—32; асобнае выд. 1936), адлюстраваў класавую барацьбу на вёсцы ў 1920-я г. і ў час калектывізацыі. На вострых сац. канфліктах пабудавана прыгодніцкая аповесць для дзяцей «Пастка» (1934) і раман «Калі ўзыходзіла сонца» (нап. 1935—36, выд. 1957), у якім паказана дзейнасць маладых рамантыкаў-падпольшчыкаў у бел. гарадку ў час акупацыі польск. войскамі.
Тв.:
Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты. Мн., 1989.
Літ.:
Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр.тв.Мн., 1975. Т. 2;
Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;
Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаў Паўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр.Рублёў) Цімох Міронавіч
(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед.ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна
(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.Адамовіча, В.Карамазава, А.Кудраўца, І.Мележа, І.Пташнікава, М.Стральцова і інш.
Тв.:
Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Юльянавіч; 24.8.1928, Мінск —25.6.1974),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр-маст.ін-т (1959). Пляменнік Я.Купалы. У 1960—74 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працаваў у станковай і кніжнай графіцы. Творы вызначаюцца яснасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнай перадачай унутр. свету персанажа. Стварыў іл. паводле паэм Я.Купалы «Бандароўна» (1952, 1959), «Зімою» (1955), «Магіла льва» (1956, 1959), «Тарасова доля» (1958—59); партрэтныя серыі «Перадавыя людзі калгаса «Рассвет» (1961), «Галасы Палесся» (1967), «Палескія камунары» (1969); партрэты бел. пісьменнікаў В.Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А.Пашкевіч), К.Крапівы, Я.Коласа, М.Лынькова, К.Чорнага, П.Броўкі (усе 1960—70-я г.) і інш. Асобнае месца ў яго творчасці займае вобраз Я.Купалы: серыі лістоў «А хто там ідзе?», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу», «Янка Купала на абарончых рубяжах пад Масквой. 1941 год» (усе 1959), серыі партрэтаў паэта (1961—71), карціны «Партрэт Янкі Купалы» (1958), «Янка Купала з моладдзю» (1962). Сярод работ у жывапісе партрэты А.Міцкевіча (1954), бацькі Я.Купалы — Д.А.Луцэвіча, Я.Коласа (абодва 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕІ́ТАЎ (Сагінгалі) (н. 20.11.1917, Акжаікскі р-н Уральскай вобл., Казахстан),
казахскі паэт, літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1961). Скончыў Алма-Ацінскі пед.ін-т (1941). Удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Працуе ў Ін-це л-ры і мастацтва АН Казахстана (з 1961). Друкуецца з 1930-х г. Аўтар паэт. зб-каў «Ад сэрца да сэрца» (1953), «Да вышынь» (1963), «Рэха» (1967), «Я заўсёды з вамі» (1968) і інш. Даследуе каз.-бел. літ. ўзаемасувязі, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка і інш.: арг. «Янка Купала» (1954), «Літаратура беларускага народа» (1955), «Вузы трывалых сувязей» (1965), «Голас народнага трыбуна», «Прачытай і перадай другому» (1982). Беларусі прысвяціў вершы «Балада пра Пінскія балоты», «Магілёў», «Мінск узяты», «Школа», «Канстанцін Заслонаў», «Брэст» і інш., апавяд. і нарысы «Вочы эскадрона», «Паядынак». На каз. мову пераклаў вершы Я.Купалы, М.Танка. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, У.Корбан, В.Рагойша.
Тв.:
Рус.пер. — Капли на тополях. Алма-Ата, 1961;
Сокровенное. Алма-Ата, 1981.
Літ.:
Рагойша В. Дыялогі з палымянай памяццю // Маладосць, 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Вера) (сапр.Сакалова Гертруда Пятроўна; н. 14.1.1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1964). Працавала ў рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва» (1972—77), час. «Беларусь» (1980—83). Друкуецца з 1948. Маладосць і каханне, пачуцці мацярынства, роздум над гісторыяй бацькоўскай зямлі, складанымі і супярэчлівымі праблемамі сучаснасці — асн. матывы лірыкі паэтэсы (зб. «Вочы вясны», 1962, «Белыя пісьмы», 1967, «Высакосны год», 1969, «Альфа», 1978, «Яраслаўна», 1986, і інш.). Паэзія Вярбы рамантычна ўзнёслая, летуценная, не пазбаўленая рэаліст. матываў і вобразаў. Творча пераасэнсоўвае паэтыку і вобразнасць вуснай нар. творчасці. Аўтар ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), прысвечанай В.Харужай і яе паплечнікам, паэмы «Сіняя бухта» (1975) пра сцежкі маленства, родны край, паэм «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, лёс свайго народа), «Снежная горка» (1976) і інш. Верш Вярбы «Ручнікі» стаў папулярнай песняй (муз. М.Пятрэнкі). Піша і для дзяцей (зб. «Пралеска», 1968). Пераклала на бел. мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1976;
Мая маленькая планета. Мн., 1982;
Белыя пісьмы: Вершы, паэмы. Мн., 1987;
Апошні верасень: Выбранае. Вершы і паэмы. Мн., 1995.