«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
літаратурна-мастацкі і навук.-ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў вер. 1920 — студз. 1922 у Мінску на бел. мове. Працягваў традыцыі час. «Рунь». Адлюстроўваў стан бел. грамадскай думкі і маст. л-ры пач. 1920-х г. Друкаваў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Чарота, Я.Журбы, Ц.Гартнага і інш. З літ. спадчыны апублікаваў творы А.Гаруна і К.Каганца. Надрукаваў шэраг крытычных, літ.- і мастацтвазнаўчых артыкулаў Я.Лёсіка, М.Піятуховіча, Г.Гарэцкага, Я.Карскага, Бядулі, А.Раманоўскага і інш. Змяшчаў фотарэпрадукцыі краязнаўчага і культ.-гіст. характару. У рэдагаванні часопіса удзельнічаў Я.Купала. Маст. афармленне першых нумароў Я.Драздовіча. Выйшла 9 нумароў, апошні ў каляровай вокладцы (мастак невядомы).
А.С.Ліс.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
запаведнік у Малдове, на тэр. ўзв. Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс. га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЖЫ́НКІ,
старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАПЕ́РАД»,
газета дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 12.12.1929—3.10.1930 у Вільні на бел. мове раз у тыдзень. Асн. задачай рэдакцыя лічыла аб’яднанне разрозненых у выніку рэпрэсій урада Ю.Пілсудскага сіл бел. вызв. руху, стварэнне адзінага бел. нац. фронту. Асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця ў краіне і за яе межамі, выкрывала палітыку польск. ўрада ў справе насаджэння на бел. землях асадніцтва, адстойвала інтарэсы бел. працоўных перад адміністрацыяй. Змясціла статут Цэнтр. саюза бел. культ. і гасп. арг-цый і інфармацыю пра яго 1-ы з’езд. Друкавала асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. філас.-літ. эсэ «Янка Купала». Выйшаў 31 нумар. Закрыта ў сувязі з фін. цяжкасцямі выдаўцоў.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́Д»,
газета, орган Бел. сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел. нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел. вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.А.Любіч-Маеўскага, ліст А.Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел. нац. к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́НКА,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.
Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.
П.Л.Лабанок.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)