ВОТРУБ’ЕПАДО́БНЫ ЛІША́Й, рознакаляровы лішай,

мікозная хвароба скуры чалавека. Выклікаецца грыбком Pityrosporum orbiculare. Найчасцей бывае ў людзей з павышанай патлівасцю ці з цяжкімі хранічнымі хваробамі лёгкіх, цукровым дыябетам, туберкулёзам, себарэяй. Інкубацыйны перыяд 2—8 тыдняў. Прыкметы: на скуры грудзей, спіны, часам на інш. частках цела з’яўляюцца разнастайных памераў вотруб’епадобныя плямы, светла- або цёмна-карычневага колеру з лускавінкамі. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МРЫ,

археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІВЕРДЗІ́Н,

C33H34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАВА-ХМЫ́ЗНІКАВА (Тамара Ігнатаўна) (12.6.1944, в. Сіроціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.7.1991),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Сярод габеленаў: «Восень», «Сонца», «На жніўным полі», «Гурзуф» і інш. (усе 1970-я г.). Працавала таксама гуашшу. Творы вылучаюцца экспрэсіяй, філасафічнасцю, абвостраным пачуццём колеру.

Н.​В.​Пілюзіна.

Т.Гаўрылава-Хмызнікава. Гурзуф. 1970-я г.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),

мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.

Гіяцынт.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЛА́,

антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎБА́СНАЕ ДРЭ́ВА (Kigelia pinnata),

кветкавая расліна сям. бігноніевых. Пашырана ў трапічнай Афрыцы.

Дрэва з шырокай цяністай кронай, лісце ў сухі сезон ападае. Цвіце перад ці ў час распускання лісця буйнымі чырв. кветкамі, што апыляюцца птушкамі-нектарніцамі Плод — буйная каробачка (даўж. 30—60 см, таўшчыня 7—9 см), якая па форме і колеру нагадвае ліверную каўбасу (адсюль назва), мае доўгую, амаль да зямлі, кветаножку.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́Т,

астатак пасля атм. перагонкі нафты (адгонкі бензінавых, газавых і газойлевых фракцый). Густая вадкасць цёмна-рудога колеру, шчыльн. 890—1000 кг/м³, т-ра застывання 10—40 °C, цеплата згарання 39,4—40,7 МДж/кг. Выхад М. складае 50% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць як вадкае кацельнае паліва, прадукты вакуумнай дыстыляцыі М. — як сыравіну для атрымання маторнага паліва, змазачных масел. Гл. таксама Гудрон.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,

неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + ​1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ХТАВЫ БАЛЬЗА́М,

прадукт перапрацоўкі жывіцы піхты сібірскай ці каўказскай. Атрымліваюць адгонкай шкіпінару з ачышчанай і абязводжанай жывіцы. Празрыстая светла-жоўтага колеру вязкая вадкасць ці цвёрдае рэчыва (т-ра размякчэння 65—75 °C). Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, этаноле, араматычных вуглевадародах, рыцыне. Выкарыстоўваюць для склейвання аптычнага шкла і вырабу мікрапрэпаратаў, лячэбны П.б. (раствор П.б. ў рыцыне) як лек. сродак з танізавальнымі і біягеннастымулюючымі ўласцівасцямі.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)