РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),

князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ II Аўгуст

(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.

Літ.:

Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;

Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;

Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт II Аўгуст.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял. кн. ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.

А.​А.​Ярашэвіч.

Царква Ануфрыеўскага манастыра.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ПРА́ВА,

своеасаблівы юрыдычны статут гар. саслоўя, які ў адпаведнасці з нормамі магдэбургскага права сфарміраваўся ў г. Орша на працягу 14—17 ст. Органы самакіравання Оршы зацверджаны вял. князем у 16 ст. У 1620 горад атрымаў прывілей на поўнае магдэбургскае права, на падставе якога аршанцы ў сак. 1621 склалі ўласны статут з 23 раздзелаў. Статут рэгуляваў дзейнасць гар. рады, яе судовыя функцыі, маёмасныя і асабістыя адносіны жыхароў горада. Аршанскае права аспрэчвала юрыд. аўтарытэт магдэбургскага права, адхіляла тыя яго нормы, якія не адпавядалі ўмовам жыцця бел. горада 17 ст., а таксама ўстарэлыя нормы вечавога права. Патрэбныя нормы былі ўзяты са Статута ВКЛ 1588, статутаў Вільні і Кракава, пастаноў соймаў і вопыту тагачаснага гар. жыцця.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),

палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.​Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.​Касінскага, С.​Налівайкі.

Літ.:

Костомаров Н.И. К.​К.​Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.

К.В.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 17 ст.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛА́ДНІЦТВА,

пераход дзярж. цяглых людзей да феадалаў у Рус. дзяржаве 13 — пач. 18 ст. Каб пазбавіцца цяжкіх дзярж. падаткаў і павіннасцей, збяднелыя сяляне і гараджане дамаўляліся («закладваліся») з феадаламі перайсці да іх, калі будуць зменшаны павіннасці. Пры гэтым закладнікі трацілі асабістую свабоду і траплялі ў залежнасць да феадала. Упершыню З. ўпамінаецца ў дагаворнай грамаце 1266 Ноўгарада з цвярскім князем. Урад, не задаволены памяншэннем даходаў ад скарачэння цяглых сялян, Судзебнікам 1550 забараніў гандл. людзям «закладвацца» за манастыры, а ў 1584 — свецкім феадалам прымаць закладнікаў. Пастановы 1619, 1638 абавязалі закладнікаў вярнуцца на старыя месцы. З. фармальна забаронена Саборным улажэннем 1649, аднак існавала да пач. 18 ст. Дакументы 15—16 ст. сведчаць пра існаванне З. і на Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НСКІЯ,

княжацкі род у Расіі і ВКЛ. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:

Іван Уладзіміравіч (? — каля 1430), уладальнік Пронска. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя ВКЛ Вітаўта. Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча, намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча, ваявода кіеўскі з 1544. Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550 — каля 1595), сын Сямёна Глебавіча, стольнік ВКЛ у 1576—88, староста луцкі з 1580, кашталян трокскі з 1591. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. На яго сынах род П. у ВКЛ згас.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),

Георгій Чорны (сапр. Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в. Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс. чал., у палон трапіла 1 тыс. чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.

Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.​Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)