МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.
Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал.знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук.б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.
Л.А.Карнілава.
Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал.знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял.Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс.экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал.знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп.патрыят. арг-цый у Вял.Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.Багдановіча, Дом рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦК (летапісны Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск),
старажытны горад Полацкай зямлі. Знаходзіўся каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Узнік на высокім правым беразе р. Друць на адным з адгалінаванняў шляху«з варагаў у грэкі». Паводле сведчання Друцкага евангелля 14 ст., існаваў ужо ў канцы 10 ст. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1092. З 1-й пал. 12 ст. цэнтр Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1116 разбураны войскамі паўд.-рус. князёў. З 1180 уцягнуты ў барацьбу смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найб. росквіту дасягнуў у 1230—40-я г. З 13 ст. ў складзе ВКЛ. З 14 ст. існаваў Друцкі замак.
Новы прамы шлях з Вільні ў Маскву праз Талачын паскорыў заняпад Д.
Дзядзінец стараж. Д. (пл. каля 1 га) быў умацаваны валам і ровам. З Пн да дзядзінца прымыкаў вакольны горад, умацаваны таксама валам і ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы з сістэмай двайных брам і сцены-гародні. За сценамі горада размяшчаўся неўмацаваны пасад. Археал. раскопкі Д. праводзілі ў 1930 А.Дз.Каваленя, у 1956—62, 1965, 1967 Л.В.Аляксееў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРСЦЁНАК,
упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),
1) у Візантыі любы наёмны воін.
2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл.Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).
Літ.:
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Йу Вільні,
Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І.І.Луцкевіча. Існаваў у 1921—45. Засн. на базе прыватнай калекцыі бел. этнографа і археолага І.Луцкевіча і інш. матэрыялаў. Размяшчаўся ў будынку б. базыльянскага кляштара, належаў Бел.навук. т-ву. Меў 5 экспазіц. залаў, архіў і б-ку з кнігазбораў І.Луцкевіча, Е.Р.Раманава, Б.Даніловіча (больш за 14 тыс. тамоў). Зберагаліся калекцыі: археалагічная (знаходкі з раскопак у 18 паветах на тэр. Беларусі, у т. л. пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў), сфрагістычная (103 пячаткі розных часоў, у т. л. пячатка Міндоўга), нумізматычная, медалёў і крыжоў (медныя крыжы 11 ст., амулет-змеявік), слуцкіх паясоў, дываноў і інш. вырабаў Гродзенскай, Нясвіжскай і Слуцкай мануфактур, бел.нар.муз. Інструментаў, твораў нар. разьбяроў, стараж. зброі (панцыры воіна і каня, кальчугі, крыжацкі меч, прадметы ўзбраення бел. сялян), рукапісных кніг і старадрукаў (ілюстраванае Жухавіцкае евангелле 14 ст., пражскія выданні Ф.Скарыны, кнігі з друкарняў у Вільні, Куцейне, Еўі, Лоску, Нясвіжы, Слуцку і інш.), старадаўняга адзення; карціны бел. мастакоў. Пасля закрыцця музея большасць яго збораў перададзена ў Гіст.-этнагр. музей Літвы і Цэнтр. б-ку АН Літвы, астатнія — у Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва і Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі.
Літ.:
Луцкевіч А. Беларускі музей імені Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпр. Выд. 1992);
Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб.стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл.Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).