эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт.Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт.Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт.Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт.Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт.Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт.Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт.Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт.Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт.Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт.Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт.Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт.Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт.Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт.Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт.Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІЯ (Slovensko),
Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкі нац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Да арт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Да арт.Славакія. Высокія Татры зімой.Да арт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Да арт.Славакія. Замак у Бойніцах.Да арт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Да арт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Да арт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Да арт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Да арт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Да арт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Да арт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Да арт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Да арт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Да арт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Да арт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.