ФАРТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. fortificatio умацаванне),

галіна ваенна-інжынернай справы, якая займаецца тэорыяй і практыкай будаўніцтва фартыфікацыйных аб’ектаў, іх выкарыстаннем у мірны і ваенны час. Ф. падзяляецца на вайск. (палявую, або часовую) і доўгатэрміновую. Вайсковая Ф. распрацоўвае пытанні (звычайна ў ваен. час) абсталявання пазіцый, палос, рубяжоў абароны і інш. фартыфікацыйных збудаванняў, доўгатэрміновая — займаецца фартыфікацыйным абсталяваннем тэатра ваен. дзеянняў і тэр. краіны (у мірны і ваен. час).

Абарончыя ўмацаванні вядомы з глыбокай старажытнасці. Са з’яўленнем дзяржаў і армій яны выкарыстоўваліся для забеспячэння баявых дзеянняў войск і абароны населеных пунктаў. З развіццём ваен. майстэрства, ваен. і буд. тэхнікі ўмацаванні ўдасканальваліся: ствараліся крэпасці з дрэваземлянымі і мураванымі сценамі. Больш складаныя ўмацаванні будавалі вакол нас. пунктаў ці ўздоўж дзярж. граніцы; з іх найб. вядомыя рымскія валы, Вялікая кітайская сцяна і інш. Для абароны войск у палявых умовах ствараліся палявыя ўмацаванні (гл. Лагер, Лагер рымскі, Умацаваны лагер). У 10—11 ст. гарады Еўропы, у т. л. Беларусі, мелі розныя ўмацаванні. якія ў 11—12 ст. сталі больш дасканалымі: апрача земляных валоў і равоў узводзілі зрубы, вежы (баявыя, вартавыя), умацаваныя брамы і інш. У 13 ст. на бел. землях пачалі будаваць мураваныя вежы-данжоны (у Брэсце, Камянцы. Навагрудку, Тураве, Гродне, Полацку, Шклове), амаль адначасова ў сувязі з нападамі на бел. землі крыжакоў (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.) узводзіліся мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гродне. З 15 ст. ў ВКЛ пачалося будаўніцтва прыватных замкаў, пераважна драўляных крэпасцей (каля 40). Некат. магнаты і ваяводы будавалі мураваныя замкі (у Міры, Геранёнах. Любчы, Іказні. Гайцюнішках).

З 16 ст. на землях Беларусі сталі ўзводзіць бастыённыя замкі, у буд-ве якіх увасобіліся перадавыя ідэі еўрап. ваен. інжынераў [Нясвіж, Заслаўе, Слуцк, Ляхавічы, Гальшаны, Каралін, Жабер (Драгічынскі р-н), Маладзечна, Высокае, Мядзел]. Развіццё Ф. ў ВКЛ, Расіі, ЗША і інш. краінах у 18—20 ст. звязана з імёнамі вядомых ваен. інжынераў Я.Ясінскага (стваральнік Корпуса інжынераў літоўскіх), Т.Касцюшкі (стваральнік найвялікшых цытадэлей і Ф. у ЗША), К.​І.​Вялічкі (аўтар праектаў умацаванняў Петраграда, Уладзівастока і інш.; з 1910 гал. рэд. ваен. энцыклапедыі), К.А.Шыльдэра, Э.І.Татлебена, Н.​А.​Буйніцкага, А.​З.​Целякоўскага, Дз.М.Карбышава і інш. Да пач. 20 ст. асн. сродкам умацавання мясцовасці былі крэпасці (гл. Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць). З’яўленне масавых армій, узброеных магутнай артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, хім. сродкамі і інш., патрабавала стварэння сістэмы суцэльных умацаваных ліній (палос; гл. «Мажыно лінія»; «Манергейма лінія»; у СССР — т.зв. «Лінія Сталіна» і «Лінія Молатава»), якія часткова былі пабудаваны або будаваліся ў 1920 — пач. 40-х г. (гл. Умацаваны раён). Пасля 2-й сусв. вайны прыкрыццё дзярж. граніцы выконвалі ў асн. агульнавайск. часці і злучэнні, таму характар і формы абсталяваных пазіцый у прыгранічнай паласе былі блізкія да вайск. (палявой) абароны. З сярэдзіны 20 ст. ў сувязі з распрацоўкай манеўраных аперацый з выкарыстаннем ядз. зброі і інш. сучасных узбраенняў, скарачэннем часу на падрыхтоўку баявых дзеянняў войск, фартыфікацыйныя збудаванні набылі новыя якасці: яны сталі высокатранспартабельныя, шматразовага выкарыстання, маюць высокія ахоўныя магчымасці ад сродкаў паражэння, хутка ўзводзяцца і інш.

Літ.:

Карбышев Д.М. Избранные научные труды. М., 1962;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Чекалин В.С., Варенышев Б.В. Фортификационное оборудование местности. М., 1974;

Шперк В.Ф. История фортификации. М., 1957;

Кумпф В. Организация Тодта в войне // Итоги Второй мировой войны: Пер. с нем. СПб.;

М., 1998;

Rawski T. Kościuszko — wódz // Studia materjały do historii wojskowości. Warszawa, 1968. T. 14, cz. 1.

В.​В.​Балута, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)