ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКІ,

вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).

Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТУ́НІЧЫ,

вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).

Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.​Судзімонтавічу, С.​Б.​Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял. Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.​Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),

старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл. арт. Камяні).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́І Вялікія і Малыя,

дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б. ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЫ,

гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. За 40 км ад Браслава, 30 км ад чыг. ст. Гадуцішкі на лініі Лынтупы—Варапаева, на аўтадарозе Паставы—Даўгаўпілс. 2,3 тыс. ж. (1995).

Вядомы з сярэдзіны 15 ст. Належалі Нарушэвічам, А.​Гаштольду, Пацам, Ваўжэцкім і інш. У 1481 тут пабудаваны касцёл, пры ім існаваў шпіталь. З 16 ст. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У пач. 18 ст. езуіты адкрылі ў Відзах касцёл, рэзідэнцыю, школу. У 1794 у Відзах 1270 ж., у 1825 — 822 жыхары. З 1843 заштатны горад Ковенскай губ., цэнтр воласці. У 1860 — 3498 ж., у 1893 — 5800 жыхароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Відзскага раёна. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Відзах і раёне 4154 чал. З 1960 у Браслаўскім р-не. У 1969 у Відзах 2,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Помнікі архітэктуры — Відзская царква (1910), Відзскі Троіцкі касцёл (1914). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Анатоль Валянцінавіч) (25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),

бел. графік. Сын В.​В.​Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.​Коласа, «Баранаў Васіль» А.​Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.​Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.​Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.​Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.​Лынькова, зборнікі бел. нар. казак у апрацоўцы А.​Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.

А.В.Волкаў. Першага верасня. 1950.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,

старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)