Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),
грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К, губа авечая,
хрушч (Albatrellus ovinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.
Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖЫК (Lactarius deliciosus),
шапкавы базідыяльны грыбсям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліп. па вер. трапляюцца 2 формы Р.: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У Р. хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У Р. яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя. Ножка полая, цыліндрычная. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя. Каштоўны ядомы грыб. Іл.гл. да арт.Млечнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАФО́НЫ [ад гама... + ...фон(ы)],
словы, аднолькавыя паводле гучання, але розныя па напісанні і значэнні. Параўн.: «грыб — грып», «род — рот», «везці — весці», «код — кот». Амафанія — звычайна вынік супадзення ў гучанні асобных формаў слова.
базідыяльны грыб з роду спарасіссям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.
Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.