БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАНО́ЖКА (Polypodium),

род папарацей сям. мнаганожкавых. 75 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. звычайная, або папараць салодкая (P. vulgare). Занесена ў Чырв. кнігу, знаходзіцца ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсх. мяжы еўрап. фрагмента арэала. Трапляецца невял. групамі па схілах грунтавых агаленняў берагоў рэк, азёр, радзей на пнях, паваленых дрэвах і інш.

Мнаганожка звычайная.

Шматгадовыя травяністыя эпіфітныя і наземныя расліны з доўгім галінастым карэнішчам, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі. Скурыстае чаранковае лісце адыходзіць ад яго радамі (адсюль назва). Лісцевыя пласцінкі падоўжана-ланцэтныя, перыста-раздзельныя. Сорусы (кучкі спарангіяў) круглаватыя або авальныя, размешчаны пасярэдзіне ці па краі сегментаў ніжняга боку пласцінкі. Дэкар., лек., дубільныя расліны.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас. р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.

А.​В.​Іоў.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ДЗІГЕР Уладзімір Раманавіч (13.2.1878, г. Руза Маскоўскай вобл., Расія — 8.1.1971),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Д-р с.-г. н. (1937). Скончыў Варшаўскі ун-т (1903) і Маскоўскі с.-г. ін-т (1906). У 1912—15 адзін з арганізатараў першай доследнай балотнай станцыі на Палессі. З 1928 праф. у БСГА, у 1938—49 у н.-д. ін-тах Сярэдняй Азіі. Навук. працы па пытаннях асушэння зямель, кратовага дрэнажу, дынамікі руху грунтавых вод, арашэння паводкавымі водамі.

Тв.:

О болотах Полесья и естественных методах их культуры. Самара, 1917;

К вопросу об орошении болот. М., 1925;

Подпочвенное орошение по кротовым дренам. М., 1965.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАЗЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-я пал. 12—10 ст. да нашай эры) на тэр. стэпавай зоны Паўн. Прычарнамор’я (Украіна). Назва ад паселішча на беразе Белазерскага лімана каля г. Каменка-Дняпроўская (Запарожская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных глінабітных жытлах з каменнымі падмуркамі і паўзямлянках. Аснова гаспадаркі — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых (большасць) і курганных могільніках. Характэрны грубыя кухонныя гаршкі з наляпнымі валікамі і глянцаваны сталовы посуд, арнаментаваны канелюрамі, зубчатым штампам. Магчыма, носьбітамі Белазерскай культуры былі іранцы. Большасць даследчыкаў разглядае Белазерскую культуру як этап позназрубавай культуры, некаторыя — як позні этап сабацінаўскай культуры або як асобную культуру, блізкую да помнікаў тыпу фракійскага гальштата.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. indicatio указанне) біялагічная, выяўленне і ідэнтыфікацыя, вызначэнне агульнага характару ці ўласцівасцей прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Існуе І. біягеахім., геабат., экалагічная, маніторынг і інш. Стан, пэўныя колькасныя і якасныя ўласцівасці, экалагічныя ўмовы навакольнага прыроднага асяроддзя (напр., ступень і характар яго забруджвання, размяшчэнне ўзроўню грунтавых вод і інш.) вызначаюць пры дапамозе біяіндыкатараў. Засноўваецца на аналізе паводзінскіх рэакцый, морфафізіял., біяхім., генет. і інш. асаблівасцей жывых арганізмаў (напр., наяўнасць у вадзе лічынак шыцікаў сведчыць пра чысціню вадаёмаў, хіранамід — пра моцнае забруджванне; некат. віды фіялак з’яўляюцца І. павышанай колькасці цынку ў глебе).

Літ.:

Галактионов С.Г., Юрин В.М. Водоросль сигнализирует об опасности. Мн., 1980;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЧЫНА (Палубарынава-Кочына) Пелагея Якаўлеўна

(н. 13.5. 1899, г. Астрахань, Расія),

расійскі вучоны ў галіне гідрадынамікі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыла Петраградскі ун-т (1921). З 1919 у Гал. геафіз. абсерваторыі. З 1925 у ВНУ Ленінграда, з 1935 у НДІ Рас. АН. Навук. працы па тэорыі фільтрацыі, дынамічнай метэаралогіі, тэорыі прыліваў. Рашыла шэраг задач, звязаных з рухам грунтавых вод і нафты ў сітаватым асяроддзі. Рэдактар першага збору твораў С.​В.​Кавалеўскай. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Воспоминания. М., 1974;

Теория движения грунтовых вод. 2 изд. М., 1977;

С.​В.​Ковалевская, 1850—1891. М., 1981;

Карл Вейерштрасс, 1815—1897. М., 1985.

Літ.:

П.​Я.​Кочина. М., 1977.

П.Я.Кочына.

т. 8, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],

расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл. Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТО́ЙЛІВАСЦЬ ЗБУДАВА́ННЯЎ,

здольнасць збудаванняў процістаяць намаганням, якія імкнуцца вывесці іх са стану статычнай або дынамічнай раўнавагі.

Страта агульнай устойлівасці магчыма ў выніку зруху збудавання па падмурку ад нераўнамернай асадкі фундамента, а таксама пад дзеяннем дынамічных (сейсмічных, ветравых), гідрастатычных, грунтавых гарыз. сіл (нагрузак). Пераход збудавання з устойлівага стану ў няўстойлівы наз. стратай устойлівасці, мяжа гэтага пераходу — крытычным станам збудавання, а адпаведныя нагрузкі — крытычнымі. У выніку ■ страты ўстойлівасці звычайна адбываецца зрух (слізганне) або перакульванне збудавання. Рэзерв У.з. вызначаецца разлікам, пры якім дзейныя на збудаванне гарыз. сілы параўноўваюць з сіламі, што ўтрымліваюць яго ў нерухомым стане (сіламі трэння, счаплення). Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.

Літ.:

Строительная механика. Динамика и устойчивость сооружений. М., 1984.

М.​К.​Балыкін.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)