КЛАДАГЕНЕ́З (ад грэч. klados галіна + ...генез),

форма эвалюцыі арганізмаў, што праз адаптыўную радыяцыю прыводзіць да ўтварэння з адной групы (таксона) некалькіх у межах папярэдняга ўзроўню арганізацыі. Тэрмін «К.» прапанаваны ням. біёлагам Б.​Рэншам (1947). Уключае ўсякае павелічэнне разнастайнасці форм у працэсе эвалюцыі. Паняцце К. блізкае да ідыяадаптацыі.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ,

галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае фактары і заканамернасці размяшчэння, умовы і асаблівасці развіцця прам-сці ў розных краінах і раёнах. Падзяляецца на агульную, рэгіянальную і геаграфію галін прам-сці. Агульная геаграфія прамысловасці даследуе заканамернасці фарміравання тэр. структуры прам-сці, выяўляе месца прам-сці ў геагр. (тэрытарыяльным) падзеле працы, яе становішча сярод інш. галін вытв-сці ў агульнай сістэме нар. гаспадаркі. Рэгіянальная геаграфія прамысловасці вывучае прамысл. вытв-сць у складзе прамысл. цэнтраў і вузлоў, раёнаў, краін, гіст.-геагр. асаблівасці яе фарміравання, характар яе галіновай структуры, грамадска-эканам. і прыродныя ўмовы размяшчэння з мэтай планавання і развіцця прамысл. вытв-сці. Геаграфія галін прамысловасці вывучае размяшчэнне прадпрыемстваў асобных галін прам-сці. На Беларусі геаграфія прамысловасці, як галіна эканам. геаграфіі, пачала развівацца ў 1920-я г. (Г.І.Гарэцкі, А.А.Смоліч, Р.​Рак, М.​Ярашэвіч, Ярмашэвіч і інш.).

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКШЭЙДЭРЫ́Я (ням. Markscheiderei ад Mark мяжа + scheiden раздзяляць),

галіна горнай навукі, звязаная з прасторава-геам. вымярэннямі (маркшэйдэрскімі здымкамі) у нетрах Зямлі або на ўчастках яе паверхні пры распрацоўцы і эксплуатацыі радовішчаў карысных выкапняў і горных работах. Маркшэйдэрскія работы выконваюць з дапамогай дальнамераў, нівеліраў, тэадалітаў, лазерных прылад і інш.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля берагоў Паўд. Амерыкі, галіна Паўднёва-Пасатнага цячэння. Т-ра вады 18—26 °C. Скорасць 1—2 км/гадз. Накіравана ад мыса Сан-Рокі на ПдЗ уздоўж берагоў Бразіліі да 40° паўд. ш., дзе сустракаецца з халоднымі Фалклендскім цячэннем і цячэннем Зах. Вятроў.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

1) раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае пытанні выкарыстання ў буд-ве і архітэктуры бачнай часткі спектра прамянёвай энергіі.

2) Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае эфектыўныя спосабы выкарыстання ультрафіялетавых, бачных і інфрачырвоных выпрамяненняў пры праектаванні будынкаў і агараджальных канструкцый. Уключае метады праектавання і разліку прыроднага асвятлення будынкаў. Гл. таксама Святлатэхніка.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТА (Gotha),

горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія. Вядомы з 10 ст. Каля 70 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкаінстр. і трансп. машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне), гумава-тэхнічная, харчасмакавая, паліграф., хімічная. Традыцыйная галіна — выданне і друкаванне геагр. картаў і атласаў. Картаграфічны музей. Арх. помнікі 16—17 ст.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАМБІ́КСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў Мазамбікскім праліве, у зах. ч. Індыйскага ак.; галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Накіравана на Пд, уздоўж берагоў Афрыкі, дзе пераходзіць у цячэнне Ігольнага Мыса. Скорасць да 2,8 км/гадз (у перыяд з ліст. да крас.). Сярэдняя т-ра вады на паверхні за год да 25 °C.

т. 9, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Паўлаўна) (н. 25.10.1926, С.-Пецярбург),

руская спявачка (сапрана). Нар. арт. Расіі (1961), нар. арт. СССР (1966). Вучылася ў В.​Гарынай. У 1952—74 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аіда, Віялета («Аіда», «Травіята» Дж.​Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.​Пучыні). Упершыню на маск. сцэне выканала монаоперу «Чалавечы голас» Ф.​Пуленка. Першая ўвасобіла вобразы Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна) і Наташы Растовай («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Здымалася ў фільме-оперы «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча, выступала як драм. актрыса. Як канцэртная і камерная спявачка выконвала вак. творы П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага, Шастаковіча і інш., часта з мужам М.Растраповічам (акампанемент фп.). Ёй прысвечаны творы Шастаковіча, Б.​Брытэна. З 1974 жыве ў Парыжы. Аўтар кн. «Галіна. Гісторыя жыцця» (1991).

Г.Вішнеўская ў ролі Тоскі.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.​Ф.​Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес. пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.

Літ.:

Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ. М., 1984;

Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)