КА́ЎКА (Cauca),

рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Пачынаецца на Пд Цэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́НГА (Cubango),

Акаванга (Okavango), рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЧЭГДА,

рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл. бас. 121 тыс. км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ТКА,

рака ў еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі, ва Удмурціі, Кіраўскай вобл. і Татарстане, правы прыток Камы. Даўж. 1314 км, пл. бас. 129 тыс. км². Пачынаецца на Верхнякамскім узв. Тыпова раўнінная рака, звілістая на ўсім працягу. У рэчышчы частыя завалы, на пойме шмат азёр і старыц. Асн. прытокі: Кобра, Малома, Піжма (справа), Чапца, Кільмезь (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 890 м³/с. Сплаўная. Суднаходная да г. Кіраў (700 км), вясной да прыстані Кірс (1000 км). Гал. прыстані: Кіраў, Кацельніч, Савецкі, Вяцкія Паляны.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЕ,

горад у Японіі, на З в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хіёга. 1,5 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у заліве Осака Унутранага Японскага мора (гадавы грузаабарот больш за 150 млн. т, каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Буйны прамысл. цэнтр. Развіты металургія, трансп. машынабудаванне, у т. л. суднаверфі (каля 30% танажу будуемых у краіне суднаў), чорная металургія, маш.-буд., у т. л. самалётабудаванне, эл.-тэхн., гумавая, харч., хім., ваенная, тэкст. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты. Мастацкі музей. Турызм. У 1995 пацярпеў ад землетрасення.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМА́,

рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м​3/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. На М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕН-АНЖУ́,

парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі скрыжаваннем парод мансель (мясц.) і дурхен (англ.). Гадуюць у Францыі. На Беларусі — у доследна-племянной гаспадарцы «Куранец» Вілейскага р-на.

Касцяк і галава цяжкія, лоб шырокі, шыя тоўстая, кароткая, тулава шырокае, доўгае, спіна прамая, грудзі глыбокія, паясніца кароткая, крыж доўгі, мясныя формы добра выяўленыя. Масць чырв., чырв.-пярэстая. Маса кароў 750—900, бугаёў 1200—1350 кг Скараспелыя. Мяса высокай якасці. Сярэдні гадавы надой 2,9 т (рэкордны 3,8 т). Непатрабавальныя да кармоў.

П.​П.​Ракецкі.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБУЛЬЕ́,

група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.

Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)